velikol.ru
1 2 3 4


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Гістарычны факультэт


Кафедра гісторыі

паўднёвых і заходніх славян


Попель Радзівон Ігаравіч


Украіна між Польшчай, Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай.

Сярэдзіна ХV – другая палова ХVІ стст.


Курсавая работа студэнта 4 курса дзённага аддзялення

Спецыяльнасць: Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)


Навуковы кіраўнік: кандыдат гістарычных навук,

дацэнт Міхайлоўская Людміла Львоўна


г. Мінск, 2011

ЗМЕСТ



Уводзіны ………………………………………………………………………..

3

Глава І. Украінскія землі як частка дзяржаўнай структуры

Польскай Кароны ………………………………………………………………


8

Глава ІІ. Украіна ў складзе ВКЛ ва ўмовах палітыкі

цэнтралізацыі і нарастання шляхецкага руху………………………………...


20

Глава ІІІ. Узмацненне маскоўскага фактара ў гістарычным лёсе

Украіны………………………………………………………………………...


37

Глава ІV. Люблінская унія і Украіна: гістарычны сэнс

і наступствы…………………………………………………………………….


46

Заключэнне………………………………………………………………….....

57

Спіс крыніц і даследаванняў………………………………………………….

61



УВОДЗІНЫ


На храналагічным памежжы Сярэднявечча і Новага часу украінскія землі, маючы шмат агульнага ў сваім гістарычным і культурным развіцці, былі ўключаны ў палітычныя і сацыяльна-эканамічныя арганізмы розных дзяржаў, што не магло не адбіцца на жыцці насельніцтва вялізных тэрыторый Украіны. Барацьба за украінскія землі між рознымі дзяржавамі рэгіёна мае глыбокія гістарычныя карані.

Землі Украіны на працягу Сярэднявечча з’яўляліся арэнай сутыкнення дзяржаўных інтарэсаў між рознымі краінамі: Вялікім княствам Кіеўскім, Галіцка-Валынскай дзяржавай, Венгрыяй, Трансільваніяй, Малдовай. Але калі мы гаворым пра ХV ст., то гэта, у першую чаргу, Польшча і Вялікае княства Літоўскае. Для Польшчы экспансія на ўсход яшчэ з Х ст. з’яўлялася адным з галоўных знешнепалітычных прыярытэтаў. На другую палову ХV ст. плён намаганняў Кароны ў гэтым напрамку добра бачны. У склад Польшчы ўжо ўваходзілі Галічына і Заходняе Падолле. Далейшым памкненнем Польскай Кароны было распаўсюджванне свайго ўплыву на тыя украінскія землі, што знаходзіліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Галоўным правадніком гэтай ідэі была польская шляхта, якая спадзявалася атрымаць доступ да вялікіх земляў Цэнтральнай і Усходняй Украіны.

ВКЛ, якое ў поўнай назве з’яўлялася таксама Вялікім княствам Рускім, здаўна адыгрывала ролю значнага цэнтра ў збіранні земляў Русі. У другой палове ХV – пачатку ХVІ стст. ВКЛ яшчэ належала большая частка земляў Украіны – Валынь, Усходняе Падолле, Кіеўшчына, Чарнігаўшчына і Севершчына, а таксама вялікія, але мала заселеныя тэрыторыі Дзікага Поля. Але Вялікае княства знаходзілася пад пастаянным ціскам з боку суседніх дзяржаў, адной з прычын чага было права валодання украінскімі землямі. Адносіны ВКЛ і Польшчы мелі вельмі складаны характар. З аднаго боку, востра стаяла пытанне аб’яднання на правах уніі. Польская шляхта асабліва падтрымлівала гэтую ідэю, што знаходзіла спачуванне ў шляхты ВКЛ, але не падтрымлівалася яго незалежніцкімі коламі, у першую чаргу, магнатэрыяй. З іншага боку, ВКЛ супрацьстаяла польскім памкненням да далучэння сваіх украінскіх валоданняў. Польскае ўмяшальніцтва ў справы ВКЛ з мэтай далучэння украінскіх земляў добра бачна падчас падзеяў паўстання князя Свідрыгайлы, што вылілася ў сапраўдную грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1430-х гг. Аднак палітыка Польшчы ў гэты час пацярпела паразу: яна не здолела ні інкарпараваць ВКЛ, ні далучыць украінскія землі. Вялікае княства ж, дзякуючы цэнтралізатарскай палітыцы, яшчэ на больш за стагоддзе гарантавала сваё валоданне імі.

Яшчэ адным фактарам, што непасрэдна паўплываў на гістарычны лёс Украіны, з’яўлялася палітыка Масквы. Маскоўская дзяржава з’яўлялася моцна цэнтралізаваная манархіяй, што ў другой палове ХV – ХVІ стст. перажывала пад’ём. Выпрацаваўшы ідэалагічную канцэпцую пераемнасці ад старажытных хрысціянскія дзяржаў і стаўшы пад сцяг абароны праваслаўя, Масква пачала актыўную экспансію на захад з мэтай збірання земляў Русі. Натуральна, што гэта не магло не выклікаць жорсткага сутыкнення з Вялікім княствам Літоўскім. У выніку войнаў з ВКЛ Маскоўскай дзяржаве ўдалося далучыць Чарнігаўшчыну і Севершчыну. І хоць маскоўскае падпарадкаванне Украіны ішло паступова і з пераменным поспехам, далучыўшы частку украінскіх земляў, Масква не збіралася спыняцца на гэтым шляху.

Насельніцтва Украіны ва ўсіх гэтых падзеях не з’яўлялася пасіўным назіральнікам. У асяроддзі украінскай шляхты, што апынулася ў складзе Польшчы і атрымала роўныя правы з польскай шляхтай, з’явіўся феномен, падвоенай самаідэнтыфікацыі: адначасова як часткі “рускага” народа і як часткі высокароднага стану адзінай Польскай дзяржавы. Натуральна, што ў гэтых умовах украінская шляхта актыўна ўключылася ў рух за пашырэнне правоў і вольнасцяў польскай шляхты. Рух гэты, які з’явіўся ў Польшчы, неўзабаве перакінуўся і на украінскія валоданні ВКЛ. Імкненне да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў” украінскай шляхты з’яўляецца ключавым момантам у разуменні пераходу украінскіх валоданняў ВКЛ у склад Польшчы падчас паседжанняў Люблінскага сейму 1560 г. У далейшы перыяд сваёй гісторыі украінская шляхта, па большай частцы захаваўшая праваслаўную веру і сваю “рускасць”, існавала ў палітычных рэаліях Польшчы – каталіцкай дзяржавы з нарастаючай шляхецкай анархіяй.

З іншага боку, маскоўскі лад на падпарадкаваных землях прапаноўваў зусім іншы варыянт грамадска-палітычных адносін. Бескампрамісныя цэнтралізацыя і праваслаўе – вось што вызначала палітыку Масквы. Далейшая гісторыя Украіны будзе вызначацца сутыкненнем двух дзяржаў і двух грамадска-палітычных сістэм – Рэчы Паспалітай і Маскоўскага царства.

Гістарычны лёс Украіны шчыльна звязаны з гісторыяй шэрагу дзяржаў, у тым ліку, і з гісторыяй Беларусі. Доўгі час нашыя продкі суіснавалі ў адзінай дзяржаве, таму тыя падзеі, што адбываліся, у тым ліку, і ў ХV – ХVІ стст., моцна паўплывалі на гісторыю нашых краін. Пры гэтым зазначым, што тэма гістарычнага лёсу Украіны ў Сярэднявечча і Ранні Новы Час, на жаль, не мае шырокага асвятлення ў беларускай гісторыяграфіі.

Пры напісанні дадзенай работы быў выкарыстаны цэлы шэраг пісьмовых гістарычных крыніц, што бяруць сваё паходжанне з Полшчы, ВКЛ, Маскоўскай дзяржавы. Асаблівая ўвага нададзена мясцовым крыніцам з украінскіх земляў. У рабоце былі выкарыстаны такія ўзоры летапісання, як “Гісторыя Польшчы” Яна Длугаша, “Хроніка” Бернарда Вапоўскага, “Хроніка Польшчы” Марціна Кромера. “Хроніка ўсяго света” Марціна Бельскага, “Хроніка Быхаўца” і інш. Значнымі гістарычнымі крыніцамі, на якія абапіраецца гэтая работа, з’яўляюцца тэксты цэлага шэрага прывілеяў каралёў Польскіх і Вялікіх князёў Літоўскіх шляхецкаму стану. Гэтыя крыніцы дазваляюць прасачыць палітычнае і канфесійнае становішча ў ВКЛ і Польшчы ХV – ХVІ стст.

“Гісторыя Польшчы” была створана польскім гісторыкам, сакратаром кардынала Збігнева Алясніцкага, а ў канцы жыцця – архібіскупам Львоўскім– Янам Длугашам у ХV ст. Гэтая крыніца з’яўляецца прыкладам асэнсавання гістарычных падзей іх сучаснікам і нясе крайне каштоўную інфармацыю пра падзеі ў Польшчы і ВКЛ у ХV і ХVІ стст. Непасрэдна закранаюцца ў крыніцы і падзеі, што адбываліся на украінскіх землях.

Вельмі значнай крыніцай, якая выкарыстоўвалася пры стварэнні дадзенай работы з’яўляецца хроніка (“Дзеянні кароны Польскай”) Бернарда Вапоўскага, польскага святара-гісторыка, сакратара Жыгімонта Старога, створаная ім у першай палове ХVІ ст. Хроніка, якая часткова абапіраецца на работу Я.Длугаша, утрымлівае ў тым ліку і шматлікія звесткі па гісторыі Польшчы і ВКЛ ХV ст., дае свае адзнакі гістарычным падзеям. Шмат інфармацыі прыгадваецца ў крыніцы і ў адносінах да украінскіх земляў.

Сярод узораў беларуска-літоўскага летапісання прыгадаем “Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” (“Летапіс Рачынскага”), а таксама - летапісны звод, што вядомы як “Хроніка Быхаўца” і з’яўляецца ўзорам беларускага ананімнага летапісання сярэдзіны ХVІ ст. Важнай гістарычнай крыніцай, што дапамагае разумець працэсы складання маскоўскай знешнепалітычнай канцэпцыі, з’яўляецца “Казанне пра князёў Уладзімірскіх”.

Прыгаданыя гістарычныя крыніцы, хоць і з’яўляюцца тэндэнцыйнымі, нясуць вельмі каштоўную інфармацыю па сярэднявечнай гісторыі Польшчы, ВКЛ, у тым ліку, і украінскіх земляў, паказваюць асэнсаванне гістарычных падзей у Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім.

Асобную групу складаюць помнікі мясцовага украінскага летапісання, што надаюць асаблівую ўвагу падзеям, значным для сваёй зямлі ці горада. Сюды мы можам аднесці Валынскі кароткі, Львоўскі летапісы, Астрожскі летапісец і інш. Немалаважным для дадзенай работы з’яўляецца выкарастанне публіцыстычных помнікаў азначанай эпохі. Тут асабліва адзначым творы Станіслава Арыхоўскага-Раксалана – публіцыста эпохі Рэнесансу, яскравага прадстаўніка украінскай шляхты ў складзе Польшчы, ідэолага шляхецкага руху ХVІ ст.

Работа абапіраецца і на шэраг навуковых даследванняў. Сярод іх – грунтоўныяя работы польскіх гісторыкаў О.Галецкага “Dzieje Unji Jagiellońskiej” (Kraków, 1919 – 1920), Л.Калянкоўскага “Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów” (Warszawa, 1930), а таксама – манаграфія сучаснага гісторыка-медыявіста Г.Блашчыка “Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492-1569”. (Poznań, 2002) і інш.

Адна з найбольш значных работ украінскай гісторыяграфіі - даследаванне М.Грушэўскага “Історія України-Руси (Київ, 1936). Аўтар на падставе багатай базы крыніц разглядае ў кантэксце украінскай гісторыі прычыны і непасрэднае развіццё грамадска-палітычных працэсаў у ВКЛ, надае асаблівую ўвагу украінскім аспектам гэтых падзей. Вялікую ролю ў развіцці сучаснай украінскай гістарычнай навукі адыгрываюцт працытакіх даследчыкаў, як Н.Якавенка, Л.Вайтовіч, Д.Налівайка, С.Сегеда і інш.

Сярод іншых навуковых даследаванняў, што былі выкарыстаны ў курсавой рабоце, можна прыгадаць “Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии влючительно” (М., 1915), “К вопросу об ограничении политических прав православных князей, панов и шляхты в Великом княжестве Литовском до Люблинской унии” (// Сборник статей, прсвящённых В.О.Ключевскому. М., 1909) і “История западных славян (прибалтийских, чехов и поляков)” (М., 1918) рускага гісторыка М.Любаўскага. У сваіх працах М.Любаўскі дэтальна аналізуе прававое становішча праваслаўнай шляхты ВКЛ у ХIV – ХVІ стст., разглядае палітычныя працэсы ў ВКЛ і Польшчы тых часоў.

У курсавой рабоце выкарыстаны таксама матэрыялы навуковай работы С.Пазняка “Курс лекций по истории Украины (ІХ – первая половина XVІІ в.)” (Мн., 2000) якая з’яўляецца фактычна адзіным прыкладам буйной навуковай работы ў беларускай гісторыяграфіі, дзе разглядаецца палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё украінскіх земляў у азначаны перыяд.

Падчас напісання работы таксама выкарыстаны працы Ф.Дворніка “Славяне в европейской истории и цивилизации” (М., 2001), А.Субцельнага “Історія Україні”, В.Пахлёбкіна “Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах” і іншыя.

У дадзенай рабоце разглядаюцца падзеі храналагічнага прамежка з сярэдзіны ХV ст. да заключэння Люблінскай уніі 1569 г. Сярэдзіна ХV ст. – час стабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ва украінскіх землях пасля сканчэння грамадзянскай вайны ў ВКЛ і ўступлення на трон Вялікага княства, а потым – і Польшчы – Казіміра Ягелончыка. Гэты час быў адзначаны пачаткам юрыдычнага пашырэння правоў шляхты і актыўнага развіцця шляхецкіх рухаў, апагеем чаму стала Люблінская унія 1569 г. Пры гэтым у курсавой рабоце закранаюцца і больш раннія падзеі ХІV – першай паловы ХV стст., якія паўплывалі на фарміраванне палітычнага, рэлігійнага і сацыяльна-эканамічнага становішча ва украінскіх землях у больш познія часы.

Сярэдзіна ХV – другая палова ХVІ стст. сталі насычаным падзеямі этапам украінскай гісторыі, што непасрэдна паўплываў на складанне адзінага украінскага народа і культуры, а таксама на працэсы нашай і агульнаеўрапейскай гісторыі. Мэта дадзенай работы – асвятліць узаемасувязі грамадска- палітычных, сацыяльна-эканамічных фактараў у гісторыі Украіны сярэдзіны ХV – другой паловы ХVІ стст., разгледзець гістарычны лёс украінскіх земляў у азначаны час у кантэксце палітычнага і ідэалагічнага супрацьстаяння за права валодання імі Польшчы, Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы.


ГЛАВА І.

^ УКРАІНСКІЯ ЗЕМЛІ ЯК ЧАСТКА ДЗЯРЖАЎНАЙ

СТРУКТУРЫ ПОЛЬСКАЙ КАРОНЫ


29 чэрвеня 1440 г. волею шляхты трынаццацігадовы каралевіч Казімір Ягелончык быў узведзены на трон Вялікага княства Літоўскага. Гэтая падзея, здавалася, скончвала доўгі перыяд нестабільнасці і войн унутры Вялікага княства і адкрывала новыя перспектывы для яго развіцця ў якасці самастойнай дзяржавы. Тыя колы станаў ВКЛ, якія выступалі за адасобленасць сваёй дзяржавы ад Польшчы, маглі быць задаволены. Унія фактычна была парушана, польскі кароль Уладзіслаў ІІІ, старэйшы брат Казіміра, так і не быў выбраны Вялікім князем, абедзве краіны засталіся з асобнымі ўладарамі. Ролю рэальных кіраўнікоў дзяржавы пры малалетстве гаспадара выконвалі ўплывовыя свецкія і духоўныя феадалы. Але падзеі, што адбыліся потым, змянілі такое становішча спраў.

Пасля гібелі пад Варнай Уладзіслава ІІІ польскі трон стаў вакантным і Казімір быў запрошаны на каралеўства. У гэтай сітуацыя Казімір апынуўся ў складаным становішчы: з аднаго боку былі палякі, якія вылучылі яго галоўным прэтэндэнтам на карону, з іншага – прадстаўнікі ВКЛ, якія намагаліся пазбегнуць новай уніі і не хацелі адпускаць свайго гаспадара ў Польшчу. Бескаралеўе цягнулася аж тры гады, але вырашальнай аказалася небяспека выбару на польскі трон каго-небудзь з іншых прэтэндэнтаў, галоўным з якіх быў Баляслаў ІV Мазавецкі. Пагроза канчатковага разрыву з Польшчай зрабіла сваю справу, і 25 чэрвеня 1447 г. малодшы сын Ягайлы ўсё ж стаў каралём Польскім пад імём Казіміра ІV. Персанальная унія між Каронай і ВКЛ была ўзноўлена. Праўленне Казіміра працягвалася да 1492 г. і стала самым доўгім у гісторыі абедзьвух краін. Праўленне гэтае было насычана падзеямі, але ў агульным яго можна ахарактарызаваць як час хуткага развіцця “шляхецкай дэмакратыі” ў краінах уніі, але пры гэтым – росту цэнтралізатарскіх тэндэнцый у іх адміністратыўна-тэрытарыяльнай структуры. [28, с.23] Яшчэ крайне важны момант -паступовае павелічэнне польскага ўплыву і на ўнутраны лад у Вялікім княства Літоўскім. Тыя ж тэндэнцыі не маглі, безумоўна, не закрануць і паўднёвыя тэрыторыі гэтых дзяржаў – вялізныя як па тэрыторыі, так і па людскім рэсурсам украінскія землі.

На другую палову ХV ст. землі Украіны не ўяўлялі сабою адзінага ўтварэння ні ў палітычна-адміністрацыйным, ні ў сацыяльна-эканамічным планах. Тэрыторыі гэтыя былі падзелены між некалькімі дзяржавамі, што наклала свой адбітак на ўнутраны лад паўднёва-рускіх земляў. Большая іх частка знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага: Валынь, Падолле, Брацлаўшчына, Кіеўшчына і ўсходнеукраінскія землі.

Яшчэ з часоў Высокага Сярэднявечча назіралася стойкая тэндэнцыя ў імкненні Польшчы да далучэння паўднёва-усходніх тэрыторый [38, с.25]. Гэтыя імкненні давалі свой плён, і з цягам часу палякі ўсё больш павялічвалі свой уплыў у гэтым накірунку. У другой палове ХV ст., дзякуючы набыццям розных каралёў, ужо ўваходзіла значная частка паўднёва-усходняй Русі, што была падзелена на Рускае (цэнтр – Львоў), Бэлзскае і Падольскае з цэнтрам у Камянцы-Падольскім ваяводствы [52, с.107]. Усе тры ваяводствы адносіліся да Малапольскай правінцыі Польскай Кароны.

Польшча і ВКЛ былі не адзінымі дзяржавамі, што адзначыліся ў “збіранні” украінскіх земляў. Яшчэ з ХІ – ХІІІ стст. Тэрыторыі ў Закарпацці былі занятыя Венгрыяй, дзе былі ўтвораны Ужанскі, Бярэзкі, Угачанскі і Марамурскі жупы (камітаты). Пасля Могача (1526) частка Закарпацця адыйдзе да Трансільваніі, у тым ліку, найбуйнейшы мясцовы цэнтр Мукачава, а таксама Хуст – першы украінскі горад, што атрымае Магдэбургскае права (1329). Іншая частка Закарпацця будзе аддадзена Аўстрыі (Ужанскі камітат). Яшчэ аднаму паўднёваму суседу Польшчы і ВКЛ – Малдаўскаму гаспадарству – належала Букавіна (частка сучасных Чарнавецкай і Івана-Франкоўскай вобласцей Украіны), а таксама Пакуцце (ці Кут Галічыны; паўднёва-заходняя частка сучаснай Івана-Франкоўскай вобласці Украіны). Адметным з’яўляецца тое, што Букавіна ў складзе Малдовы да сярэдзіны ХV ст. з’яўлялася аўтаномнай. У першай палове ХVІ ст. разам з Малдовай Букавіна і Пакуцце трапілі ў васальную залежнасць ад Асманскай імперыі.

Украінскія землі ў складзе розных дзяржаў мелі свае адметныя асаблівасці і нават значныя адрозненні ў сваім палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці. Разгледзім падрабязней становішча ў другой палове ХV ст. украінскіх земляў у складзе Польскай Кароны.

Шляхі ўваходжання украінскіх земляў у склад Польшчы былі рознымі. Галічына была далучана ў ХІV ст. каралём Казімірам ІІІ Вялікім у выніку падзелу Галіцка-Валынскай дзяржавы. Тады ж была далучана і заходняя частка Падолля. Усходняе Падолле было доўга зонай польскіх прэтэнзій, і ў рэшце рэшт у 1430-х гг. у часы феадальных войнаў у ВКЛ таксама было далучана да Кароны. Шмат разоў з рук у рукі пераходзіла Бэлзская зямля. Некалі невялікае самастойнае княства, яна папала ў залежнасць да Галіцка-Валынскай дзяржавы, потым – да ВКЛ, а ў 1388 г. стала васалам Мазовіі. У рэшце ў 1462 г. Бэлзскае княства было далучана да Польшчы.

Трэба сказаць, што першапачаткова землі Русі, увайшоўшыя ў склад Кароны, мелі аўтаномны статус, лічыліся асабістым даменам караля і захоўвалі свае старыя ўнутраныя парадкі [52, с.108]. Так, у адрозненні ад польскай, мясцовая шляхта ўсё яшчэ не мела безумоўнага права ўласнасці на зямельныя маёнткі, забаронена было прадаваць ці дараваць маёнткі без спецыяльнага дазволу. Шляхцічы былі абавязанымі несці ваенную службу асабіста і выстаўляць узброенныя конныя атрады. Ваенная служба для іх лічылася асабістай службай каралю, і за яе ігнараванне манарх меў поўнае права канфіскаваць маёнткі шляхты. Неслі мясцовыя феадалы і шэраг павіннасцяў (напрыклад, па рамонту ўмацаванняў), плацілі натуральныя падаткі. Яшчэ адной яскравай праявай існавання аўтаноміі быў той факт, што ў Галічыне аж да 1430-х гг. білася ўласная манета (“грошык рускі” ці “львоўскі”) [46, с.34]. Але важнай прыкметай унутранай палітыкі Польскай Кароны было імкненне да цэнтралізатарскіх тэндэнцый у адносінах да далучаных земляў. У гэтым было пэўнае адрозненне ад сітуацыі ў ВКЛ, дзе аднак таксама з часоў уладарання Вітаўта Вялікага (1392 – 1430) пачалі браць верх цэнтралізатарскія тэндэнцыі.

У Кароне перавод украінскіх земляў з аўтаномнага на звычайнае становішча пачаў Едлінскі прывілей 1430 г. караля Уладзіслава ІІ Ягайлы [35, с.132]. Згодна з ім у 1434 г. Руская зямля (Галічына) ператваралася ў адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Польшчы – Рускае ваяводства – у складзе Львоўскай, Перамышльскай, Сяноцкай, Галіцкай і Холмскай земляў. Мясцовы генеральны рускі (львоўскі) стараста быў заменены на польскага намесніка. На польскі манер былі ўсталяваны шляхецкія сеймікі [52, с.46]: для ўсяго ваяводства ў Судовай Вішні і спецыяльна для Хелмскай зямлі ў Хелме. Пазней, у 1563 г., з’явіўся таксама сеймік для Галіцкай зямлі, што засядаў у Цярэбаўлі. У 1434 жа годзе было ўтварана і Падольскае ваяводства з сеймам у Камянцы-Падольскім. З пашырэннем пасля канчатковага далучэння астатняй часткі Падолля ваяводства стала складацца з трох паветаў: Камянецкага, Ляцічоўскага і Чарвонагроцкага. З далучэннем да Польшчы ў 1462 г. у ваяводства было ператворана і Бэлзскае княства – самае маленькае з украінскіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Сеймік тут збіраўся ў Бэлзе.

Далучэнне мясцовай украінскай шляхты да сеймікавання, удзел дэпутатаў ад сеймікаў у працы вальнага Сейму як нельга лепш сведчаць пра пачатак далучэння шляхты земляў Русі да працэсаў развіцця польскай “шляхецкай дэмакратыі”. Па дадзеным, якія прадстаўляе Н.Якавенка [30, с.201], з 1548 да 1572 гг. з сеймікаў украінскіх ваяводстваў на Сейм Кароны быў адпраўлены 121 дэпутат, у той час, як з трох астатніх ваяводстваў генеральнай правінцыі Малая Польшча – Кракаўскага, Люблінскага і Сандамірскага – за гэты ж час было адпраўлена 92 дэпутаты. Разам з гэтым вышэйшыя ўраднікі украінскіх земляў атрымалі прадстаўніцтва ў Сенаце. Так, Падольскае ваяводства мела трох сенатараў, якімі з’яўляліся ваявода Падольскі, кашталян Камянецкі і біскуп Камянецкі. Сярод іншых органаў мясцовага самакіравання сталі стварацца і выбарныя шляхецкія земскія суды. Мясцовая шляхта была вызвалена ад павіннасцяў. На тэрыторыі украінскіх ваяводстваў усё больш распаўсюджвалася польскае права, а мясцовая шляхта ўсё больш далучалася да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў”.

Пры ўсім гэтым шляхта ва украінскіх ваяводствах ва ўсё больш значнай ступені станавілася неаднароднай і па рэлігійнай, і па этнічнай прыкметах. [52, с.138] З пашырэннем уплыву Польшчы на землі Паўднёва-Заходняй Русі сюды, безумоўна, узрасла і міграцыя палякаў. Феадалаў прываблівала магчымасць набыцця зямлі, тым больш, што каралеўскі ўрад актыўна раздаваў землі на пустуючых тэрыторыях у раёне Дзікага Поля. Узамен на гэта феадалы арганізоўвалі абарону гэтых яшчэ мала абжытых і дрэнна ўмацаваных земляў, што знаходзіліся пад непасрэднай пагрозай з боку суседніх мусульманскіх дзяржаў. Гандляры і рамеснікі ехалі сюды з прадчуваннем адкрыцця новых рынкаў вытворчасці і збыту прадукцыі, а сяляне – з надзеяй зноў жа знайсці зямлю ў мала заселеным рэгіёне. Прыязджалі на украінскія землі не толькі палякі, хутка павялічвалася колькасць немцаў, яўрэяў і армян. Прыезджае насельніцтва пражывала ў асноўным у гарадах, таму сярод гарадскіх жыхароў колькасць украінскага насельніцтва стала значна памяншацца. Палякі інемцы сярод прыезджых займалі лідыруючыя пазіцыі. Так, у Львове ў пачатку ХV ст. немцы складалі каля 70%, хоць у далейшым іх колькасць значна паменшылася (у пачатку ХVІ ст. – да 14 %), як лічыцца, у асноўным з-за іх апалячвання [52, с.201].

Такія дэмаграфічныя змены цягнулі за сабой змены ў жыцці украінскага горада. Каталіцкае насельніцтва прынесла з сабою сваю рэлігію, культуру. На заходні манер будаваліся цэлыя кварталы, дзе пражывалі польскія і нямецкмя перасяленцы. Найважнейшай з’явай у жыцці гарадоў таго часу стала атрыманне імі Магдэбургскага права, якое давала магчымасць мяшчанам быць больш незалежнымі ад феадалаў, плаціць падаткі непасрэдна каралеўскай адміністрацыі і ствараць свой орган смакіравання – магістрат, – які складаўся звычайна з выбарных лавы і рады. Распаўсюджваюцца ў гарадах рамесныя цэхі і купецкія гільдыі. Так, у Львове ў першай палове ХV ст. было 10 цэхаў, у канцы гэтага стагоддзя – 14, а ў сярэдзіне ХVІ ст. – больш за 20 цэхаў [52, с. 203]. Пастаянныя кантакты між цэхамі і гільдыямі розных гарадоў (і нават краін) актывізоўвалі развіццё рамяства і гандлю і зноў жа спрыялі распаўсюджванню заходняга ўплыву. Наогул сярод прыехаўшых у гарады нешляхецкіх станаў большасць займалася менавіта эканамічнымі відамі дзейнасці. Так, яўэрэям наогул было афіцыйна забаронена займацца сельскай гаспадаркай, а ў некаторых месцах – таксама рамяством і гандлем (у цэхі і гільдыі іх не прымалі), таму многія з іх станавіліся ліхвярамі.

Адным з галоўных аспектаў у жыцці чалавека і грамадства Сярэднявечча і Ранняга Новага часу быў рэлігійны фактар. “Народ веруючых”, гавораць звычайна, характарызуючы рэлігійнае жыццё феадальнай Еўропы”, - піша французкі даследчык Марк Блок. [26, с.144] Падаўляючая большасць насельніцтва украінскіх земляў на момант уключэння іх у склад Кароны ў ХІV - ХV стст. з’яўлялася праваслаўнай. Непасрэдны ўплыў з боку каталіцкай Польшчы і павялічэнне каталіцкага насельніцтва вялі да пачатку хуткага распаўсюджвання тут каталіцызму. У Львове было заснавана каталіцкае архібіскупства (у 1430 г. прыраўнена ў правах да Гнезненскага), а таксама кафедры ў Галічы, Перамышлі, Уладзіміры і Хелме [27, с.78]. Праваслаўныя і католікі ва украінскіх валоданнях Польскай Кароны сутыкнуліся з неабходнасцю суіснавання поруч.

Безумоўна, што польскія ўлады і Рымскі касцёл аказвалі найвялікшую падтрымку католікам на украінскіх землях – як у матэрыяльным, так і ў ідэалагічным планах. Значная частка буйной шляхты (палякі ці русіны, перайшоўшыя ў лона Касцёла) стала каталіцкай, будаваліся – у асноўным у гарадах - каталіцкія храмы і кляштары. Настойваў на пераводзе “схізматыкаў” у у сваю веру і замене праваслаўных біскупаў на каталіцкіх і Рым. Аднак трэба зазначыць, што ні сапраўды жорсткага ўціску на праваслаўную большасць, ні тым больш рэпрэсій з боку каталіцкіх улад не існавала. Замест гэтага каралеўскі урад выбраў правядзенне больш мягкай і адначасова больш прагматычнай палітыкі.

У цэнтры ўвагі польскіх уладаў было стварэнне ўласнай царкоўна- адміністрацыйнай структуры для праваслаўных, што пражывалі на тэрыторыі украінскіх валоданняў Кароны. Яшчэ ў 1370 г. кароль Казімір ІІІ Вялікі са згоды Канстанцінопальскага Сусветнага Патрыярха Філафея заснаваў праваслаўную Галіцкую мітраполію, да якой адносіліся таксама украінскія валоданні Валахіі і Малдовы. Першым мітрапалітам Галіцкім быў пастаўлены Антоній. Тым не менш, у 1409 г. пад уплывам мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Русі Фоція (1409 – 1431) Галіцкая мітраполія была ліквідавана як асобны царкоўны інстытут і далучана да Кіеўскай мітраполіі. Але ў любым выпадку праваслаўная царкоўная структура на тэрыторыі Польскай Украіны захавалася. Такая палітыка польскіх улад паказвае іх палітычную дальнабачнасць, бо нягледзячы на працэс акаталічвання, большасць насельніцтва украінскіх земляў, у першую чаргу, у сельскай мясцовасці, заставалася праваслаўным, а колькасць праваслаўных цэркваў была прыкладна ў пятнаццаць разоў большай за колькасць касцёлаў [27, с.79].

Суіснаванне праваслаўных і католікаў у адной дзяржаве паклала адбітак і на з’явы культуры. Мы ўжо казалі пра распаўсюджванне заходнееўрапейскіх стыляў у архітэктуры, спачатку раманскага, а з ХV ст. – гатычнага. Гэтыя ж рысы былі характэрны не толькі для каталіцкай, але і для праваслаўнай царкоўнай будоўлі, што ўласціва і для земляў Вялікага княства Літоўскага. З уплывам заходнекаталіцкай культуры на украінскія землі прыйшоў Рэнесанс, пашырыліся светапогляд і веды пра замежныя краіны мясцовых жыхароў. Пачала распаўсюджвацца лацінская мова, адкрываліся новыя школы (у асноўным пры касцёлах), усё больш выхадцаў з земляў Русі сталі атрымліваць адукацыю ў Кракаўскім і заходнееўрапейскіх універсітэтах. Выхадцамі з украінскіх земляў быў і цэлы шэраг дзеячаў эпохі гуманізму Польскай Кароны, такіх, як Гжэгаш з Сянока (каля 1407 – 1477), Павел Русін з Кросна (каля 1470 – каля 1517), Георгій Русін з Тычына (? – пасля 1548) і інш.

Але ўсё ж нельга казаць пра тое, што працэсы культурнага ўплыву былі аднабаковымі, яны мелі хутчэй дыфузійны характар. Яшчэ з тых часоў, калі Ліцвін Ягайла сеў на польскі трон, культура Русі стала пранікаць і ў Карону: прыклады гэтаму – фрэскі Троіцкай капліцы Люблінскага замка, Сандамірскага кафедральнага касцёла, капліцы Святога Крыжа кафедральнага касцёла на Вавелі ў Кракаве і іншыя ўзоры грэцкай школы роспісу. Цікавым з’яўляецца і той факт, што набыўшая вялікую папулярнасць як прадмет хрысціянскага культу ў Польшчы ікона Маці Божай Чанстахоўскай належыць да ўсходняга стылю іканапісу [27, с.79].

Пры ўсёй шматпланавасці палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця украінскіх земляў у складзе Кароны ўсё ж адным з найбольш яскравых фактараў, што характэрызуе тую эпоху, з’яўляецца развіццё “шляхецкай дэмакратыі” і пашырэнне “залатых шляхецкіх вольнасцеў”. З цягам часу Польшча развівалася ва ўсё больш значнай ступені як шляхецкая манархія і парламенцкая дзяржава, у якой улада караля была ў вельмі значнай ступені абмежавана шырокімі правамі пануючага стану – шляхты, – якая збіралася на мясцовыя сеймікі і агульнадзяржаўны Сейм. Імкненне шляхты да заўсёды яшчэ большага пашырэння сваіх правоў і вольнасцяў у многім вызначала ўнутраны лад у краіне. Пра далучэнне украінскай шляхты да агульнапольскіх тэндэнцый мы ўжо казалі, а зараз разгледзім асноўныя прававыя дакументы, што садзейнічалі развіццю ў Польскай Кароне “шляхецкай дэмакратыі”.

Пад ціскам шляхты і для забеспячэння падтрымкі з яе боку ў Трынаццацігадовай вайне 1454 – 1466 гг. з Ордэнам кароль Казімір ІV падчас Сейма пад Нешавай у 1454 г. выдаў шэраг прывілеяў, што вядомы як Нешаўскія статуты. Яны былі выдадзены асобна для Малой Польшчы, Вялікай Польшчы, Серадскай, Хелмінскай, Саноцкай і Перамышльскай земляў. Прычым прывілей шляхце Малой Польшчы быў выдадзены 11 лістапада, а для вялікапольскай шляхты, пад яе ціскам, – на наступны дзень. Згодна з Статутамі [26, с. 228], кароль мог выдаваць законы, уводзіць новыя падаткі, абвяшчаць вайну і мір і набіраць войска толькі са згоды шляхецкіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў. У Малой Польшчы шляхецкі суд меў юрысдыкцыю і над гарадамі, што распаўсюджвалася і на украінскія землі. Яшчэ адным важным аспектам Нешаўскіх статутаў была адмена выключнага права магнатаў займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, рэгуляваць судаводства і мясцовае кіраванне. Такім чынам, кароль падтрымаў сярэднюю і дробную шляхту ў барацьбе з буйнымі магнатамі. Гэты момант з’яўляецца крайне важным у фарміраванні ў Польшчы прававой роўнасці шляхты. У адрозненні ад ВКЛ, дзе існаваў моцны кантраст між становішчам магнатаў і астатняй шляхты, у Кароне ўсе прадстаўнікі шляхты атрымалі роўныя правы, што нярэдка будзе выклікаць імкненне да таго ж і ў прадстаўнікоў шляхты Вялікага княства. У агульным жа Нешаўскія статуты сталі адной з галоўных прававых асноваў фарміравання ў Кароне “шляхецкай дэмакратыі” і абмежавання ўлады караля і магнатаў.

Яшчэ адным значным фактарам далучэння заходнеукраінскай шляхты да польскай прававой сістэмы з’яўляецца распаўсюджванне дзеяння Вісліцка-Петракоўскіх статутаў – польскага збору актаў, у асноўным, крымінальнага права, што сфарміраваўся на аснове звычаёвага права на працягу сеймаў 1346 – 1347 гг. [27, с.231]. Сярод іншага, Статуты замацавалі пераход ад натуральнай рэнты да грашовай, пашыралі права распараджэння шляхецкім маёнткам, скасоўвалі права “мёртвай рукі”, фіксавалі ўмовы сялянскага выхаду. У 1423 – 1428 гг. Статуты былі перакладзены на заходнерускую мову, што добра адлюстроўвае іх распаўсюджванне на падуладныя Польшчы землі Русі.

У 1492 г. памёр кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Казімір, яго доўгае праўленне, што стала цэлай эпохай у гісторыі гэтых краін, скончылася. Старэйшы з яго трынаццаці дзяцей Уладзіслаў на той час ужо быў каралём Чэхіі (1471 – 1516) і Венгрыі (Уласла ІІ; 1490 – 1516), а другі сын – Св.Казімір (1458 – 1484) – ужо памёр. Таму новым каралём Польскім стаў трэці сын Казіміра Ян І Ольбрахт (1492 – 1501). Аднак шляхта ВКЛ не пажадала абраць яго сваім гаспадаром, і Вялікім князем стаў чацвёрты сын Казіміра Аляксандр (1492 – 1506). Унія зноў часова была парушана.

Найбольш значнай падзеяй у сэнсе пашырэння праў шляхты падчас адносна нядоўгага праўлення Яна І Ольбрахта стала выданне Пётркоўскага статуту 1496 г., прынятага Сеймам у г. Пётркуў-Трыбунальскі [27, с.237]. Гэты статут, што таксама пашыраўся і на землі Русі, яшчэ больш павялічваў правы шляхты і абмяжоўваў правы мяшчан і сялян. Згодна з дакументам, заканадаўча афармлялася замацаванне сяляніна да зямлі феадала: у вёсцы правам выхада мог скарыстацца толькі адзін сялянін – валодальнік зямлі, а з яго сям’і – толькі адзін сын. Феадал мог шукаць беглага сяляніна неабмежаваны тэрмін. Акрамя гэтага, шляхта вызвалялася ад мыты на ўвоз замежных тавараў і вываз сельскагаспадарчай прадукцыі, атрымлівала выключнае права прапінацыі. Мяшчане больш не маглі валодаць шляхецкай зямлёю, а значыць, і пераходзіць у шляхецкі стан, што наносіла ўдар эканамічнай самастойнасці польскіх і украінскіх гарадоў.

Ян І Ольбрахт памёр у 1501 г. на 43-ім годзе жыцця і не пакінуў дзяцей. Гэта было скарыстана польскай шляхтай, каб узнавіць унію з ВКЛ, і новым каралём быў абраны Вялікі князь Аляксандр (1501 – 1506). Фактычна традыцыяй ужо стала тое, што новы манарх надаваў шляце новыя прывілеі. Аднак Аляксандр для супрацьстаяння колам сярэдняй і дробнай шляхты вырашыў заручыцца падтрымкай магнатаў, і пры ўступленні на трон 25 кастрычніка 1501 г. у Мельніку-Падляскім выдаў ім прывілей. Згодна Мельніцкаму прывілею [24, с.241], сенатары атрымлівалі законнае права не падпарадкоўвацца каралю пры парушэнні апошнім заканадаўства і такім чынам бралі каралеўскую ўладу пад свой кантроль. Аднак узмацненне ўлады магнатаў выклікала моцнае незадавальненне шляхты, якая зноў здолела перамагчы ў гэтай барацьбе, дамогшыся ад караля выдання Радамскай кантытуцыі.

У 1505 г. Сейм у Радаме выдаў зацверджаную каралём Аляксандрам Ягелончыкам пастанову (канстытуцыю), што больш вядома па першым словам яе назвы – “Nihil novi” (“Нічога новага”). Поўная ж яе назва – “Nihil novi nisi commune consensu” (“Нічога новага без усеагульнай згоды”) – мае біблейскую адсылку – “Sub sole nihil novi est” (“Няма нічога новага пад сонцам”, Эклезіяст). Згодна з дадзеным законам [22, с.250], каралю забаранялася выдаваць новыя законы без згоды шляхты, за выключэннем некаторых малазначных пытанняў. У Сейме замацоўвалася існаванне двух палат – Сената, дзе былі пажыццёва прадстаўлены магнаты, і Пасольскай ізбы, дзе засядалі выбраныя кожны раз прадстаўнікі шляхты. Крыху пазней на карысць шляхты была таксама прынятая пастанова, што наогул забараняла сялянскі выхад, і гэтым канчаткова замацоўвала прыгоннае права.

Радамская канстытуцыя 1505 г. фактычна заканадаўча завяршыла працэс фарміравання ў Польшчы “шляхецкай дэмакратыі”, пачатак чаму быў пакладзены Нешаўскімі статутамі 1454 г. З цягам часу палажэнні Радамскай канстытуцыі будуць тлумачыцца як прынцып “liberum veto” (“свабоднае вета”), што паспрыяе ператварэнню “дэмакратыі” у шляхецкую анархію. З часоў жа прыняцця закону “Nihil novi” Польская Карона ўсё часцей стала называцца Рэч Паспалітая (Rzeczpospolita), што увасходзіць да лацінскага “res publika” - “агульная справа”. Так Польшча, застаўшыся манархіяй, стала шляхецкай рэспублікай.

Такім чынам, у другой палове ХV – пачатку ХVІ стст. у Польшчы назіраецца працэс узмацнення ролі шляхты, што атрымала выключныя правы ў палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці дзяржавы і, з іншага боку, –абмяжаванні правоў мяшчан і сялян. Актыўна адбываліся працэсы запрыгоньвання сялянства. Прычына гэтаму – не толькі пашырэнне правоў і вольнасцяў шляхты, але і павелічэнне попыту на збожжа ў Заходняй Еўропе. Захоп туркамі-асманамі Візантыі, якая з’яўлялася галоўным экспарцёрам збожжа, палітычныя крызісы і кліматычныя катаклізмы ў Заходняй Еўропе зрабілі вастрабаваным збожжа з усходнееўрапейскіх краін, а значыць, моцна павялічыўся яго кошт. У гэтых умовах для феадалаў стала важнай пераарыентацыя сваіх маёнткаў на вытворчасць збожжа для экспарту. Гэта неабходнасць пацягнула за сабою, напэўна, першы значны крок для пераходу ад экстэнсіўнай сельскай гаспадаркі да інтэнсіўнай. Для гэтага ствараліся фальваркі – маёнткі, чыя прадукцыя ішла на продаж. Стала неабходнай пастаянная праца сяляніна на зямлі, што прыводзіла да запрыгоньвання сялян і іх перавода з чынша на паншчыну [38, с.251]. Ідэя фальварка, што прыйшла ў Польшчу з Германіі праз Сілезію, хутка распаўсюдзілася і ва украінскіх валоданнях Кароны, апярэджваючы тыя ж працэсы ў ВКЛ. Але далёка не заўсёды гаспадарка развівалася толькі інтэнсіўным шляхам. Нярэдка мелі месца так зв. ругі – высяленні сялян на дрэнныя, неасвоеныя землі з уключэннем былых сялянскіх земляў у склад шляхецкіх фальваркаў. Гэтыя працэсы ў агульным адпавядаюць падобным працэсам у Заходняй Еўропе, можна ўспомніць хаця б англійскія агароджванні [38, с.252]. Ва ўмовах існавання на землях Заходняй Украіны даволі вялікай колькаці пустуючых земляў фальваркі ствараліся і за кошт іх засваення.

Паспяховае эканамічнае развіццё паўднёва-усходніх тэрыторый Польшчы было магчыма толькі пры захаванні тут адноснага спакою. Аднак менавіта з поўдня ішла пагроза з боку мусульманскіх дзяржаў – Асманскай імперыі і Крымскага ханства. Яшчэ ў 1494 г. гаспадар Малдовы Стэфан заключыў саюз з каралём Казімірам. Ян І Ольбрахт задумаў правесці вялікі паход супраць Порты, але, калі ў 1497 г. ён увайшоў у Малдову, Стэфан перайшоў на бок Асманскай імперыі, прызнаў сябе яе васалам і разбіў польскае войска у Букавінскіх лясах. Далейшыя адносіны Кароны з Малдовай былі напружаныя: малдаване і крымчакі не раз рабілі набегі на паўднёвыя тэрыторыі Польшчы. Ужо падчас каранавання Жыгімонта І Старога (1506 – 1548) малдаўскія войскі з падтрымкай Турцыі на чале з ваяводам Пятром Рарашам колькасцю ў 20 тысяч чалавек былі разбіты ў 1531 г. у бітве пад Абертынам шасцітысячным атрадам гетмана Яна Тарноўскага. У 1538 г. быў заключаны мір, да Польшчы вярнулася Пакуцце, і далейшыя адносіны з Малдовай былі больш спакойныя [38, с.235].

Адносіны з Крымскім ханствам, адным з аскепкаў Залатой Арды, у Кароны спачатку былі саюзнымі: менавіта з дапамогаю Казіміра Ягелончыка першы крымскі хан Хаджы-Гірэй здабыў дзяржаўную незалежнасць. Аднак саюз Кароны і ВКЛ з Крымскім ханствам скончыў існаванне пры наступным хане Менглі-Гірэі І (1466 – 1514), які перайшоў на бок Масквы і здзейсніў разбуральны паход 1474 г. на Галічыну і Падолле, новы буйны напад крымчакоў адбыўся ў 1501 г. Напады ж татар на землі ВКЛ былі яшчэ больш частымі.

Небяспека з поўдню прымусіла польскія ўлады стварыць памежную варту, што складалася з наёмнікаў. [24, с.478] На чале яе быў пастаўлены першы гетман Каронны Мікалай Камянецкі. У выпадку неабходнасці акрамя гэтага прадугледжвалася скліканне народнага апалчэння. Шэраг мерапрыемстваў па ўзмацненню паўднёвых межаў і павелічэння атрадаў памежнай варты былі праведзены і пазней – 1520-х- 1530-х гг. каралём Жыгімонтам І Старым.

Насельніцтва украінскіх земляў, што ўвайшлі ў склад Польшчы, сутыкнуліся з неабходнасцю існавання ў новай дзяржаве і моцна адчула на сабе ўплывы з боку заходняга каталіцкага свету. Асабліва ж моцна гэтыя працэсы паўплывалі на стан украінскай шляхты і паклалі адбітак не толькі на яе палітычны і сацыяльна-эканамічны стан, але і на яе светапогляд. Большасць украінскай шляхты, меўшая праваслаўныя карані, была далучана да сеймікавання і іншых “залатых шляхецкіх вольнасцяў”, многія шляхцічы перайшлі ў каталіцызм. Шляхцічы пачалі гаварыць па-польску (хоць “руская” мова па-ранейшаму ўжывалася на афіцыйным узроўні), атрымала распаўсюджванне і лацінская мова. Выхадцамі з украінскіх земляў быў і шэраг названых намі вышэй гуманістаў-стваральнікаў новалацінскай паэзіі. “Шляхтич “латиньский ” чи “латинізований”?” назвала адзін з раздзелаў сваёй кнігі “Паралельний світ. Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI-XVII ст.” Наталія Якавенка [53, с.117].

У гэтых умовах адбываецца эвалюцыя шляхецкай самасвядомасці, калі тыповы мясцовы шляхціч, з аднаго боку, лічыў сябе русінам, а з іншага – бачыў сябе натуральнай часткай польскага шляхецкага народу з яго шырокімі правамі і вольнасцямі. “Рускага племя польскай нацыі” (“…”), – назваў такі тып шляхціча украінскі публіцыст Станіслаў Арыхоўскі-Раксалан (1513 – 1566), які з’яўляўся адным з ідэолагаў “залатых шляхецкіх вольнасцяў” і нават накіраваў ліст з праектам пераўтварэнняў у дзяржаве ў гэтым накірунку да караля Жыгімонта ІІ Аўгуста [8]. Такім чынам, можна сказаць, што своеасаблівы русінскі патрыятызм спалучаўся ў свядомасці шляхты з поўным прыняццем польскага дзяржаўна-палітычнага ладу.


Украінскія землі, што на працягу ХІV –ХV стст. паступова трапілі ў склад Польскай Кароны – Галічына, Падолле і Брацлаўшчына, – сталі з цягам часу значнай часткай гэтай дзяржавы як у палітычным, так і сацыяльна-эканамічным сэнсах. Можна вылучыць некалькі агульных асноўных тэндэнцый, характэрных для гэтых земляў на працягу ХV – першай паловы ХVІ стст. Першая – гэта скасаванне рэшткаў аўтаноміі ў выніку цэнтралізатарскай палітыкі польскіх улад, пасля чаго на украінскіх валоданнях Кароны былі створаны Рускае, Падольскае і Бэлзскае ваяводствы. Другая – далучэнне украінскай шляхты да палітычнага жыцця Польшчы, распаўсюджанне на яе “залатых шляхецкіх вольнасцяў”. Актыўнае развіццё “шляхецкай дэмакратыі”, такім чынам, не абыйшло бокам і украінскія землі. Яшчэ адзін аспект гэтых працэсаў – абмежаванне правоў мяшчан і запрыгоньванне сялян, што было натуральным наступствам пашырэння вольнасцяў шляхты.

Распаўсюджванне каталіцтва, уплывы з боку Захаду і далучанасць да польскіх сацыяльна-палітычных інстытутаў вялі ў рэшце рэшт да зменаў у культуры і нават самой свядомасці шляхты, дзе мясцовы патрыятызм ужываўся з прыхільнасцю да польскага грамадскага і дзяржаўнага ладу.




следующая страница >>