velikol.ru
1 2 ... 6 7

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

Гістарычны факультэт

Кафедра гісторыі

паўднёвых і заходніх славян



ПОПЕЛЬ

Радзівон Ігаравіч


УКРАІНСКІ ФАКТАР У АДНОСІНАХ ПОЛЬШЧЫ,

ЛІТВЫ І МАСКВЫ

(КАНЕЦ Х СТ. – 1569 Г.)


Дыпломная работа

Спецыяльнасць: Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)



^ Навуковы кіраўнік:

кандытат гістарычных навук,




дацэнт Л.Л. Міхайлоўская










____________________




“___”_________2012 г.



^ Дапушчана да абароны

Загадчык кафедры паўднёвых і заходніх славян,

дацэнт

_______________А.П. Салькоў

“___”__________ 2012


г. Мінск, 2012

ЗМЕСТ


Уводзіны ………………………………………………………………………..

3


Глава І. Крыніцы і гісторыяграфія праблемы ……………………………......


8

Глава ІІ. Польшча і Русь. Ад барацьбы за Чэрвенскія гарады да войн за галіцка-валынскую спадчыну …………………………………………………


27

Глава ІІІ. Між Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім. Украінскі фактар у адносінах дзвюх дзяржаў у ХІV - другой палове ХV стст. …….................


41

Глава ІV. Тры “цэнтры прыцягнення”: украінскі фактар у адносінах Кракава, Вільні і Масквы з другой паловы ХV ст. да Люблінскай уніі

1569 г. ...................................................................................................................



58

Заключэнне………………………………………………………………….....

74

Спіс крыніц і даследаванняў………………………………………………….

77

Рэзюмэ……………………………………………………………………….....

85

Спіс выдадзеных работ……………………………………………………….

88



УВОДЗІНЫ


Гісторыя Украіны з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі Усходняй Еўропы і еўрапейскай гісторыі наогул. Складаны гістарычны лёс украінскіх земляў абумоўлены шчыльнымі сувязямі з гісторыяй суседніх краін. Непасрэдна украінская гісторыя звязана і з гісторыяй Беларусі: нельга забываць, што ўзаемадатачэнні між беларускімі і украінскімі землямі актыўна развіваюцца яшчэ з часоў першых сярэднявечных княстваў Русі, а ў часы Вялікага княства Літоўскага нашыя землі на некалькі стагоддзяў былі з’яднаны ў складзе гэтай дзяржавы.

Землі Украіны яшчэ ў часы Сярэднявечча сталі арэнай сутыкнення палітычных і эканамічных інтарэсаў розных краін: Польшчы, Вялікага княства Літоўскага, Венгрыі, мангола-татарскіх дзяржаўных утварэнняў, а пазней – і Маскоўскай дзяржавы, і гэта нездзіўляльна: вялізныя землі Паўднёвай Русі з іх стратэгічным геапалітычным і эканамічным становішчам заўсёды вабілі суседзяў. Аднак было б абсалютна неправільна паказваць украінскія землі проста як аб’ект гістарычных адносін у рэгіёне. На працягу стагоддзяў тут існаваў цэлы шэраг дзяржаўных утварэнняў, што выступалі ў якасці суб’ектаў гістарычнага працэса. Так, у Высокім Сярэднявеччы княствы Русі былі сабраныя пад гегемоніяй Кіева, пазней, нягледзячы на феадальную дробнасць, тут працягвалі з’яўляцца дастаткова моцныя палітычныя цэнтры, такія, як Галіцка-Валынская дзяржава. У далейшыя часы украінскія землі былі падзелены між суседнімі дзяржавамі, але на іх тэрыторыі існаваў шэраг аўтаномій, мясцовае насельніцтва брала актыўны ўдзел у мясцовых грамадска-сацыяльных рухах, узброеных канфліктах, што мае складанае значэнне і будзе разгледжана намі далей.

Такім чынам, украінскі фактар у адносінах дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы абумоўлены важным геапалітычным становішчам, вялікай тэрыторыяй, значнымі чалавечымі і матэрыяльнымі рэсурсамі паўднёварускіх / украінскіх земляў. Геапалітычнае значэнне земляў Украіны лепш зразумела, калі ўлічыць, што за ўплыў на іх супрацьстаяў шэраг дзяржаў Усходняй Еўропы, а самі украінскія землі часта разумеюцца як адмысловы “мост” між Захадам і Усходам. Эканамічная складаючая украінскага фактара ў міждзяржаўных адносінах ва Усходняй Еўропе набывае значэнне з-за пралягання праз тэрыторыю Украіны магістральных гандлёвых шляхоў, а асабліва – з-за наймення вялікіх плошчаў урадлівых земляў, што было асабліва важна пры экстэнсіўным шляху развіцця аграрных адносін. Нельга забывацца і пра сацыякультурныя чыннікі: украінская культура фарміравалася на мяжы ўзаемапранікнення розных культурных уплываў (праваслаўнага і каталіцкага, візантыйскага і заходнееўрапейскага і г. д.), што абумовіла не толькі палітычнае і эканамічнае, але і культурна-ідэалагічнае супрацьстаянне за гэтыя землі. Вынікам гэтага стала тое, што на працягу стагоддзяў “украінскае пытанне” займала далёка не апошняе месца ў знешняй палітыцы суседніх дзяржаў. Нягледзячы на тое, што украінскія землі ў Сярэднявечча і Ранні Новы час сталі арэнай сутыкнення цэлага шэрагу краін, у дадзенай рабоце мы разгледзім украінскі фактар ва ўзаемаадносінах трох буйных дзяржаў – Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, чыя роля ў палітычных адносінах ва Усходняй Еўропе здаецца нам асабліва значнай. Зазначым, што кожная з гэтых дзяржаў не толькі імкнулася да палітычнага панавання на землях Русі, але і выпрацавала ідэалагічныя канцэпцыі сваёй экспансіі. І сапраўды, без уплыву украінскага фактара цяжка сабе ўявіць гісторыю Польшчы, ВКЛ, Расіі, часткай якіх украінскія землі з’яўляліся, а таксама і гісторыю многіх іншых старых і сучасных дзяржаў.

Мэта дадзенай работы – вызначыць і абгрунтаваць ролю украінскага фактара ў міждзяржаўных адносінах Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы з канца Х ст. да Люблінскай уніі 1569 г., асвятліць значэнне грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных узаемадатачэнняў у гістарычным лёсе земляў Украіны ў кантэксце палітычнай гісторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Вылучым наступныя задачы дыпломнай работы: прапанаваць храналагічную перыядызацыю развіцця украінскага фактара ў адносінах Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, разледзець механізмы палітычнага і ідэалагічнага супрацьстаяння між азначанымі дзяржавамі за права валодання украінскімі землямі ў дадзеныя перыяды, а таксама асвятліць месца і ролю украінскіх земляў і іх насельніцтва ў палітычнай структуры Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.

Даследаванне ролі украінскага фактара ў адносінах Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы з канца Х ст. да 1569 г. было здзейснена на падставе аналізу цэлага шэрага гістарычных крыніц, як створаных у храналагічны перыяд, што разглядаецца у дыпломнай рабоце, так і больш позніх, а таксама гісторыяграфіі ХІХ – ХХІ стст. З мэтай больш падрабязнага аналіза крыніцазнаўчай і гісторыяграфічнай базы даследавання дадзенае пытанне было вынесена ў асобную Главу дыпломнай работы. Адначасова заўважым, што, нягледзячы на наемнасць у сусветнай гісторыяграфіі цэлага шэрагу работ па агульнай гісторыі Украіны, Польшчы і Расіі, а таксама па асобным пытанням іх гісторыі, навуковых работ, прысвечаных ролі украінскага фактара ў міждзяржаўных адносінах ва Усходняй Еўропе, фактычна не існуе. Тым больш, амаль не існуе работ па дадзенай тэматыцы ў беларускай гісторыяграфіі.

У дыпломнай рабоце выкарыстаны агульналагічныя, агульнанавуковыя і спецыяльныя гістарычныя метады. Сярод агульналагічных метадаў назавем аналіз і сінтэз, індукцыю і дэдукцыю, мадэляванне, абагульненне. Да агульнанавуковых метадаў аднясем параўнанне, абстракцыю, вымярэнне, ідэалізацыю, думкавы эксперымент, сістэмны падыход, увасходжанне ад канкрэтнага да абстрактнага і ад абстрактнага да канкрэтнага, лагічны, гістарычны і інш. метады. Падрабязней спынімся на спецыяльных гістарычных метадах.

Гісторыка-генетычны метад выкарыстоўваўся для раскрыцця вытокаў і механізмаў развіцця украінскага фактара ў міждзяржаўных адносінах Усходняй Еўропы, а таксама для асвятлення станаўлення і развіцця грамадска-палітычных рухаў, дзяржаўных арганізмаў, іншых гістарычных аб’ектаў і працэсаў. Гісторыка-параўнальны метад выкарыстоўваўся для выяўлення падабенства і розніцы між гістарычнымі аб’ектамі ў прасторы і часе (параўнанне грамадска-палітычнага ладу розных дзяржаў, становішча украінскіх земляў у структуры розных дзяржаўных арганізмаў, прававога становішча розных сацыяльных аб’ектаў і інш.). З дапамогай гісторыка-тыпалагічнага метада была праведзена сістэматызацыя і ўпарадачэнне аб’ектаў па іх агульным прызнакам, падзел іх сукупнасцяў на якасна вылучаныя тыпы / стадыі (напр., вылучэнне стадый шляхецкіх рухаў у ВКЛ і Польшчы, вылучэнне груп унутры шляхецкага стану згодна з іх прававым становішчам). Вялікую значнасць пры стварэнні дыпломнай работы мела выкарыстанне гісторыка-сістэмнага метада. З яго дапамогай былі прааналізаваны месца украінскіх земляў у дзяржаўнай структуры Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, наогул роля украінскага фактара ў структуры міждзяржаўных адносін ва Усходняй Еўропе і г.д. Немалое значэнне падчас даследавання адводзілася дыахранічнаму метаду, які знайшоў адлюстраванне ў вывучэнні працягласці гістарычных працэсаў, частаты розных з’яваў і г.д. Пры стварэнні дыпломнай работы аўтар карыстаўся праблемна-храналагічным прынцыпам, зыходзячы з прынцыпу дыахранізму і разглядаючы асобныя гістарычныя працэсы і з’явы (грамадскія рухі, адносіны між пэўнымі дзяржаўнымі арганізмамі, развіццё прававога становішча шляхты і г.д.) не толькі ў межах агульнай храналогіі, але і ў рамках уласцівага для кожнага з іх свайго гістарычнага часу. Пры вымярэнні плошчы і насельніцтва украінскіх княстваў, ваяводстваў і іншых тэрытарыяльных адзінак выкарыстоўваліся колькасны і колькасна-параўнальны аналіз.

Да земляў, якія ўтвараюць сучасную украінскую дзяржаву, на працягу гісторыі ўжываліся розныя назвы, таму аўтар лічыць неабходным растлумачыць тэрміналогію, што выкарыстоўвалася ў гэтым сэнсе ў дыпломнай рабоце. Першая назва гістарычнай тэрыторыі Украіны – “Русь” (“Руская зямля”) [85, с.10]. Гэтая назва часта ўжываецца і ў дыпломнай рабоце, пры гэтым з-за шырыні ўжывання назвы “Русь” на тэрыторыі вялікага рэгіёну Усходняй Еўропы для азначэння земляў сучаснай Украіны ў дадзенай рабоце таксама выкарыстоўвалася назва “Паўднёвая Русь“ ці – для асобных яе рэгіёнаў – “Паўднёва-Заходняя Русь”, “Паўднёва-Усходняя Русь” і г.д. Нярэдка выкарыстоўваліся такія назвы, як “землі Русі”, “тэрыторыі Русі” і інш. Этымалогія і ўжыванне тэрміна “Малая Русь” будзе падрабязней растлумачана намі ў ІV Главе.

Першы вядомы выпадак ужывання ўласна назвы “Украіна” (“Оукраина”) адносіцца да паведамлення Іпацьеўскага летапісу (спіс 1420 г.) за 1187 г. у дачыненні да Пераяслаўскага княства, што займала ўсход цэнтру сучаснай Украіны [85, с.11]. З тэрыторыі Сярэдняга Прыдняпроўя гэтая назва паступова распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю сучаснай украінскай дзяржавы. Не прыгадваючы падрабязнасці дадзенага працэсу, заўважым, што ў сучаснай навуцы пануе меркаванне, што шырокі ўжытак тэрмін “Украіна” для ўсіх гэтых тэрыторый атрымаў толькі з ХVІ ст. (Н. Якавенка). У дыпломнай рабоце дадзены тэрмін ужываецца шырока і не толькі з-за яго гістарычнасці, але і як агульная назва для ўсіх тэрыторый сучаснай дзяржавы Украіна. Пры гэтым такія тэрміны, як “Украіна”, “украінскія землі” і г.д. выкарыстоўваюцца і для падкрэслення гістарычнай пераемнасці гэтых тэрыторый з сучаснай Украінай, што ў агульным адпавядае шырока распаўсюджанай ва украінскай гісторыяграфіі канцэпцыі “Украіны-Русі” (распачата яшчэ М. Грушэўскім) [51]. У гэтым святле намі ў дыпломнай рабоце шырока ўжываецца і такое паняцце, як “украінскі фактар” у адносінах дзяржаў Усходняй Еўропы. Гэты тэрмін вынесены і ў назву дыпломнай работы.

У храналогіі развіцця украінскага фактара ў адносінах Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з канца Х ст. да 1569 г. вылучым тры вялікія перыяды. Першы пачынаецца ў канцы Х ст., калі адбыліся першыя сутыкненні Гнезненскай Польшчы і Кіеўскага княства за Чэрвенскія гарады, і працягваецца да пачатку ХІV ст., калі Польшча, што пераадолела феадальную дробнасць, пачала новы этап экспансіі на землі Паўднёва-Заходняй Русі. Гэты час характарызуецца супрацьстаяннем Польшчы і дзяржаўных утварэнняў Паўднёвай Русі – перадусім Кіеўскай і Галіцка-Валынскай дзяржаў. ВКЛ як новая дзяржава яшчэ не адыгрывала ў рэгіёне вызначальнай ролі.

Другі перыяд вылучаецца з пачатку ХІV – прыкладна да другой паловы ХV стст. У гэты час асноўных "цэнтраў прыцягнення” становіцца два: акрамя Польшчы на гістарычную арэну ў якасці моцнай палітычнай сілы выходзіць ВКЛ, якое падпардкоўвае сабе ў рэшце рэшт большую частку Украіны. Украінскі фактар прысутнічае фактычна ва ўсіх буйных падзеях польска-літоўскіх адносін, такіх, як вайна за галіцка-валынскую спадчыну, грамадзянская вайна 1430-х гг. і паўстанне князя Свідрыгайлы ў ВКЛ і многіх іншых. Вялікую ролю ва ўзмацненні ролі украінскага фактара ў адносінах дзвюх дзяржаў адыграла і развіццё ў гэты час шляхецкіх рухаў у Польшчы і ВКЛ.

Трэці перыяд ахоплівае прамежак з другой паловы ХV да Люблінскай уніі 1569 г. У гэты час украінскія землі апыняюцца між трыма цэнтрамі ўплыву: Польшчай, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Асаблівасцю гэтага перыяду з’яўляецца пачатак экспансіі на украінскія землі Масквы, што сапраўды адчувальна толькі з другой паловы ХV ст. Значны ўплыў на міждзяржаўныя адносіны ў рэгіёне аказала нарастанне шляхецкага руху за “экзекуцыю правоў”, што стала разам з маскоўскай экспансіяй галоўнымі прычынамі заключэння Люблінскай уніі 1569 г. і пераходу большай часткі украінскіх земляў у склад Польшчы. “Цэнраў збірання” украінскіх земляў зноў стала два: Польшча прама сутыкнулася з экспансіяй Масквы. Аўтар дыпломнай работы не прэтэндуе на выключнасць вылучэння такіх храналагічных перыядаў, але для дадзенай работы яны здаюцца аптымальнымі. Структура дыпломнай работы ў асноўным адпавядае дадзенаму храналагічнаму падзелу.


ГЛАВА І.

^ КРЫНІЦЫ І ГІСТОРЫЯГРАФІЯ ПРАБЛЕМЫ


§1.1. Крыніцы па тэме украінскага фактара ў адносінах Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы з канца Х ст. да 1569 г.


Землі Паўднёвай Русі, якім з цягам часу было суджана сабрацца ў складзе адзінай украінскай дзяржавы, яшчэ з часоў Высокага Сярэднявечча апынуліся ў цэнтры супрацьстаяння суседніх палітычных арганізмаў. Найбольш яскравым у гэтым сэнсе з канца Х ст. з’яўляецца супрацьстаянне між мясцовымі княствамі (Кіеўскім і Галіцка-Валынскім) і Польшчай, потым свой уплыў на паўднёва-рускі рэгіён пачынае распаўсюджваць Вялікае княства Літоўскае, і ў рэшце рэшт – Маскоўская дзяржава. Палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы, што адбываліся на украінскіх землях у Сярэднявечча і Ранні Новы час, безумоўна пакінулі свой след у гістарычных крыніцах, вывучэнне якіх знаходзіцца ў цэнтры любога гістарычнага даследвання.

Гісторыя Украіны ў кантэксце супрацьстаяння за яе землі між Польшчай, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай з канца Х ст. да 1569 г. знайшла адлюстраванне ў цэлым шэрагу гістарычных крыніц, разнастайных па жанравай, тэрытарыяльнай і храналагічнай прыналежнасці. Аднымі з найбольш старажытных апавядальных крыніц па гісторыі Украіны з’яўляюцца летапісы і хронікі, значэнне якіх для рэканструкцыі падзей мінуўшчыны цяжка пераацаніць. Па рэгіянальна-дзяржаўнай прыналежнасці большасць летапісаў і хронік, на якія абапіраецца дадзеная работа, можна падзяліць на чатыры буйныя пласты: летапісанне Старажытнай Русі, баларуска-літоўскае летапісанне, украінскія мясцовыя летапісы ХVІ – ХVІІ стст., польскія хронікі.

Старыжытнарускае летапісанне распачынае адзін з найкаштоўнейшых яго помнікаў – “Аповесць мінулых часоў” – летапісны звод пачатка ХІІ ст., укладальнікамі якога з’яўляюцца манах Кіева-Пячорскага манастыра Нестар і ігумен Выдубіцкага манастыра Сільвестр [39, с.3]. Летапіс ахоплівае падзеі з біблейскіх часоў да 1117 г. (у трэцяй рэдакцыі). “Аповесць мінулых часоў” змяшчае каштоўныя звесткі пра рассяленне славянскіх плямёнаў, заснаванне і станаўленне Кіеўскага княства, міжнародныя сувязі старажытнарускіх земляў. Даволі падрабязнае раскрыццё ў крыніцы мае і тэма ўзаемаадносін рускіх князёў з Польшчай [17, с.38]. Летапіс, у прыватнасці, з’яўляецца адной з галоўных крыніц па палітычнай гісторыі рыгіёну Чэрвенскіх гарадоў у Х – ХІ стст. Даследванне “Аповесці” робіць больш лёгкім і наяўнасць адносна дакладнай датыроўкі падзей, чаго не назіраецца, напрыклад, у ранніх узорах польскага летапісання – хроніцы Гала Ананіма, дзе датыроўка атсутнічае, ці ў Вялікапольскай хроніцы, дзе многія даты прыгаданы неправільна. Як і многія летапісныя помнікі, “Аповесць мінулых часоў” стваралася пад палітычны заказ і не пазбегла тэндэнцыйнасці, што аднак не перашкодзіла ёй дастаткова аб’ектыўна асвятляць многія гістарычныя падзеі.

Вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай з’яўляецца “Галіцка-Валынскі летапіс”, помнік паўднёварускага летапісання ХІІІ ст. Летапіс лічыцца галоўнай крыніцай па гісторыі Галіцка-Валынскай дзяржавы – аднаго з найбольш моцных палітычных утварэнняў той эпохі на тэрыторыі сучаснай Украіны. Па зместу і моўна-стылістычным асаблівасцям Галіцка-Валынскі летапіс падзяляецца на дзве часткі: Галіцкі летапіс, што ахоплівае 1201 – 1261 гг. , і Валынскі летапіс – 1262 – 1291 гг. [4, с.17] У ідэйным плане летапіс прасякнуты матывамі падтрымкі моцнай княжацкай улады ў яе барацьбе супраць буйнога баярства. Ананімныя аўтары летапіса шмат увагі надалі міжнародным сувязям Галіцка-Валынскай дзяржавы, тэме абароны яе ад знешніх ворагаў. Першаступеннае значэнне пры гэтым адводзіцца адносінам с суседзямі – Польшчай і Венгрыяй. Ад ранніх узораў старыжытнарускага летапісання дадзены летапіс адрозніваецца значна меншым развіццём царкоўнай тэматыкі. Першапачаткова Галіцка-Валынскі летапіс не прадстаўляў падзеі па гадам, датыроўка была ўнесена значна пазней і не пазбегла вялікай колькасці памылак.

Пэўныя звесткі па гісторыі украінскіх земляў можна знайсці і ў помніках беларуска-літоўскага летапісання, што актыўна развівалася ў ВКЛ – дзяржаве, якая ў ХІV ст. уключыла ў свой склад значную частку Паўднёвай Русі. Тут, у першую чаргу, адзначым летапісны звод, вядомы як “Хроніка Быхаўца”, што з’яўляецца ўзорам беларускага ананімнага летапісання сярэдзіны ХVІ ст. У ідэйным плане прасякнутая арыстакратычным духам, хроніка закранае многія падзеі палітычнага жыцця ВКЛ і суседняй Польшчы таго часу. Асабліва падрабязнае асвятленне ў крыніцы маюць падзеі праўлення ў ВКЛ Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча, а таксама грамадзянскай вайны 1430-х гг. [27, с.716 - 731], многія з якіх непасрэдна закраналі украінскія землі і іх насельніцтва. Сярод узораў беларуска-літоўскага летапісання, што нясуць інфармацыю па гісторыі украінскіх земляў, прыгадаем таксама “Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” (“Летапіс Рачынскага”) [11].

Буйны пласт гістарычных крыніц па тэматыцы дыпломнай работы ўяўляюць сабой польскія хронікі. Найбольш ранняй з іх з’яўляецца “Хроніка і дзеянні князёў ці ўладароў Польскіх” (“Cronicae et gesta ducum sive principum Polonorum”), створаная напрыпачатку ХІІ ст. аўтарам, якога ўмоўна называюць Гал Ананім. Гал пачынае свой роспавяд гісторыяй біблейскіх часоў, расказвае пра легендарныя вытокі польскай дзяржаўнасці і даводзіць хроніку да пачатка ХІІ ст. Хроніка Гала надае вельмі вялікую ўвагу адносінам Старажытнай Польшчы з яе суседзямі – Руссю, Венгрыяй, Чэхіяй і Германіяй [3, с.38], што робіць крыніцу асабліва каштоўнай для дадзенага даследвання. Ускладняе працу з хронікай абсалютная адсутнасць у ёй дат. Пры гэтым, хроніка з’яўляецца фактычна адзінай крыніцай па гісторыі Польшчы Х – пачатку ХІІ стст., што была створана ў самой Польшчы. Нездзіўляльна, што шэраг больш позніх аўтараў выкарысталі яе для стварэння сваіх прац.

Другі этап польскай хранаграфіі звязаны з імём кракаўскага каноніка магістра Вінцэнція Кадлубка, які стварыў сваю хроніку ў час праўлення князя Казіміра Справядлівага (1138 – 1194). Хроніка адлюстравала ўзрастанне моцы польскіх феадалаў і духавенства. Трэці этап у польскім летапісанні звязаны з ананімнай “Хронікай Вялікай Польшчы”, створанай ў ХІV ст. [1, с.11] У яе аснову ляглі больш раннія хронікі Гала Ананіма (да 1113 г.) і Вінцэнція Кадлубка (да 1202 г.). Аднак Вялікапольская хроніка не з’яўляецца простай кампіляцыяй больш ранніх твораў – аўтар уключыў у яе і новыя падзеі ХІІІ ст. Не абыходзіць увагай гэтая крыніца і ўзаемасувязі Польшчы з княствамі Русі.

Хроніка Гала Ананіма і Вялікапольская хроніка адлюстроўваюць інтарэсы польскіх феадалаў свайго часу і з’яўляюцца даволі тэндэнцыйнымі творамі, прасякнутымі часта дастаткова адмоўнымі настроямі ў адносінах да княстваў Русі і іншых палітычных супернікаў Польшчы (напр., Чэхіі і Германіі). Аднак пры гэтым разам з асвятленнем вялікай колькасці падзей яны даюць таксама вельмі каштоўную інфармацыю пра палітычныя настроі вышэйшых колаў польскага грамадства свайго часу.

Адной з самых буйных польскіх хронік часоў Сярэднявечча стала грунтоўная праца польскага гісторыка, сакратара кардынала Збігнева Алясніцкага, а ў канцы жыцця – архібіскупа Львоўскага Яна Длугаша, якая ў гісторыяграфіі атрымал аназву “Гісторыя Польшчы” (арыгінальная назва – “Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae”). Гэтая вялікая праца, даведзеная да 1480 г., была створана ў 12 кнігах і грунтавалася на матэрыялах дзяржаўных і царкоўных архіваў, польскіх, чэшскіх, рускіх, беларуска-літоўскіх і іншых летапісаў [28, с.24]. Хроніка Длугаша з’яўляецца прыкладам асэнсавання гістарычных падзей іх сучаснікам і нясе крайне каштоўную інфармацыю пра падзеі ў Польшчы і ВКЛ эпохі Сярэднявечча. Непасрэдна закранаюцца ў ёй і падзеі, што адбываліся на сярэднявечных украінскіх землях, падрабязна асветлена польская экспансія ў гэты рэгіён. Длугаш – адзін з аснавальнікаў гісторыяграфічнай традыцыі разумення назвы “Русь” [28, с.12], да якой ён адносіў, у першую чаргу, землі Галіцка-Валынскай і Чырвонай Русі, а таксама паўднёвыя і паўночна-ўсходнія раёны ВКЛ, якія падтрымалі князя Свідрыгайлу падчас грамадзянскай вайны 1430-х гг., і Ноўгарадскую дзяржаву. Паўночна-усходні рэгіён сучаснай Расіі (у тым ліку, Масковію) да складу Русі ён не адносіў. Напісаная, безумоўна, з яўна прапольскіх пазіцый, хроніка Длугаша, тым не менш, прасякнута антыягелонскімі настроямі, таму ўпершыню выдадзена яна была толькі ў пачатку ХVІІІ ст. [28, с.9]

Яшчэ адной значнай крыніцай, што выкарыстоўвалася пры распрацоўцы тэмы дадзенай работы, з’яўляецца хроніка Бернарда Вапоўскага, польскага святара, гісторыка і картографа, сакратара Жыгімонта Старога. Хроніка гэтая, што пачынаецца з часоў Леха, пісалася Вапоўскім з 1533 да смерці ў 1535 гг. Крыніца мае складаны гістарычны лёс. Лацінамоўны арыгінал рукапіса быў страчаны, а яго часткі дайшлі да нас у складзе больш позніх твораў Марціна Кромера, Марціна Бельскага [75, с.178] і ў польскім перакладзе Мікалая Маліноўскага (1847 – 1848) пад назваю “Гісторыя кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага” (“Dzieje Korony polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego”) [29]. Хроніка Вапоўскага, якая часткова абапіраецца на работу Я. Длугаша, утрымлівае, у тым ліку, і шматлікія звесткі па гісторыі Польшчы і ВКЛ, дае свае адзнакі гістарычным падзеям. Шмат інфармацыі прыгадваецца ў крыніцы і ў адносінах да украінскіх земляў. Пры гэтым трэба адзначыць, што Б. Вапоўскі, з аднаго боку, натуральна значна больш лагодна, чым Длугаш, ставіцца да дынастыі Ягелонаў, з іншага боку, яго твор з’яўляецца менш тэндэнцыйным у адносінах стаўлення да земляў Русі.

Сярод іншых летапісных крыніц, што выкарыстоўваліся пры даследванні тэматыкі дадзенай работы, прыгадаем “Хроніку Польшчы” Марціна Кромера, “Хроніку ўсяго свету” Марціна Бельскага і “Трактат пра дзве Сарматыі” Мацея Мяхоўскага. Марцін Кромер, будучы біскуп Вармінскі, выдаў сваю працу «De origine et rebus gestis Polonorum libri XXX» [32] ў Базэлі ў 1555 г. па даручэнні Жыгімонта Аўгуста. Хроніка, што была даведзена да 1506 г., з’яўляецца ў сваёй аснове добрай кампіляцыяй прац Гала Ананіма, Яна Длугаша і Бернарда Вапоўскага [75, с.179]. Аўтарская канцэпцыя гісторыі Кромера мела афіцыйна дзяржаўны характар, ён выступаў у падтрымку моцнай цэнтральнай улады, касцёла і магнацкай алігархіі, супраць шырокіх шляхецкіх правоў і “правінцыяльнага сепаратызму” ВКЛ і Прусіі. Нездзіўляльна, што спачатку праца Кромера была варожа сустрэта шляхтай і магнатамі-пратэстантамі, але пасля Люблінскай уніі стаўленне да хронікі палепшылася, а ў 1580 г. Сейм нават выказаў яе аўтару падзяку.

“Хроніка усяго свету” (“Kronika wszystkiego świata”) польскага гісторыёграфа і паэта эпохі Адраджэння Марціна Бельскага была напісана на польскай мове і выдадзена ўпершыню ў 1551 г. і ў далейшым папулярызавана сынам аўтара Яўхімам Бельскім. Гэты твор з’яўляецца першым у польскай літаратуры аглядам сусветнай гісторыі. Хроніка змяшчае і шмат каштоўных звестак па гісторыі Украіны, у тым ліку, першыя звесткі пра казакоў [30], адзначае неабходнасць барацьбы апошніх з турэцка-татарскай агрэсіяй. У пэўным сэнсе блізкім да “Хронікі ўсяго свету” як геаграфічнаму і этнаграфічнаму апісанню Усходняй Еўропы з’яўляецца праца Мацея Мехавіта (Карпігі) “Трактат пра дзве Сарматыі” (“Tractatus de duabus Sarmatiis”), выдадзены яшчэ ў 1517 г. Аўтар трактата – рэктар Ягелонскага універсітэта, прыдворны ўрач Жыгімонта Старога – пісаў свой твор з роспавядаў людзей, якія пабывалі ў ВКЛ і Масковіі, таму не пазбег шматлікіх недакладнасцяў і нават памылак. Але пры гэтым усё ж у яго творы ўтрымліваецца шмат цікавых звестак пра геаграфію, звычаі, побыт і штодзённае жыццё насельніцтва “Сарматый”. Следам за Янам Длугашам Мяхоўскі папулярызуе міф пра сарматскае паходжанне польскай шляхты [28, с.76], а таксама адасабляе “рускіх” ад “маскавітаў”. Прыгадвае ён і легенду пра рымскае паходжанне шляхты ВКЛ. Зразумела, што падчас апісання апошняга вялікая ўвага надаецца і украінскім землям.

Асобную групу апавядальных крыніц складаюць помнікі мясцовага украінскага летапісання ХVІ – ХVІІ стст., якія вядомы таксама пад умоўнаю назваю “казацкія хронікі” [39, с.4]. Падобныя крыніцы надаюць асаблівую ўвагу падзеям, значным для сваёй зямлі, горада ці манастыра. Унікальнасць дадзеных летапісаў у тым, што яны, нягледзячы на лакальнаы характар, часта нясуць такія звесткі па палітычнаму, сацыяльна-эканамічнаму жыццю свайго рэгіёну, якія не сустракаюцца ў помніках агульнадзяржаўнага летапісання. Сярод узораў украінскага мясцовага летапісання, якія былі выкарыстаны ў дадзенай рабоце, мы можам адзначыць Валынскі кароткі, Львоўскі летапісы, Астрожскі летапісец і інш. [2; 12; 16; 18] Асабліва адзначым так зв. “Львоўскія спамінкі” (нататкі), напісаныя на польскай мове [35].

Важнай апавядальнай крыніцай па гісторыі шляхецкага руху, што адлюстроўвае барацьбу між Польшчай, ВКЛ і, у пэўным сэнсе, – Маскоўскай дзяржавай – з’яўляецца Дзённік Люблінскага Сейма [6]. Гэты дзённік складаўся падчас аб’яднальнага Сейма Кароны і ВКЛ 1569 г., па ўсёй бачнасці, некалькімі аўтарамі, а ўпершыню выдадзены быў шляхцічам Дзялынскім. Перакладзены на рускую мову і з каментарыямі выдадзены М. Каяловічам у 1869 г. Дзённік з’яшўяецца крайне значнай крыніцай, што дазваляе па днях узнавіць працу Люблінскага Сейма і тыя дэбаты, якія адбываліся на ім між прадстаўнікамі розных шляхецкіх груповак, у тым ліку, і па “украінскаму пытанню”, вынікам рашэння якога стаў пераход украінскіх зямель ВКЛ да Польшчы.

Сярод іншых апавядальных крыніц у даследванні па тэматыцы дадзенай работы выкарыстоўваўся шэраг літаратурных і публіцыстычных твораў. Найбольш старажытным сярод іх з’яўляецца “Слова пра паход Ігаравы” – эпічны твор невядомага аўтара, напісаны ў канцы ХІІ ст. [23, с.7] Нягледзячы на тое, што праца гэтая з’яўляецца ў многім мастацкім творам і нясе часта непраўдзівую інфармацыю, “Слова” змяшчае звесткі пра гісторыю Русі часоў феадальнай дробнасці, прыгадвае цікавую інфармацыю пра падзеі і асобаў ХІ – ХІІ стст. Прыгадаем яшчэ адзін больш позні літаратурны твор – “Казанне пра князёў Уладзімірскіх” [22], напісанае ў ХVІ ст. Гэты твор, які выкарыстоўваўся маскоўскімі ўладарамі для абгрунтавання і ўмацавання аўтарытэта вялікакняжацкай, а потым царскай улады, цікавы нам, у першую чаргу, як крыніца, што дапамагае зразумець складанне ідэалагічнай канцэпцыі Масквы як экспансійнага цэнтра праваслаўнага свету.

Цэлую групу публіцыстычных крыніц ХV – ХVІ стст. складаюць творы украінскіх аўтараў эпохі Адраджэння, што жылі і працавалі ў Польскай Кароне. Тут асабліва адзначым творы выдатнага публіцыста Станіслава Арыхоўскага-Раксалана, яскравага прадстаўніка украінскай шляхты ў складзе Польшчы. Сапраўдны ідэолаг шляхецкага руху ХVІ ст., С. Арыхоўскі стварыў вядомае вызначэнне светапогляду украінскага шляхціча як часткі дзяржаўна-палітычнага арганізму Польскай Кароны – “рускага племя польскай нацыі” (“gente Ruthenus natione Polonus”) [13], якое ён адлюстраваў у цэлым шэрагу сваіх лістоў, а таксама “Установак польскаму каралю Жыгімонту Аўгусту” [14]. Прадстаўнік плыні так зв. “польскай атытурэцкай літаратуры” Арыхоўскі заклікаў да ўмацавання як сваёй дзяржавы, так і агульнага “еўрапейскага дома” для барацьбы з асманскай пагрозай (“Пра турэцкую пагрозу” і інш. творы) [15].

Перойдзем да агляду дакументальных крыніц, што дазваляюць раскрыць сутнасць працэсаў дзяржаўна-палітычнага і сацыяльнага жыцця украінскіх земляў у кантэксце супрацьстаяння за іх між Польшчай, Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Заканадаўчыя крыніцы дазваляюць прасачыць развіццё ў часе дзяржаўна-прававой сістэмы пэўнай краіны, даведацца пра афіцыйны погляд яе ўладаў на пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі. Сярод заканадаўчых крыніц па тэматыцы дадзенай работы прыгадаем, у першую чаргу, Судзебнік 1468 г. вялікага князя Казіміра, Статуты ВКЛ 1529 і 1566 гг. [24; 25; 26] З’яўляючыся помнікамі кадыфікаванага права, яны даюць каштоўную інфармацыю пра сацыяльнае жыццё ўнутры ВКЛ – прававое становішча шляхты, сялян і іншых саслоўяў. Гэтыя дакументы дазваляюць уявіць ступень развіцця шляхецкіх рухаў у ВКЛ, у тым ліку, і ва украінскіх землях ХV – ХVІ стст. Да заканадаўчых крыніц можна аднесці таксама пастановы сеймаў Кароны і ВКЛ. Асабліва прыгадаем сеймавыя пастановы, што зацвярджалі заключэнне уніі паміж Польшчай і ВКЛ: пастанову Гарадзельскага сейма 1413 г., пастанову Люблінскага сейма 1569 г. і інш., а таксама пастановы, што пашыралі правы шляхты (Радамская канстытуцыя 1505 г. і інш.) [9; 19; 31].

Сярод актавых крыніц па тэматыцы дадзенай работы вылучым, у першую чаргу, прывілеі вялікіх князёў Літоўскіх і каралёў Польскіх, якія можна падзяліць на некалькі груп. Да першай групы можна аднесці агульназемскія прывілеі шляхце, такія, як прывілеі Ягайлы 1387, Вітаўта 1413, Жыгімонта 1434, Нешаўскія статуты Казіміра 1454 гг. і інш. Некаторыя з іх дыферэнцыяваны толькі для феадалаў каталіцкай (прывілей Ягайлы 1387 г.) ці праваслаўнай (прывілей Жыгімонта Аўгуста 1563 г.) канфесій [8]. Сярод прывілеяў, што пашыраюць правы шляхты, можна вылучыць прывілеі, якія дадзены спецыяльна для магнатаў фактычна ў супрацьвагу астатнім шляхецкім колам, такія, як агульназемскі прывілей Аляксандра 1492 г. Да другой групы аднясем абласныя прывілеі, напрыклад, Едлінскі прывілей Ягайлы 1430 г. Галічыне, Троцкі прывілей Ягайлы 1432 г. для Луцкай зямлі [5; 7] і інш. Таксама вылучым прывілеі асобным гарадам на наданне ім правоў самакіравання.

Усе названыя вышэй дакументальныя крыніцы яскрава адлюстроўваюць пашырэнне ў ХІV – ХVІ стст. шляхецкага руху, што чырвонай стужкай праходзіць праз усю украінскую гісторыю тых часоў. Немалаважным з’яўляецца і асвятленне ў гэтых крыніцах рэлігійнага фактару – адносін між прадстаўнікамі розных канфесій, у першую чаргу, католікамі і праваслаўнымі.




следующая страница >>