velikol.ru
1

Марыя Спірыдонава

Спадчына і запавет

(водгук на верш А. Пысіна “Дала мне маці гэту мову…”)


Мова – гэта наша спадчына, гісторыя, тое, што аб’ядноўвае людзей у адзінае цэлае. Мова дае нам цудоўную магчымасць радавацца і смяяцца, выказваць самыя разнастайныя думкі і пачуцці. Як жа добра, што ў нас ёсць свая яркая, вобразная, прыгожая, пявучая, чароўная беларуская мова. Менавіта роднай мове прысвяціў А. Пысін верш “Дала мне маці гэту мову…”.

Калі ўпершыню прачытала гэты верш, то адчула злітнасць лірычнага героя з мовай, са сваім народам. Таксама ў душы ўзнікла пачуццё адказнасці перад самім сабой, перад сваім народам за беражлівыя адносіны да роднай мовы.

Чытаеш верш і адчуваеш, што паэт уклаў усю душу і сэрца ў гэтыя шаснаццаць радкоў, каб перадаць прыгажосць роднай мовы, каб указаць на яе вытокі, каб данесці да маладога пакалення сваё запаветнае жаданне-наказ – не пакідаць роднай мовы.

А. Пысін прысвячае верш тэме роднай мовы. Тэма гэтая не новая ў беларускай паэзіі. Цяжка знайсці паэта, які б не звяртаўся да яе. Аднак кожны з паэтаў па-свойму раскрывае тэму роднай мовы, знаходзіць нешта сваё, прыкмячае такія рысы, якія да яго ніхто не заўважаў. Якая ж яна, родная мова, для лірычнага героя верша “Дала мне маці гэту мову…”?

Родная мова прыходзіць да нас ад маці. Нездарма ў першай страфе аўтар два разы паўтарае радок “Дала мне маці гэту мову…”. Маці – гэта самы блізкі для нас чалавек, значыць, і родная мова для чалавека – самае дарагое ў жыцці.

Дала мне маці гэту мову,

Як спадчыну і запавет.

Спадчына – тое, што пераходзіць з пакалення ў пакаленне, наша мінулае, гісторыя. Беларуская мова – гэта мова, якая адкрыта не зараз, не ў ХХ стагоддзі, а мае доўгую і багатую гісторыю. Беларускія словы – гэта словы, якія здабыты “на глебе добрай беларускай”, гэта словы, якія прыйшлі да нас разам з працай народа:

Была яна не беларучкай

І на жніве, і на сяўбе.

Гэта словы, якія ўвабралі ў сябе ўсю прыгажосць нашай прыроды:

Прапахлі сонцам і падзолам,

Дажджамі, сокамі раслін.

Усё гэта робіць нашу мову такой яркай, вобразнай, маляўнічай. Немагчыма не захапляцца такой мовай і такім народам. Немагчыма, каб такая прыгажосць знікла. І пагэтаму апошняя страфа верша, напісаная ў фолрме зварота маці да сваёй дачкі, перадае запаветнае жаданне лірычнага героя і, як мне здаецца, самога А. Пысіна – захаваць родную мову, зберагчы яе для нашчадкаў.

Дачка мая! У жыццёвай прозе

У буднях і святочным днём

Не пакідай яе ў парозе,

Калі ў нечы ўвойдзеш дом.

Вобразы маці і дачкі ў вершы сімвалізуюць бацькоў і дзяцей, мінулае пакаленне і сучаснае. І гэты зварот – гэта наказ маладому пакаленню. Давайце ж берагчы сваю беларускую мову, бо гэта наш скарб, здабыты продкамі ў цяжкай працы, цеплыня душы, перададзеная нам ад маці.