velikol.ru
  1 2 3 4
^ ГЛАВА ІІ.

УКРАІНА Ў СКЛАДЗЕ ВКЛ ВА ЎМОВАХ ПАЛІТЫКІ ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ І НАРАСТАННЯ ШЛЯХЕЦКАГА РУХУ


У сярэдзіне ХV большая частка украінскіх земляў усё яшчэ знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Гэта былі Валынь, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына. Ноўгарад-Северская зямля, усходнеукраінскія тэрыторыі (Палтава, Харкаў і інш.), а таксама вялікія тэрыторыі на поўдні – малазаселенае Дзікае Поле. З гэтых земляў вылучаўся статус Валыні і Кіеўшчыны, якія з’яўляліся апошнімі аўтаномнымі княствамі на тэрыторыі Украіны. Цэнтралізатарская палітыка, распачатая яшчэ вялікімі князямі Ягайлам (1384 – 1392) і Вітаўтам (1392 – 1430), дала свій плён: усе княствы на тэрыторыі ВКЛ былі ліквідаваны, але пасля выступлення шляхты, вядомага як паўстанне Свідрыгайлы, і спробы стварыць асобнае Вялікае княства Рускае цэнтральная ўлада пайшла на саступкі украінскім феадалам, у асноўным, праваслаўнай і антыпольскай арыентацыі, аднавіўшы аўтаноміі.

Валынскае княства, што ўжо зыйшло да становішча простага намесніцтва, было адноўлена князем Свідрыгайлам у 1430-х гг. і з’яўлялася ў пэўным сэнсе аскепкам Вялікага княства Рускага, якое так і не здолела ўсталявацца ў якасці самастойнай дзяржавы. На чале Валынскага княства стаяў Свідрыгайла, які па кампраміснай дамове з урадам новага Вялікага князя Казіміра атрымліваў Валынь у пажыццёвае валоданне і карыстаўся тытулам Вялікі князь. Яго ўлада абапіралася на князёў з шэрагу буйных арыстакратычных родаў (як з Гедымінавічаў, так і з Рурыкавічаў), якія мелі вялікія зямельныя ўладанні. Так, латыфундыі князёў Астрожскіх – аднаго з найуплывовейшых кланаў Украіны – займалі да трэці Валыні [52, с.112]. Князі прыносілі Вялікаму князю Свідрыгайле васальную прысягу і дапамагалі войскам. Пры гэтым, хоць і нельга казаць пра атсутнасць пэўнага агульназямельнага заканадаўства, у сваіх землях князі мелі фактычна абсалютную ўладу з поўным правам усталёўваць там адміністрацыйную структуру, сістэму падаткаў і судаводства на свой манер. Усё гэта гаворыць пра архаічнасць дзяржаўнасці Валынскага княства, у якім дзейнічала не столькі пісанае, колькі звычаёвае права. Калі далей разглядаць сацыяльную структуру валынскага грамадства таго часу, то на наступнай прыступцы пасля князёў знаходзіліся паны. У дадзеным выпадку пад гэтым тэрмінам разумеліся землеўласнікі, што мелі ўласную зямлю, якая была атрымана ад продкаў, а не ад князя. Прадстаўнікі дробнай шляхты, што неслі вайсковую службу, называліся зямянамі. Гэты стан таксама лічыўся прывілеяваным, хоць ў яго ўлілося нямала заможных прасталюдзінаў. [52, с.139] Існавала і агульная назва для ўсіх, хто нёс узброеную службу – баяры ці рыцары. Згодна са звычаёвым правам, прадстаўнікі шляхты таксама плацілі падаткі – так зв. падатак крыві.

Адмысловым сацыяльным слоем былі так званыя княжыя слугі, якія былі васаламі ў адносінах да князёў і атрымлівалі ад іх землі за ваенную службу. Спыненне апошняй цягнула за сабою і спыненне валодання зямлёй. Акрамя гэтага, княжыя слугі неслі шэраг павіннасцяў, такіх, як рамонт умацаванняў, суправаджэнне і ўтрыманне сюзерэна падчас яго пераездаў (так зв. гасціннасць) і інш.

Валынскае княства існавала да смерці князя Свідрыгайлы ў 1452 г. Трэба сказаць, што з 1430-х гг. усё больш настойлівымі былі прэтэнзіі палякаў на Валынь і тую частку Падолля, што ўваходзіла ў склад ВКЛ. Пры ўзыходжанні на польскі трон у 1447 г. Казімір у агульназемскім прывілеі станам ВКЛ гарантаваў захаванне і непадзельнасць тэрыторый Вялікага княства Літоўскага ў межах часоў Вітаўта Вялікага. Палякі ж тым часам і не думалі аслабляць сваіх прэтэнзій, што вяло да мноства правакацый з іх боку. Так, хутка пасля ўступлення Казіміра на польскі прастол стараста Падольскі (каронны) Бучацкі захапіў частку Літоўскага Падолля з месцамі Межыбож, Хмельнік і Караул. Кароль, які не жадаў уступаць у канфрантацыю з палякамі, абыйшоўся толькі выказваннем сваёй незадаволенасці. Выказвалі свае прэтэнзіі на спрэчныя тэрыторыі палякі і на супольным з’ездзе станаў Кароны і ВКЛ у Любліне ў 1448 г., але і гэтыя іх захады не прынеслі плёну [35, с.201].

Хронікі Яна Длугаша і Бернарда Вапоўскага распавядаюць пра абвастрэнне прэтэнзій палякаў на Валынь у 1451 г., калі стала вядома пра цяжкі стан здароўя князя Свідрыгайлы [25, с.187; 20, с. 267]. Прадстаўнікі Кароны адправілі ліст да Казіміра з падрабаваннем далучыць Валынь да Польшчы, а ад старасты Луцкага Няміры патрабавалі падтрымаць гэтую справу. Аднак князь Свідрыгайла пры падтрымцы ўплывовых князёў Чартарыйскіх, Астрожскіх і інш. адназначна выступілі на баку ВКЛ. Стараста Няміра таксама пад прысягай паабяцаў перадаць Валынь Вялікаму княству. Па загаду ўрада ВКЛ у Валынь былі ўведзены ўзброеныя сілы на чале з князямі Юрыем Пінскім, Радзівілам Остыкавічам і Юркам. У выніку, пасля смерці князя Свідрыгайлы 10 лютага 1452 г., Валынь засталася ў складзе ВКЛ і стала адным з яго ваяводстваў. Гэта выклікала, безумоўна, адмоўную рэакцыю ў Польшчы, на супольным з’ездзе станаў Польшчы і ВКЛ у Парчове летам 1453 г. з боку палякаў нават гучалі заклікі брацца за зброю, але валынская партыя была тады палякамі праіграна. Валынь яшчэ на больш за сто гадоў засталася ў складзе ВКЛ.

Яшчэ адной аўтаномнай тэрыторыяй у складзе ВКЛ было Кіеўскае княства, адноўленае ў 1440 г. як саступка цэнтральнай улады мясцовай шляхце. Па тэрыторыі гэта была вельмі вялікая зямля ў сярэднім цячэнні Дняпра, у склад якой акрамя Кіева ўваходзілі такія вялікія гарады, як Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Оўруч, Жытомір, Палтава, Чаркасы і Харкаў. Княства падзялялася на дзевяць паветаў. Улада ў княстве была аддадзена князям Алелькавічам – нашчадкам Вялікага князя Літоўскага праз яго сына Уладзіміра, князя Кіеўскага. Такім чынам, аднаўленне ўлады гэтага роду было фактычна наданнем яму яго старой вотчыны. Першым князем Кіеўскім пасля аднаўлення аўтаноміі быў Алелька (Аляксандр) Уладзіміравіч (1440 – 1455), які таксама з’яўляўся князем Слуцкім і адным з самых уплывовых магнатаў ВКЛ. Пра гэта сведчыць і той факт, што жонкай князя Алелькі была дачка Вялікага князя Маскоўскага Васіля І Настасся. Іх старэйшы сын Міхаіл быў выбраны князем у Вялікім Ноўгарадзе, малодшы – Сямён – спадчыннікам Кеўскага княства.

Прыклад умяшальніцтва цэнтральнай улады ў справы кіеўскіх князёў можна бачыць у 1455 г. Пасля смерці князя Алелькі Вялікі князь Казімір перадаў трон яго сыну Сямёну (1455 – 1470) як пажыццёвы лен, пры гэтым яго родзічы, у тым ліку, і сыны, не атрымалі ніякіх праў на гэтае княства, што абумовіла канец яго існавання. Абодва кіеўскія князі спрыялі ўзмацненню сваёй зямлі, пастаянна ваявалі з татарамі, спрыялі стварэнню паўднёвай памежнай абарончай лініі Любеч – Остэр – Каніў – Чаркасы – Звянігарад. Дзейнасць Алелькавічаў была накіравана таксама на падтрымку праваслаўнай царквы і культуры. Кіеў з’яўляўся ў гэты час значным цэнтрам духоўнага жыцця праваслаўных ВКЛ, князі ахвяравалі вялікія сродкі на рэстаўрацыю старых і пабудову новых храмаў. Па ініцыятыве князя Кіеўскага ў 1460-х гг. быў здзейснены пераклад на царкоўна-славянскую мову цэлага шэрагу візантыйскіх, еўрэйскіх і арабскіх хронік і рэлігійных трактатаў.

Кіеўскае княства карысталася ў асноўным звычаёвым правам, хоць тут усё больш і распаўсюджваецца права ВКЛ. Пры гэтым Кіеўскае княства было значна больш цэнтралізавана за Валынскае княства. На чале паветаў стаялі намеснікі і старасты, якія мелі поўную ўладу над насельніцтвам, але пры гэтым прызначаліся князем і падпарадкоўваліся яму.

Станам, колькасць прадстаўнікоў якога ў Кіеўскім княстве пастаянна павялічвалася, былі зямяне, што атрымлівалі зямлю пры ўмове нясення вайсковай службы князю. Большасць зямян пражывала ў паўночнай частцы княства, дзе існавала меншая небяспека з боку татар. Больш нізкім сацыяльным слоем былі баяры – дробная шляхта, якая несла розныя павіннасці (не трэба блытаць з баярамі – вышэйшым арыстакратычным пластам Маскоўскай дзяржавы). Адным з самых адчувальных палітычных пытанняў для Кіеўскага княства была праблема Дзікага Поля. Гэтыя малазаселеныя тэрыторыі на поўдні Украіны апраўдвалі сваю назву. Яны былі месцам засяроджання розных “сумнявальных асоб”, а таксама плацдармам для татарскіх набегаў. З мэтай забеспячэння аховы гэтых тэрыторый княжацкі ўрад праводзіў палітыку засялення іх так званымі коннымі слугамі, у асноўным гэта былі дробныя баяры, якія атрымлівалі тут землі, а за гэта абавязваліся несці вайсковую службу на карысць Кіеўскага княства, што забяспечвала такім чынам некаторую ахову гэтых неспакойных тэрыторый. Трэба сказаць, што сюды імігравала і шмат людзей іншаземнага паходжання: малдаван, палякаў, часам – немцаў, а нярэдка – і хрысціянізаваных татар. Нягледзячы на тое, што сяляне (так зв. людзі) у Кіеўскім княстве былі асабіста свабоднымі, час ад часу адбываліся і іх уцёкі ў Поле. З гэтай стракатай масы людзей з цягам часу пачне фарміравацца казацкі стан. Так Марцін Бельскі, аўтар “Хронікі ўсяго свету” першае прыгадванне пра казакоў адносіць да 1489 г., а пачатак службы казакоў Кароне – да 1516 г. “Толькі з таго часу з’явіліся ў нас казакі”, - піша ён.

Існаванне Кіеўскага княства як аўтаноміі ў часы цэнтралізатарскай палітыкі ВКЛ было архаізмам, і лёс княства быў перадвызначаным. Фармальнай падставай для яго ліквідацыі стала смерць у канцы 1470 г. князя Сямёна Алелькавіча. Па Яну Длугашу, перад смерцю Сямён выслаў Вялікаму князю Казіміру ўласнага каня і лук, што сімвалізавала далучэнне свайму сюзерэну лёсу сваіх валоданняў і родзічаў. Але Казімір не пацвердзіў праў на Кіеў ні малагадоваму сыну Сямёна Уладзіміру, ні малодшаму брату пакойнага князя Міхаілу. У Кіеў былі ўведзены войскі ВКЛ, і княства было ліквідавана. Першым намеснікам у Кіеўскім ваяводстве стаў католік Марцін Гаштольд, які быў родзічам Алелькавічаў, але не карыстаўся падтрымкаю мясцовага насельніцтва, і ў 1475 г. быў вымушаны пакінуць пасаду. Пасля гэтага Вялікі князь пайшоў на саступкі жаданню мясцовых жыхароў мець праваслаўнага ваяводу, і ў 1480 г. прызначыў на гэту пасаду Івана Хадкевіча, які быў адначасова і старастам Луцкім.

Валынскае і Кіеўскае княствы, архаічныя дзяржавы ў дзяржаве, утварыліся як саступка цэнтральнай улады мясцовай шляхце пасля грамадзянскай вайны ў ВКЛ. На чале княстваў стаялі адметныя дзеячы: у Валыні – былы Вялікі князь Літоўскі, папулярны сярод русінскай шляхты Свідрыгайла, у Кіеўшчыне – уплавовыя праваслаўныя князі Алелька і Сямён, якія нават неаднаразова разглядаліся як прэтэндэнты на трон ВКЛ. Ролю украінскай шляхты ў гэтых умовах Н.Якавенка вызначае наступным чынам: “Мясцовая знаць выканала сваю праграму максімум, гэта значыць, дабілася асаблівага статусу ўласных тэрыторый, а іншае яе проста не цікавіла. Цэнтр рускага жыцця замыкаецца на ўнутраных інтарэсах Кіеўскай і Валынскай земляў і засерадаточваецца вакол асобы ўласнага правіцеля-князя” [52, с.148]. Але гэтыя “землі далёкія”, як называлі іх у ВКЛ, не маглі доўга існаваць на асаблівым статусе, і ліквідацыя іх аўтаноміі з узмацненнем цэнтралізатарскай палітыкі ВКЛ з’яўляецца паказальнай.

Цвёрдая палітыка па цэнтралізацыі украінскіх земляў, безумоўна, выклікала незадаволенасць часткі буйных феадалаў. У гэтым сэнсе трэба прыгадаць яшчэ адну падзею, якую М.Грушэўскі называе “змовай рускіх князёў 1481 года” [34, с.346]. Вядома, што князі Іван Гальшанскі, Фёдар Бельскі і Міхаіл Алелькавіч уступілі ў змову між сабой і з Вялікім князем Маскоўскім Іванам ІІІ. З мэтай адарваць свае вялікія валоданні ў басейне ракі Бярэзіны ад ВКЛ і далучыць іх да Маскоўскай дзяржавы. Нельга не заўважыць тое, што ўсе тры князі – праваслаўныя, буйныя латыфундысты і родзічы Вялікага князя. Князь Міхаіл Алелькавіч жа – малодшы брат пакойнага князя Кіеўскага Сямёна, які сам разглядаўся як патэнцыйны кандыдат на гэты тытул. Яшчэ ў мэты змоўшчыкаў уваходзіла, па розных версіях, забойства Вялікага князя Казіміра, ці падчас палявання, ці калі ён прыедзе на вяселле да князя Фёдара Бельскага, а таксама магчымы арышт каралевы Альжбэты. Але, перш чым змоўшчыкі паспелі што-небудзь прадпрыняць, змову выкрылі: Казіміру данеслі пра яе “добрыя людзі”. У выніку князь Фёдар Бельскі паспеў збегчы ў Маскву, а князёў Гальшанскага і Алелькавіча пакаралі смерцю. Дадзеная змова з’яўляецца пэўным прыкладам апазіцыйнасці з боку русінскіх праваслаўных феадалаў і пачатку іх сувязяў з Масквой, якая праводзіла афіцыйную палітыку абароны праваслаўя. Але з іншага боку, нельга не ўлічваць той факт, што на складанне змовы паўплывала ўнутраная барацьба між шляхецкімі групоўкамі за ўладу, а пераходы князёў са сваімі землямі ад ВКЛ да Масквы і наадварот былі даволі частай з’явай.

Яшчэ адной падзеяй, якая ўскалыхнула Вялікае княства Літоўскае і якую трэба прыгадаць у рэчышчы роспавяду пра апазіцыйнасць русінскіх князёў, з’яўляецца так званы мяцеж Міхаіла Глінскага.

Князь Міхаіл Львовіч Глінскі (1470 – 1534) з’яўляўся адным з буйных феадалаў ВКЛ і меў значную зямельную ўласнасць. У яго асобе знайшлі спалучэнне розныя фактары, што адбіваліся на гісторыі тагачаснага Вялікага княства. Русін з татарскімім каранямі, па паходжанню спачатку праваслаўны, ён доўгі час правёў на службе ў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, пабываў у Іспаніі і Італіі, дзе стаў католікам і набыў добрую адукацыю. Па вяртанні ў ВКЛ, ён заняў значнае месца пры двары Вялікага князя Александра (1492 – 1506) і атрымаў пасаду маршалка надворнага. Вядомы князь Глінскі і як выдатны ваеначальнік. Ён атрымаў славу вайсковага героя пасля буйной перамогі над крымчакамі ў Клецкай бітве 1506 г. Глінскі і групоўка яго прыхільнікаў, што склалася вакол яго, стала ўплывовай сілай у Вялікім княстве, што выклікала незадаволенасць значнай часткі вышэйшых ураднікаў. Цікава, што галоўнымі прыхільнікамі Глінскага былі праваслаўныя князі, хоць сам ён быў католікам (можна правесці паралелі з князем Свідрыгайлам – яшчэ адным католікам, папулярным сярод праваслаўных). Глінскага падтрымлівалі князі Друцкія, Мсціслаўскія, Жыжэмскія. Вялікую ролю адыгрывалі і браты самога Міхаіла: Васіль быў ваяводам Брэсцкім, а Іван – ваяводам Кіеўскім (1508).

Пасля смерці ў 1506 г. Вялікага князя Аляксандра на трон узыйшоў яго малодшы брат Жыгімонт Стары (1506 – 1548). Новы манарх па-іншаму ставіўся да групоўкі Глінскага (хадзілі слыхі, што апошні нават хацеў захапіць уладу ў ВКЛ), і пад уплывам варожых яму шляхецкіх груповак зняў князя з усіх пасад. Спробы Міхаіла Глінскага афіцыйнага разбіральніцтва ў адносінах да яго праціўнікаў, адным з галоўных сярод якіх быў ваявода Троцкі Ян Забярэзінскі, вынікаў не мелі.

Князь Глінскі са сваімі прыхільнікамі засеў у родавым маёнтку – Тураве – і запатрабаваў каралеўскага суда. У 1507 г. ВКЛ пачало вайну з Маскоўскай дзяржавай, таму яе гаспадару Васілю ІІІ была карыснай нестабільнасць у суседняй дзяржаве. У выніку князь Глінскі заключыў з Васілём ІІІ пагадненне з мэтай падняць паўстанне і адарваць ад ВКЛ значную частку яго земляў. Дакладна гэтыя тэрыторыі акрэслены не былі, але можна сказаць, што Глінскі прэтэндаваў на вялікую частку беларускіх і украінскіх земляў. У выніку на гэтых тэрыторыях павінна было быць створана самастойнае княства “пад рукою” Масквы (хоць пры суперцэнтралізатарскай палітыцы маскоўскіх князёў межы такой “самастойнасці” з’яўляюцца даволі няпэўнымі). Абапірацца князь быў павінен на сваіх прыхільнікаў, якіх, па Мацею Стрыйкоўскаму, было “ужо вельмі шмат “ і якія “з ахвотай засталіся б з ім [з Глінскім] да канца і дамагаліся таго, што задумалі”.

У пачатку 1508 г. пачаўся мяцеж. Спачатку людзі Глінскага расправіліся з Янам Забярэзінскім: ён быў забіты ў Гродне. Пасля гэтага атрады Глінскага і яго кліянтэлы зрабілі выправу з Турава і захапілі Мазыр, а пасля гэтага на кароткі час занялі Крычаў і Гомель. Сумесна з маскоўскім войскам ваяводы Яўстафія Дашковіча князь Глінскі ўзяў у аблогу Мінск, але захапіць яго так і не здолеў. Таксама атрады Глінскага зрабілі напады на ваколіцы Слуцка і Наваградка. Гэтыя падзеі суправаджаліся ваеннымі дзеяннямі войска ВКЛ з маскоўскім войскам ва ўсходняй частцы ВКЛ. Але пры падыходзе ўрадавага войска ВКЛ атрады Глінскага былі вымушаны адыйсці да Оршы. Рэальна супрацьстаяць вайскам Жыгімонта атрады Глінскага не маглі, да таго ж маскоўскія сілы, якія зразумелі авантурнасць мецяжа, перасталі аказваць яму дапамогу. У выніку выступленне Глінскага было задушана, а сам ён збег у Маскву. Там ён спачатку займаў высокае становішча і нават ваяваў супраць ВКЛ, але пры спробе збегчы назад трапіў у турму на 12 гадоў. Выйшаў ён адтуль толькі пасля таго, як Васіль ІІІ ажаніўся з яго стрыечнай сястрой Аленай, але ў рэшце рэшт па яе ж загаду Глінскі зноў папаў у вязніцу, дзе і памёр.

Змова князёў Гальшанскага, Бельскага і Алелькавіча, а таксама мяцеж князя Глінскага – апошнія сілавыя выступленні праваслаўных феадалаў супраць каталіцкай цэнтральнай улады ВКЛ. Рэлігійныя супярэчнасці тут адыгралі значную ролю, але іх нельга абсалютызаваць. Сваю ролю адыгралі і знешнепалітычны, і, што асабліва важна, асабісты фактар. Асабліва гэта добра бачна на прыкладзе князя Міхаіла Глінскага: мяцеж ён пачаў толькі пасля таго, як быў зняты з высокіх дзяржаўных пасад. Яшчэ адно значнае падцвярджэнне гэтаму – той факт, што нягледзячы на тое, што мяцежнікі ў асноўным былі праваслаўнымі, большасць праваслаўнай шляхты выступленне не падтрымала. Калі на кіеўшчыне, дзе мяцеж паднімаў Васіль Глінскі, выступленне атрымала некаторыя спачуванні, то ў Валыні і большай частцы Беларусі такога не назіралася. Нельга забываць, што і сам Глінскі быў католікам.

Правалы ўзброенных выступленняў канчаткова расчаравалі праваслаўную шляхту ў сілавым метадзе барацьбы за высокае становішча на агульнадзяржаўным узроўні. Аднак і цэнтральная ўлада ВКЛ зрабіла свае вывады. Гэта адлюстроўвалася, у тым ліку, і ў тым, што на асноўныя пасады мясцовай улады ва Украіне сталі прызначацца прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі. Не перашкаджаў урад і росту буйнога княжацкага землеўладання ва ўкраінскіх землях. У выніку большая частка спачатку Валыні, а потым і Цэнтральнай Украіны была падзелена на зоны ўплыву між 8-9 буйнымі княжацкімі родамі, такімі, як князі Астрожскія, Вішнявецкія, Чартарыйскія, Гальшанскія, Заслаўскія, Збаражскія, Сангушкі і інш. Нездарма Н.Якавенка называе гэтыя роды “гаспадарамі Русі”. Саступкі вялікакняжацкай улады праваслаўнай шляхце заключаліся і ў тым, што шэрагам прывілеяў праваслаўныя паступова сталі вяртаць высокае прававое становішча ў ВКЛ. Падрабязней да гэтага мы яшчэ звернемся на працягу дадзенай работы.

Разгледзім падрабязней рэлігійны фактар і становішча праваслаўнай царквы ва украінскіх землях, што належалі ВКЛ. Значная частка палітычных эліт і прадстаўнікоў іншых станаў Вялікага княства Літоўскага былі каталікамі, але большасць насельніцтва заставалася праваслаўнай. Тым больш гэта тычыцца украінскіх земляў, дзе працэсы акаталічвання хоць і існавалі, але былі непараўнальна слабейшымі за падобныя працэсы ў той частцы Украіны, што знаходзілася пад уладай Польшчы. Са старажытных часоў тэрыторыя Русі знаходзілася пад кананічнай юрысдыкцыяй мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Русі, які афіцыйна падпарадкоўваўся і ўзводзіўся на пасаду Канстанцінопальскім Сусветным Патрыярхам. Але са стварэннем побач двух моцных дзяржаў – Вялікага княства Літоўскага, а потым Вялікага княства Маскоўскага, – кожнае з якіх прэтэндавала на галоўную роль у якасці збіральнікаў усіх земляў Русі, з адзінствам мітраполіі сталі ўзнікаць цяжкасці. Мітраполія фактычна аказалася расколатай на дзве асобныя часткі – літоўскую і маскоўскую, хоць традыцыйна яны мелі аднаго і таго ж мітрапаліта. Пры гэтым ён працягваў тытулавацца мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Русі, хоць яго рэзідэнцыя з 20-х гг. ХІV ст. звычайна знаходзілася ў Маскве. Між ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай нярэдка ўзнікалі спрэчкі з-за імкнення кожнага бока зацвердзіць свайго стаўленніка на пасадзе мітрапаліта.

У 1438 г. на Ферара-Фларэнтыйскім саборы была заключана унія між Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якая была зацверджана Папам Яўгенам ІV (1431 – 1447). Далучыўся да уніі і Сусветны Патрыярх Іосіф ІІ (1416 – 1439). Мітрапаліт Кіеўскі Ісідор (1437 – 1442) наведаў Сабор і таксама далучыўся да уніі. Але мітраполія не падзяляла погляды свайго мітрапаліта. Праўда, у ВКЛ Фларэнтыйская унія хоць і не прыжылася, але не выклікала і моцнага супраціўлення. Гэта ж было характэрна як для польскіх, так і для літоўскіх земляў Украіны. Але ў Маскве унію прынялі рашуча варожа, і пасля вяртання Ісідор быў арыштаваны. У выніку ён збег у Рым, зрабіўся там кардыналам і заняў дастаткова высокае становішча пры Прастоле Св. Пятра. А ў Маскве новым мітрапалітам быў зацверджаны Іона (1448 – 1461). Гэта было зроблена без дазволу Канстанцінопальскага Патрыярха, уладу якога Масква не хацела прызнаваць, бо ён стаў уніятам. У ВКЛ, у сваю чаргу, працягвалі прызнаваць верхавенства Канстанцінопальскага Патрыярха і не прызналі Іону. У 1458 г. Сусветны Патрыярх Ісідор ІІ (1456 – 1462) сумеснай булай з новым Папам Піям ІІ (1458 – 1464) абвясцілі на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы асобную ад Масквы мітраполію, кіраўнік якой меў тытулатуру мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі і кафедру ў Вільні. Мітрапалітам быў пастаўлены Рыгор ІІ Балгарыяновіч (1458 – 1473). Балгарын па нацыянальнасці, ён з’яўляўся вучнем мітрапаліта Ісідора і ў далейшым шмат зрабіў для станаўлення асобнай ад Масквы праваслаўнай мітраполіі. Сярод наступных мітрапалітаў Кіеўскіх трэба адзначыць дзейнасць Св. Макарыя І (1494 – 1497). Ён адстойваў інтарэсы праваслаўнай царквы перад урадам, будаваў новыя і займаўся рэстаўрацыяй старых храмаў. У 1497 г. Макарый І адправіўся ў Кіеў для, сярод іншага, і рашэння пытанняў рэстаўрацыі сабора Св. Сафіі. 1 мая 1497 г. ён загінуў ад рук татар падчас набажэнства ў сяле Стрыгалава на беразе Прыпяці. Макарый І быў кананізаваны ў якасці свяшчэннапакутніка і пахаваны ў саборы Св. Сафіі, зараз яго мошчы знаходзяцца ва Уладзіміраўскім саборы Кіева. У Маскоўскай дзяржаве ж у 1461 г. была абвешчана аўтакефалія мясцовай праваслаўнай царквы, кіраўнік якой прыняў тытул мітрапаліт Маскоўскі і ўсёй Русі. Так, ва “усёй Русі” з’явілася два мітрапаліты і дзве мітраполіі, хоць з’яўленне асобных праваслаўных цэркваў у ВКЛ і Масковіі ў кантэксце пастаяннага супрацьстаяння гэтых дзяржаў выглядае поўнасцю натуральным.

Праваслаўная мітраполія ВКЛ падзялялася на 10 епархій: Кіеўскую мітрапалічую (Кіеўшчына, а таксама Вільня, Навагрудак і Трокі), Уладзіміра-Берасцейскую, Галіцка-Львоўскую ( Галічына і Падолле), Луцка-Астрожскую, Холмскую, Перамышльскую, Турава-Пінскую, Полацка-Віцебскую, а яшчэ Чарнігаўскую і Смаленскую, якія ў 1500 – 1515 гг. пасля захопу адпаведных тэрыторый адыйшлі да Масквы. Такім чынам, можна бачыць, што большая частка епархій закранала тэрыторыю Украіны (як у складзе ВКЛ, так і ў складзе Польшчы), што гаворыць пра значную канцэнтрацыю тут праваслаўнага насельніцтва.

З часу падзелу старажытнай Кіеўскай мітраполіі на асобныя часткі для ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы ў царкоўным справаводстве Канстанцінопальскага Патрыярхату з’явіліся дзве назвы для вызначэння гэтых частак – Малая Русь (Micra Rosia) і Вялікая Русь (Megale Rosia). Пры гэтым слова “Малая” грэкамі ўжывалася ў сэнсе першаснасці, “вузкасці” тэрыторыі, дзе з’явілася Кіеўская мітраполія. Пад Вялікай Руссю ж мелася на ўвазе тэрыторыя, дзе праваслаўная царкоўна-адміністрацыйная структура была ўтворана пазней, якая ляжала па-за межамі першаснага рэлігійнага цэнтра. З цягам часу афіцыйнай ідэалогіяй Рускай дзяржавы сэнс гэтых паняццяў быў у многім перавернуты, калі “Маларосія” успрымалася часта як нешта дапаўняльнае да “вялікарускай народнасці”.

З канца ХV ст. Кіеўская мітраполія перажыла ў сваім унутраным жыцці шэраг транфармацый. Вялікі ўплыў на яе стала аказваць свецкая ўлада. Так, мітрапаліт фактычна прызначаўся Вялікім князем, а яго зацвярджэнне патрыярхам стала фармальнасцю, для выканання якой больш не патрабаваўся прыезд новага мітрапаліта ў Канстанцінопаль. Усё большую ролю адыгрывала так званая саборнапраўнасць – удзел у царкоўных саборах і вырашэнне царкоўных спраў свецкіх асоб. Нярэдка свецкія асобы прызначаліся і на царкоўныя пасады, апошнія маглі прадавацца за грошы. Існавалі праблемы і з падрыхтоўкаю царкоўных кадраў: адчуваўся іх недахоп, акрамя гэтага, адукацыя многіх светароў пакідала жадаць лепшага. Як вынік, некалькі паменшылася колькасць праваслаўных храмаў. У сэнсе аврганізацыйнай структуры і распаўсюджвання асветы праваслаўная царква стала значна праігрываць Касцёлу, які адчуваў на сабе моцную падтрымку з боку ўрада. Але пры ўсім гэтым стварэнне асобнай мітраполіі на тэрыторыі ВКЛ мае вялікае пазітыўнае значэнне, бо Вялікае княства магло мець зараз уласную мітраполію, уключаную ў заходнееўрапейскае палітычнае жыццё і далучаную да заходніх культурных каштоўнасцяў. Існаванне ўласнай, асобнай ад Масквы праваслаўнай царквы паклала значны адбітак, у тым ліку, і на далейшую гісторыю Украіны.

Пануючым станам у жыцці Вялікага княства Літоўскага, як і ўсіх іншых тагачасных дзяржаў, была шляхта. Яе сацыяльна-прававое становішча непасрэдна ўплывала на становішча іншых станаў – мяшчан і сялян. У агульным для другой паловы ХV – другой паловы ХVІ стст. у гэтым сэнсе характэрны дзве асноўныя тэндэнцыі – гэта пашырэнне правоў і вольнасцяў шляхты і паступовае афіцыйнае вяртанне праваслаўнай шляхтай роўных прававых пазіцый з каталіцкай, палітычны фактар такім чынам шчыльна пераплятаўся з рэлігійным. Тэндэнцыя пашырэння правоў шляхты нагадвала падобныя працэсы ў Польшчы, хоць і некалькі больш замаруджанымі тэмпамі, нездарма ў ВКЛ усё больш папулярнай на працягу ўсяго азначанага часу станавілася ідэя далучэння да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў”.

2 мая 1447 г. пры ўступленні на польскі трон Казімір выдаў прывілей “духавенству, княжатам, рыцарам, шляхце, баярам і мяшчанам”, які павінен быў задаволіць імкненне шляхты Вялікага княства да “польскіх вольнасцяў” і ў некаторым сэнсе апраўдаць аднаўленне уніі [13, с.97]. Найпершай “ласкай”, якую Вялікі князь надаваў шляхце і духавенству ВКЛ, была роўнасць у правах з шляхецкім і духоўным станамі Кароны Польскай. Акрамя гэтага, у прывілеі знайшло падцвярджэнне тое становішча праваслаўнай царквы, якое ўжо існавала раней. Апекуном ці фундатарам царквы мог быць толькі падданы ВКЛ, а калі б такога не знайшлося, – “персона заможная, пачэсная”. Таксама забаранялася пакаранне прадстаўнікоў шляхты па аднаму толькі падазрэнню ці даносу, а толькі па суду. Гарантавалася таксама, што родзічы ці слугі не нясуць адказнасць за свайго сваяка ці пана, акрамя тых выпадкаў, калі з’яўляюцца хаўруснікамі ў яго злачынных дзеяннях. Шляхце было падцверджана права свабоднага выезду за мяжу. Важным з’яўляўся 6 артыкул прывілея, які дазваляў шляхце валодаць маёнткамі ў Польшчы і свабодна распараджацца імі. Пры гэтым іншаземцам забаранялася набываць зямлю і займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. 13 артыкул гарантаваў недакранальнасць тэрыторый ВКЛ у межах часоў Вітаўта. Хоць рэальнае выкананне дадзенага артыкулу ў далейшым, як мы будзем бачыць, не было рэалізавана. 12 артыкул дазваляў феадалу здзяйсняць суд над залежным насельніцтвам, што фактычна пачало юрыдычнае афармленне прыгоннага права ў ВКЛ.

Агульназемскі прывілей 1447 г. не скасоўваў Гарадзельскую пастанову 1413 г., якая дазваляла займаць вышэйшыя пасады ў ВКЛ толькі католікам. Але ў рэальнасці гэтае палажэнне далёка не заўсёды выконвалася. Так, ужо ў другой палове ХV – пачатку ХVІ стст. прадстаўнікі праваслаўных родаў, такіх, як князі Астрожскія і Хадкевічы, займалі шэраг дзяржаўных пасад. Успомнім тут прызначэнне ў 1480 г. князя Івана Хадкевіча ваяводам Кіеўскім.

Адзначыўся Казімір і выданнем шэрагу мясцовых прывілеяў праваслаўным епархіям на украінскіх землях. Напрыклад, у 1469 г. для абароны Перамышльскай епархіі ад умяшальніцтва свецкіх асоб Вялікі князь выдаў прывілей, “каб шляхцічы не судзілі духоўных асоб, шлюбных спраў сабе не аднімалі і не выганялі прыходскіх святароў” [13, С.97]. Акрамя гэтага, Казімір сваімі прывілеямі гарантаваў недакранальнасць правоў царкоўнага суда, маёмасці і прыбыткаў праваслаўных метрапаліта і епіскапаў.

Эпоха Вялікага князя Казіміра вядома як час значнай законатворчай дзейнасці. У кантэксце кадыфікацыі крымінальнага права ВКЛ у 1468 г. быў выдадзены першы яго звод, вядомы як Судзебнік Казіміра. Згодна з ім, за дробныя злачынствы, што былі здзейснены ўпершыню, даваўся штраф, за ўсе астатнія – звычайна смяротная кара. Адпаведнае пакаранне атрымлівалі і хаўруснікі ў злачынных дзеяннях. Судзебнік афіцыйна дзейнічаў і на тэрыторыі Украіны, куды з цягам часу ўсё больш пранікаюць нормы права ВКЛ. Аднак далёка не апошнюю ролю працягвала адыгрываць і звычаёвае права.

Праўленне Вялікага князя Аляксандра было адзначана выданнем агульназемскага прывілея 1492 г. [14, с.101]. Дадзены прывілей падцвярджаў адпаведныя палажэнні прывілея 1447 г. пра непарушальнасць правоў праваслаўнай царквы, пра недапушчальнасць пакарання шляхціча без судзебнага разбіральніціва, пра шляхецкае землекарыстанне, пра недакранальнасць межаў ВКЛ і інш. Дакумент упарадачваў падаткаабкладанне і карыстанне маёмасцю, забараняў чыноўнікам прымаць хабар ці вымагаць яго. Саступкай шляхцце было вызваленне яе ад шэрагу падаткаў і павіннасцяў (сярэбшчына, падводы і інш).

Крайне важным момантам у палітычным жыцці ВКЛ было ўсталяванне шэрагам артыкулаў агульназемскага прывілея 1492 г. фактычнай залежнасці Вялікага князя ад Паноў-Рады ў знешняй палітыцы, прызначэнні на вышэйшыя пасады і іншых пытаннях дзяржаўнага кіравання. Артыкуламі 17 і 20 гаспадар паабяцаў рабіць прызначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя ўрады толькі пасля парады з Панамі-Радай (“Усе ўрады і дзяржавы без парады з нашымі раднымі нікому намі не будуць раздавацца”). Тут жа гарантавалася, што кожны ўраднік можа быць пакараны за злачынства толькі пасля доказу яго віны праз разбіральніцтва, дзе абвінавачаны мае права на абарону. Меркаванне радных паноў манарх павінен быў улічваць і пры адпраўцы паслоў у замежныя краіны (артыкул 13). Але найбольш яскравае адлюстраванне залежнасць Вялікага князя ад магнатаў ВКЛ і іх палітычная недакранальнасць знайшлі ў 15 артыкуле прывілея: “Таксама, калі б якія-небудзь пастановы і справы былі перададзены для абмеркавання ў раду з нашымі панамі і самім панам не спадабаліся, то за гэта мы не павінны наіх гневацца, але будзем мы выконваць тое, што яны радзілі нам, дзеля нашай агульнай карысці” [16, с.87].

Агульназемскі прывілей Вялікіга князя Аляксандра 1492 г. значна ўзмацняў пазіцыі магнатаў, з якіх, уласна, і складалася Паны-Рада. Як працяг гэтага працэсу Гарадзельскі сейм 1499 г. прыняў рашэнне пра тое, што надалей новых манархаў ВКЛ будуць выбіраць толькі са згоды паноў. Гэты ж Сейм, дарэчы, афіцыйна ўзнавіў Гарадзельскую унію 1413 г., такім чынам, забарона на вышэйшыя ўрады для праваслаўных працягнула дзеянне. Прывілей 1492 г. і пастановы Сейма 1499 г. яшчэ больш паглыбілі розніцу між вышэйшай арыстакратыяй і астатнімі коламі шляхты. Трэба падкрэсліць, што у ВКЛ, у адрознене ад Кароны, магнаты і шляхта да Люблінскай уніі так і не дасягнулі роўнага прававога становішча. У гэтых умовах нездзіўляльна з’яўленне цэлага руху за ураўнаванне ў правах усіх прадстаўнікоў высокароднага стану, так зв. экзекуцыі правоў (лац. executio – выкананне, выпраўленне).

Сваё праўленне ў Кароне і ВКЛ Жыгімонт І (ІІ) Стары пачаў традыцыйным ужо для ўладароў Польшчы і ВКЛ падцвярджэннем гарантый правоў шляхты. Адметным у прывілеі, які быў выдадзены ў 1506 г., з’яўляецца тое, што, як падкрэсліваецца ў дакуменце, гарантыі гэтыя даюцца як ліцвінам, так і русінам (Lithuanos et Ruthenos)” [43, с.75]. У агульным жа прывилей падцвярджаў усе правы і вольнасці, што былі дадзеныя магнатам і шляхце раней, у тым ліку і абмежаванне ўлады Вялікага князя на карысць Паноў-Рады. Падцвярджальнымі з’яўляюцца і далейшыя прывілеі Жыгімонта Старога 1511, 1529 гг. ” і інш.

У часы Жыгімонта Старога працягваецца узмацненне прыгоннага права ў ВКЛ. Сеймавымі пастановамі 1520 і 1521 гг. кожны халоп павінен быў хаця б адзін дзень на тыдзень адпрацоўваць на панскай зямлі”. Значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны стала стварэнне і выданне ў 1529 г. Статута – помніка кадыфікаванага права, своеасаблівага вярхоўнага закона ВКЛ, дзеянне якога распаўсюджвалася і на тэрыторыю Украіны. Статут увабраў у сябе фактычна канстытуцыйныя палажэнні, нормы грамадзянскага і крымінальнага права. На змест гэтага кодэкса права ВКЛ адбітак наклалі нормы рымскага, заходнееўрапейскага права, Рускай Праўды, палажэнні звычаёвага беларускага і украінскага права, а таксама – рэнесансныя ідэі. Што ж тычыцца прыгоннага права, то згодна са Статутам яно ўзмацнялася: сяляне залішаліся правоў на зямлю і на распараджэнне ёю” [16, с.317].

У 1529 г. Жыгімонт Стары дамогся выбрання сеймам свайго сына Жыгімонта Аўгуста Вялікім князем Літоўскім, а ў 1530 г. – каралём Польскім. Так, выбранне новага манарха адбылося яшчэ пры жыцці яго бацькі (дарэчы, гэта была адна з прычынаў, чаму ён атрымаў мянушку Стары). Супраць гэтага выступіла частка апазіцыйнай шляхты. Паказальна, што ўзброеныя шляхцічы сабраліся падчас гэтых падзей пад Львовам, што адлюстроўвае ўключэнне украінскіх тэрыторый і шляхты ў агульнапольскія дзяржаўна-палітычныя працэсы. Выступленне было падаўлена, але Жыгімонт Стары ў якасці саступкі шляхце ў гэтым жа 1530 г. паабяцаў, што яго сын, калі пачне правіць самастойна, прынясе клятву на падцвярджэнне ўсіх правоў і вольнасцяў высокароднага стану. Жыгімонт Аўгуст у свой час выканаў гэтае абяцанне” [17, с.79].

Жыгімонт ІІ (ІІІ) Аўгуст, які пры дасягненні сталасці стаў фактычна выконваць функцыі намесніка ў Вялікім княстве, пасля смерці бацькі ў 1548 г. стаў паўнаўладным манархам у Польшчы і ВКЛ. Яго праўленне цягнулася да 1572 г. і было насычана мноствам значных падзей у жыцці абодвух краін. Спачатку Жыгімонт Аўгуст паказаў сябе саюзнікам магнатаў і прыхільнікам захавання ВКЛ адасобленасці ад Польшчы, але потым пад ціскам шляхецкага руху, які ўсё больш узмацняўся, быў вымушаны далучыцца да экзекуцыі правоў. Падрабязней ма разгледзім гэтыя падзеі ў ІV Главе дадзенай работы, а пакуль звернем увагу на аграрную рэформу, што была прыведзена Жыгімонтам Аўгустам у сярэдзіне ХVІ ст., так зв. валочную памеру. Прычыны правядзення землеўпарадкавання і стварэння фальваркаў, што было ў цэнтры рэформы, адпавядалі падобным у Польшчы: рост попыту на збожжа ў Заходняй Еўропе выклікаў неабходнасць павялічэння яе экспарту. Распачата валочная памера была ў 1547 г. у прыватных валоданнях маці Жыгімонта Аўгуста каралевы Боны. Канчаткова ж рэформа ў ВКЛ была зацверджана ў 1557 г. выданнем дакумента “Устава на валокі”. Згодна з ёю ўся зямля падзялялася на валокі (21,36 га), якія сталі адзінкамі абкладання сялян павіннасцямі. Рэформа стала чарговым этапам запрыгоньвання сялян, прывяла да росту паншчыны, а таксама – пераводу значнай часткі сялян-даннікаў на чынш. Валочная памера наносіла ўдар па сялянскай грамадзе, замяняючы абшчыннае землекарыстанне (а значыць, і падаткаабкладанне) падворным. Ва украінскіх землях ВКЛ рэформа спачатку праводзілася ў валоданнях Вялікага князя ў Крамянецкім павеце ў Валыні, а потым яна распаўсюдзілася і на іншыя тэрыторыі, хоць і з цяжкасцямі з-за частага нежадання сялянамі прымаць яе. У агульным валочная памера спрыяла, безумоўна, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і павялічэнню прыбыткаў з яе.

Сярэдзіна ХVІ ст. стала часам узмацнення ў ВКЛ некаталіцкіх канфесій. Рэфармацыя, што прыйшла ў Карону і ВКЛ з Германіі, прывяла да з’яўлення пратэстантаў. Пратэстантызм падтрымала частка магнатаў (напр. некаторыя з князёў Радзівілаў), якія бачылі ў ім сродак да яшчэ большай свабоды ад манарха. І калі Жыгімонт Стары выдаў супраць пратэстантаў некалькі эдыктаў (хоць асаблівых вынікаў гэта не мела), то Жыгімонт Аўгуст ставіўся да іх некалькі больш прыхільна. Пэўнае судзеянне Рэфармацыі аказвалі і прадстаўнікі праваслаўнай шляхты, якія ўбачылі ў ёй магчымасць дапаўняльнага ўздзеяння на католікаў. Аказала ўплыў на прававое становішча праваслаўных у пэўным сэнсе і цяжкая Інфлянцкая вайна (1558 – 1582): ураду было неабходна заручыцца падтрымкай праваслаўнай шляхты ў тых умовах, калі Іван ІV Жахлівы намагаўся стварыць сабе вобраз “абаронца праваслаўя”.

Пад уплывам многіх фактараў 7 чэрвеня 1563 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей шляхце праваслаўнай веры, які скасоўваў адпаведныя рашэнні Гарадзельскага сейма 1413 г. і ўраўноўваў яе ў правах з каталіцкай шляхтай. Праваслаўныя набылі права занімаць вышэйшыя пасады, атрымалі “кляйноты і гербы”. Прывілей дадзены быў Вялікім князем “з паны радамі нашымі абмяркаваўшы” і “за спольнаю воляю абодвух панстваў нашых, Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага паноў рад і ўсіх станаў” – традыцыйныя ўжо для шляхецкай манархіі з парламенцкай сістэмай фармулёўкі [19, с.84]. Яшчэ адным прывілеям 1568 г. дадзеныя правы і вольнасці былі падцверджаны спецыяльна праваслаўным князям.

“Не аднімаючы нічога ад гэтага ліста нашага, і ва ўсім пры моцы непарушнай пакідаючы яго на вечныя часы”, – гаворыцца ў прывілеі 1563 г [21, с.348]. Але ўраўнаванне ў правах праваслаўных і католікаў не падарвала лідыруючых пазіцый Касцёла. Большая частка вышэйшых ураднікаў заўсёды заставалася католікамі. Біскуп Віленскі (адна з вышэйшых пасад у дзяржаве) і іншыя іерархі Касцёла афіцыйна займалі высокае становішча ў іерархіі ўрадаў ВКЛ, за імі былі замацаваны месцы ў гаспадарскай радзе, праваслаўныя якіх так і не атрымалі. Каласальную падтрымку Касцёлу аказваў і ўрад. Жыгімонт Аўгуст, які лаяльна ставіўся да іншых канфесій, сам заўсёды быў абаронцам каталіцкай. Да гэтага можна дабавіць яшчэ і агульны крызіс, у стан якога праваслаўная царква паступова ўваходзіла, пра што мы ўжо распавядалі вышэй. Але пры ўсім гэтым ўраўнаванне праваслаўнай шляхты ў правах з каталіцкай мае вялікае значэнне ў сэнсе кансалідацыі ўсёй шляхты ВКЛ і далучэнне большай яе часткі да руху за пашырэнне сваіх правоў і вольнасцей. Яшчэ адным следствам афіцыйнага аднаўлення правоў праваслаўных было замацаванне становішча ВКЛ як шматканфесійнай дзяржавы, дзе нягледзячы на прыарытэт ролі касцёла ў палітычных пытаннях, маглі суіснаваць прадстаўнікі розных веравызнанняў.

Рух шляхты за экзекуцыю правоў, пастаянныя яе выступленні супраць магнатаў на сеймах, што нават атрымалі назву “ціхай вайны”, далі свой плён. Першы статут ВКЛ не рэгламентаваў дакладна правы шляхты на сеймікаванні і не забяспечваў прававой роўнасці між магнатамі і шляхтай. У 1564 – 1565 гг. Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, далучыўшыся пад ціскам шляхты ў рэшце рэшт да экзекуцыі правоў, правёў шэраг земскіх рэформ, што былі юрыдычна замацаваны ў 1566 г. у новым Статуце ВКЛ [17, с.374 ]. Статут быў створаны, безумоўна, на аснове Статута 1529 г., але змяшчаў шэраг адметных палажэнняў. Для магнатаў і для шляхты ствараліся супольныя выбарныя шляхецкія суды. На тэрыторыі ўсяго ВКЛ (згодна з Віленскім прывілеем 1565 г., які ўвайшоў у прэамбулу Статута) ствараліся павятовыя сеймікі і вальныя сеймы. На украінскіх землях ў складзе ВКЛ былі канчаткова ўсталяваны тры ваяводствы: Кіеўскае, Валынскае (з цэнтрам у Луцку) і Брацлаўскае, кожнае з іх падзялялася на паветы. Працягнуў статут і юрыдычнае замацаванне прыгоннага права. Тэрмін вышуку беглых сялян склаў 10 гадоў, ім было забаронена сяліцца ў гарадах.

Імкненне шляхты ВКЛ да далучэння да вольнасцяў, якія меў высакародны стан у суседняй Кароне, прывялі да дастаткова шырокага шляхецкага руху шляхты за свае праы, што мела некалькі значных наступстваў. Па-першае, значна ўзмацнілася становішча шляхты і паралельна з гэтым аслабла ўлада гаспадара. Па-другое, пачаліся актыўныя працэсы запрыгоньвання сялянства, пра што мы ўжо казалі вышэй. Па-трэцяе, рост шляхецкіх вольнасцяў аслабляў і пазіцыі мяшчан. Наогул гарады ў украінскіх валоданнях ВКЛ не зазналі такога моцнага палітычнага і эканамічнага развіцця, як гарады ў той частцы Украіны, што належала Польшчы. Ва украінскіх валоданнях ВКЛ таксама, канешне, усталёўвалася Магдэбургскае права (так, у Кіеве – у 1494 г.), з’яўляліся цэхі і гільдыі, развіваліся рамяство і гандаль. Але мясцовыя украінскія гарады нельга было ў поўнай ступені назваць гандлёва-рамеснымі цэнтрамі, нават у самых развітых з іх значная частка насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, мяшчане мелі ўласныя зямельныя надзелы і сенажаці. Не было тут і такой этнічнай стракатасці, як у Галічыне і Падоллі: большую частку насельніцтва складалі мясцовыя жыхары, а колькасць прыезджых было звычайна нязначнай. Пакутавалі гэтыя тэрыторыі і ад пастаянных набегаў татар.


Сярэдзіна – другая палова ХV ст. стала часам існавання ў складзе ВКЛ аўтаномных Валынскага і Кіеўскага княстваў, якія мелі архаічны ўнутраны лад і карысталіся ў асноўным звычаёвым правам. У другой палове ХV ст. у рэчышчы цэнтразізатарскай палітыкі ВКЛ гэтыя княствы былі ліквідаваны, і на тэрыторыі Украіны распаўсюдзіліся літоўскае права і асаблівасці ўнутранага дзяржаўна-палітычнага жыцця. Адно з асноўных тэндэнцый тут было далучэннне украінскай шляхты да руху за далучэнне да “залатых шляхецкіх вольнасцяў” , наступствам чаго стала так званая экзекуцыя правоў. У выніку шэрагу вялікакнязскіх прывілеяў і пастановаў сеймаў становішча шляхты значна ўзмацнілася, і ВКЛ стала шляхецкай дзяржавай. Вялікае значэнне тут мае і ўраўнаванне ў правах праваслаўнай шляхты з шляхтай каталіцкай прывілеем 1563 г. Пры гэтым і надалей актыўна працягнуліся працэсы барацьбы шляхты за ўраўнаванне ў правах з магнатамі, якія па-ранейшаму мелі выключнае значэнне ў кіраванні дзяржавай і ўплыве на гаспадара, і пашырэнне сваіх волнасцяў па польскаму ўзору.




<< предыдущая страница   следующая страница >>