velikol.ru
  1 2 3 4
^ ГЛАВА ІІІ.

УЗМАЦНЕННЕ МАСКОЎСКАГА ФАКТАРА

Ў ГІСТАРЫЧНЫМ ЛЁСЕ УКРАІНЫ


ХV – ХVІ стст. сталі часам інтэнсіфікацыі палітычных адносін між Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якія характарызаваліся пастаянным суперніцтвам між гэтымі краінамі. Ва ўмовах, калі Маскоўская дзяржава пачала тэрытарыяльную экспансію на захад, між абедзвюма дзяржавамі толькі за прыкладна стагоддзе з 80-х гг. ХV ст. да 80-х гг. ХVІ ст. адбылося шэсць войнаў, не гаворачы пра дробныя ўзброеныя сутычкі. Пры гэтым немалаважную ролю адыгрывала тое, што суперніцтва гэтае адбывалася не толькі ў ваенна-палітычным, але і ідэалагічным рэчышчы. Украінскія землі не проста адчувалі на сабе ўплыў гэтых працэсаў, а часта аказваліся ў іх цэнтры. Разгледзім падрабязней палітычныя і ідэалагічныя прычыны суперніцтва Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ і яе экспансіі на захад у сярэдзіне ХV-сярэдзіне ХVІ стст.

Маскоўскае княства, некалі адно з невялікіх залежных ад Залатой Арды, рускіх княстваў у ХV ст. перажывала пад’ём. Вынікам цэнтралізатарскай палітыкі маскоўскіх князёў стаў працэс паступовага далучэння да Масквы суседніх княстваў, што вядомы ў расійскай гісторыяграфіі як “збіранне земляў”. Імпэт да гэтага быў нададзены і перамогай у феадальных войнах 1430-х – 1440-х гг. цэнтральнай улады ў асобе Васіля ІІ Цёмнага (1425 – 1462 з перапынкамі), якога чатыры разы скідалі з трона, але які ўсё ж змог адолець сваіх родзічаў-феадалаў і зацвердзіцца пры ўладзе. Старое суперніцтва між ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай працягнулася і ў час праўлення Васіля ІІ, але пры ім яно не набывала яшчэ асабліва вострых формаў і канцэнтравалася вакол барацьбы за Смаленск і падтрымкі Масквой кандыдата на трон ВКЛ князя Міхаіла Жыгімонтавіча (сына Жыгімонта Кейстутавіча). Пытанні гэтыя вырашыліся на карысць ВКЛ: намеснік Смаленска Юрый Лугвенавіч, які падняў у 1440 г. пры ўступленні Казіміра на трон мяцеж, збег у Маскву, а Васіль ІІ з цягам часу адмовіўся ад падтрымкі князя Міхаіла і заключыў мір з Вільняй. Але ў час праўлення сына і спадчынніка Васіля ІІ Вялікага князя Івана ІІІ (1462 – 1505), які яшчэ пры жыцці бацькі быў яго суправіцелем, сітуацыя моцна змянілася.

Падчас свайго ўзвышэння і далучэння ўсё большай колькасці земляў Вялікае княства Маскоўскае стала прэзентаваць сябе як збіральнік земляў Русі і абаронца праваславія. Праблема была ў тым, што суседняя буйная дзяржава ВКЛ таксама лічыла сябе дзяржавай Русі, афіцыйны тытул гаспадара гучаў як “Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі”. Акрамя гэтага, значная частка насельніцтва Вялікага княства была праваслаўнай, больш за гэта, у Кіеве знаходзіўся афіцыйны цэнтр старажытнай праваслаўнай мітраполіі. Мы ўжо распавядалі вышэй, як суперніцтва між дзяржавамі прывяло да расколу праваслаўнай мітраполіі і стварэння ў 1458 г. асобнай мітраполіі Кіеўскай, Галіцкай і ўсёй Русі для ВКЛ, а таксама абвяшчэння ў канцы праўлення Васіля ІІ у 1462 г. аўтакефаліі мітраполіі Маскоўскай і ўсёй Русі. Паказальна, што ў тытулатурах кіраўнікоў абедзвюх краін утрымліваюцца відавочныя прэтэнзіі на “усю Русь”.

Маскоўская дзяржава, якая прэтэндавала на ўсе землі Русі, у рэальнасці гэтымі землямі раней ніколі не валодала, бо ўзнікла ў ХІІІ ст. як невялікі ўдзел Уладзімірскага княства. У гэтых умовах у Вялікім княстве Маскоўскім была выпрацавана экспансіўная ідэалагічная канцэпцыя, што павінна была абгрунтаваць прэтэнзіі Масквы на лідэрства на землях Русі і, больш таго, – ва ўсім праваслаўным свеце. Такая канцэпцыя была створана, і на працягу стагоддзяў знаходзілася ў цэнтры афіцыйнай палітыкі Рускай дзяржавы. Яе ж зараджэнне адносіцца да часу праўлення Івана ІІІ.

Пры Іване ІІІ Маскоўская дзяржава сапраўды зведала шмат поспехаў. Да Масквы былі далучаны Вялікі Ноўгарад, Цвер, Разань і інш. землі, якія доўгі час з’яўляліся супернікамі Масквы. Значныя поспехі былі дасягнуты і ў адносінах ардынскай палітыкі. Іван ІІІ спачатку перастаў плаціць даніну хану Ахмеду ІІ, а потым “стаяннем на Угры” наогул спыніў татарскае ўладаранне над Масквой. Вялікую ролю ў складанні афіцыйнай ідэалогіі Мвскоўскай дзяржавы адыграла заключэнне ў 1472 г. шлюбу Івана ІІІ і Соф’і Палеолаг.

У 1453 г. Асманская імперыя захапіла Канстанцінопаль і, знясіленая доўгімі гадамі барацьбы, Візантыйская імперыя перастала існаваць, а яе апошні імператар Канстанцін ХІ Палеолаг (1449 - 1453) пакутніцкі загінуў на мурах сваёй сталіцы. А ў 1460 г. туркі заваявалі і апошні аскепак некалі магутнай Візантыі – Марэйскі дэспатат. Дэспат Фама (1449 – 1460), родны брат імператараў Канстанціна ХІ і Іаана VІІІ (1425 – 1448), разам з сям’ёй выехаў у Рым. Нагадаем, што яшчэ раней Візантыйская імперыя прыняла Фларэнтыйскую унію і вызнала вярхоны духоўны аўтарытэт Папы Рымскага.

У 1472 г. між Іванам ІІІ і дачкою дэспата Фамы Зояй (Соф’яй) быў заключаны шлюб (першая жонка Івана ІІІ, дачка князя Цвярскога Барыса, Марыя, да таго часу ўжо памерла). Для маскоўскіх уладароў шлюбы з прадстаўніцамі замежных дынастый да таго часу не былі характэрны, але Івану ІІІ ён быў неабходны для абгрунтавання адмысловай “пераемнасці” ад Візантыі. Рым жа спадзяваўся прывесці Вялікага князя Маскоўскага праз шлюб да уніі, а значыць, распаўсюдзіць на Маскву свой уплыў.

Іван ІІІ выдатна скарыстаўся тымі ідэалагічнымі магчымасцямі, якія давала сваяцтва з прадстаўнікамі некалі ўладарнай візантыйскай дынастыі Палеолагаў. Масква стала бачыцца з пункту гледжання яе афіцыйнай ідэалогіі пераемніцай Візантыі як найбуйнейшай праваслаўнай дзяржавы. У падцвярджэнне гэтага Іван ІІІ прыняў ў якасці герба залаты двухгаловы арол на чырвоным полі – сімвал Візантыі і дынастыі Палеолагаў. Першы вядомы нам выпадак выкарыстання яго ІванамІІІ – на пячатцы 1497 г. Сімвал гэты ўзыходзіць да старыжытнарымскай эмблемы – арла, які з падзелам Рмскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю атрымаў дзве галавы і стаў адлюстроўваць адначасова і падзел, і адзінства імперыі. Потым ён замацаваўся ў Візантыйскай імперыі, а з цягам часу – і ў якасці герба Свяшчэннай Рымскай імперыі. Двухгаловы арол, які і зараз з’яўляецца гербом Расіі, тым не менш не выціснуў іншы старажытны маскоўскі сімвал – выяву Св. Георгія на кані, што перамагае змея, які потым стаў лічыцца гербом г. Масквы.

Узвышэнне Масквы адлюстравалася і ў тытулатуры Івана ІІІ, які прыняў тытул Вялікі князь Маскоўскі і ўсёй Русі. Першае вядомае зараз прыгадванне дадзенага тытулу адносіцца да 1485 г. Яшчэ адным тытулам, які прыняў маскоўскі ўладар, стаў “самадзержац”, што з’яўляецца калькай ад грэцкага “аўтакратар” (αυτοκράτορ). Адметна таксама тое, што ў дыпламатычнай перапісцы Іван ІІІ і яго сын Васіль ІІІ пачынаюць ужываць тытул “цар” ці “кесар”, што ўзыходзіць да рымскага “цэзар” (caesar), хоць афіцыйна такога тытула яны яшчэ не прымалі. Акрамя агульнага ўзвышэння Масквы і “пераемнасці” ад Візантыі на карыстанне такім тытулам паўплываў той факт, што Масква пазбавілася ад татарскай залежнасці, бо раней царом (у сэнсе, вярхоўным кіраўніком) мог лічыцца хутчэй не Вялікі князь, а хан Залатой Арды.

Канчатковае афармленне ідэалагічная канцэпцыя Маскоўскай дзяржавы атрымала ў час праўлення Васіля ІІІ (1505 – 1533) – сына Івана ІІІ і Соф’і Палеолаг. Цікава, што ў палацавах інтрыгах перамог і заняў трон менавіта Васіль ІІІ, які праз маці мог лічыць сябе нашчадкам візантыйскіх імператараў.

У гады праўлення Васіля ІІІ аформілася канцэпцыя, якая вядома пад назвай “Масква – Трэці Рым”. Яе сутнасць у тым, што пасля сканчэння існавання Рымскай імперыі, першай хрысціянскай дзяржавы, цэнтрам хрысціянства стаў праваслаўны Канстанцінопаль – Другі Рым. Рым як цэнтр каталіцкага касцёла не ўлічваўся, бо ён адпаў у “лацінскую ерась”. І, ў рэшце рэшт, калі мусульмане захапілі Канстанцінопаль, пальма першынства ў хрысціянскім свеце перайшла да Масквы – Трэцяга Рыму, уладары якой былі сваякамі рымскіх імператараў. Лічыцца, што першыя матывы гэтай канцэпцыі былі сфармуляваны ў працы мітрапаліта Маскоўскага Засімы “Выкладанне Пасхаліі” 1492 г., дзе ён параўноўвае Маскву з Канстанцінопалем і падкрэслівае боскую сутнасць улады маскоўскіх князёў. Але ў аформленым выглядзе гэтая канцэпцыя з’явілася ў двух пасланнях старца Ялізарава манастыра Філафея, які ў канцы 1523 – пачатку 1524 гг. накіраваў адно з іх да дзяка Міхаіла Місюры-Муніхіна, а другое – да Васіля ІІІ. У лісце да Васіля ІІІ Філафей пісаў: “единъ ты во всей поднебесной христианам царь”. Паказальныя таксама такія словы паслання Філафея: “яко два Рима падоша, а третий стоит, а четвертому не бывати”.

Прывядзем таксама яшчэ дзве легенды, што выкарыстоўваліся для абгрунтавання афіцыйнай маскоўскай ідэалогіі. Згодна першай, імператар Візантыі Канстанцін ІХ Манамах, які правіў у ХІ ст., перадаў Вялікаму князю Кіеўскаму Уладзіміру ІІ царскі вянец, так званую шапку Манамаха ў знак вызнання моцы і аўтарытэту апошняга. Потым ёю каранаваліся маскоўскія ўладары. На самой справе гэтая легенда не адпавядае рэчаіснасці, а шапка Манамаха была створана зусім не па грэцкім, а па татарскім узорам. У адпаведнасці з другой легендай, імператар Рыма Канстанцін Вялікі пабараваў Папе Сільвестру белы клобук – знак вышэйшай духоўнай улады, які Рымскія Папы потым з-за асэнсавння сваёй нявартасці такога знака перадалі яго Патрыярхам Канстанцінопаля. А ад іх ужо белы клобук папаў да мітрапалітаў Маскоўскіх. Пры абсалютнай гістарычнай непраўдзівасці ідэалагічная накіраванасць гэтых легенд відавочна.

Масква ўзяла на ўзброенне моцную ідэалагічную канцэпцыю, але зразумела, што ні ВКЛ, ні іншыя краіны не збіраліся яе прызнаваць. Але Масква была гатова дзейнічаць вайсковым шляхам – у моцна цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржаве Вялікі князь, які меў фактычна абсалютную ўладу, мог выставіць шматлікае войска для экспасіі на заходнія і паўднёвыя землі Русі – сучасныя Беларусь і Украіну. Аднак нярэдкімі былі і спробы дзейнічаць чужымі рукамі. Летам 1482 г., пасля абяцання Івана ІІІ дапамагчы яму ў барацьбе з Вялікай Ардой і атрымаўшы ад яго грошы, крымскі хан Менглі І Гірэй (1427 – 1466), былы саюзнік ВКЛ, здзейсніў самы разбуральны пасля ХІІІ ст. паход на Украіну. 1 верасня татары ўварваліся ў Кіеў і зрабілі там страшэнны пагром. Разрабаваўшы Кіеў і навакольныя землі, захапіўшы ў рабства мноства людзей, татары вярнуліся назад, а іх хан у знак прызнальнасці Івану ІІІ адправіў яму іканастас, залатую чашу і дыскас са Св. Сафіі.

Адной з першых востра паўстала і праблема памежных тэрыторый. Да апошніх мы можам аднесці Смаленскую, Ноўгарад-Северскую землі, а таксама Вярхоўскія княствы. Вярхоўскія княствы – шэраг дробных княстваў і валоданняў у вярхоўях Акі, такія, як Варатынскае, Адоеўскае, Вярэйска-Белазёрскае, Тарускае княствы, што да ХІІІ ст. належалі да Чарнігаўскага княства, потым былі ў залежнасці ад Бранскага княства, а з уваходжаннем іх у склад ВКЛ сталі фактычна самастойнымі. Але рэальнай незалежнасці яны не мелі, бо ў сілу сваёй слабасці былі вымушаны пападаць у залежнасць то да ВКЛ, то да Масквы. З 1486 г. між ВКЛ і Масковіяй пачасціліся памежныя канфлікты. А ў 1492 г. пачалася сапраўдная вайна, што вядома як Памежная ці Першая (у ХV ст.) вайна. Асноўныя баявыя дзеянні не праходзілі на тэрыторыі Украіны, аднак Масква і татары здзейснілі некалькі супольных паходаў на Кіеўшчыну, Падолле, Валынь і Чарнігаўшчыну, сярод якіх найбольш буйным быў паход 1493 г. на Кіеўшчыну. У лютым 1494 г. быў заключаны “Вечны мір”, па якому большая частка Вярхоўскіх княстваў адыходзіла да Масквы. Акрамя гэтага, Літва прызнавала ўваходжанне ў склад Маскоўскай дзяржавы Вялікага Ноўгарада, Пскова, Цвяры і Разані – былых саюзнікаў ВКЛ, якім яно так і не здолела дапамагчы. З іншага боку, Масква адмаўлялася ад прэтэнзій на Смаленск і Бранск. Для замацавання міра быў заключаны шлюб паміж Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам і дачкою Івана ІІІ Аленай [8], якая па ўмовам пагаднення засталася праваслаўнай. Але меры гэтыя не далі станоўчых вынікаў, ды і Вялікая княгіня Алена, якая пастаянна знаходзілася пад ціскам двух бакоў, ніколі не карысталася папулярнасцю ў ВКЛ.

Адной з галоўных праблем памежных тэрыторый быў так званы “выхад” князёў, калі ўладныя князі са сваімі валоданнямі на памежжы пераходзілі ад ВКЛ на бок Масквы. Так, яшчэ ў 1487 – 1493 гг. да Масквы “выйшлі” князі Варатынскія, Бялеўскія, Вяземскія, Мярэцкія. У канцы ХV ст. на бок Масквы пераходзяць таксама князі Сямён Бельскі, Сямён і Іван Мажайскія. Адным з найбольш адчувальных для ВКЛ быў пераход на бок Масквы ў 1500 г. князя Ноўгарад-Северскага Васіля Шамякіна. Яшчэ ў 1454 г. князем у Ноўгарадзе-Севескім быў пасаджаны бацька Васіля – Іван Шамякін, сын былога Вялікага князя Маскоўскага і князя Наўгародскага Дзмітрыя Шамякі, які з’яўляўся адным з галоўных ворагаў Васіля ІІ. Ад рэпрэсій ў Маскве Іван Шамякін збег у ВКЛ, а зараз яго сын перабег назад. Трэба сказаць, што такім жа быў лёс і многіх іншых князёў-перабежчыкаў, што добра адлюстроўвае нестабільнасць у памежным рэгіёне. У якасці прыклада двухбаковага характара “выхада князёў” можна прывесці таксама выезд з Масквы ў ВКЛ князя Васіля Вярэйскага, валодальніка Вярэйска-Белазёрскага княства, разам з жонкай Марыяй, роднай сястрой Соф’і Палеолаг.

З мэтай вяртання страчаных земляў у 1500 г. ВКЛ пачало новую вайну супраць Вялікага княства Маскоўскага. Але гэтая Другая вайна была для ВКЛ няўдалай, і па мірнаму дагавору 1503 г. Вільня была вымушана прызнаць пераход да Масквы значных тэрыторый – былі страчаны Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Старадуб і Гомель разам з іх землямі. Гэта былі адчувальныя для ВКЛ страты, упершыню ў гісторыі да Маскоўскай дзяржавы адыйшла значная частка украінскіх земляў. Новадалучаныя да Масквы тэрыторыі былі хутка залішаныя ўсялякай аўтаноміі, той жа самы князь Васіль Шамякін быў рэпрэсаваны ў 1523г.

У 1507 г. Сойм ВКЛ прыняў рашэнне пра вяртанне страчаных раней земляў. Пасля таго, як Масква не прыняла ультыматуму ВКЛ, у красавіку 1507 г. пачалася наступная вайна. Маскоўскія войскі зрабілі напад на тэрыторыі Бедарусі, аднак у кастрычніку-лістападзе 1507 г. пад ціскам войска ВКЛ адыйшлі назад. У той жа час татары Менглі І Гірэя, якія абяцалі ВКЛ зрабіць напад на занятыя раней Расіяй Чарнігаў і Пуціўль, не зрабілі гэтага, тым не менш, войскі ВКЛ на гэтым этапе і так нядрэнна справіліся са сваімі задачамі. Другі этап гэтай вайна шчыльна звязаны з мецяжом Міхаіла Глінскага, які быў падтрыманы маскоўскімі войскамі, пра што мы распавядалі вышэй. Тут жа адмецім толькі, што ў жніўні 1508г. гетман найвышэйшы К. Астрожскі і М. Фірлей зрабілі выправу на Северскую зямлю, а князь С. Кішка захапіў Дарагабуш і Таропец, аднак поспеху развіць яны не змаглі і пад ударамі атрадаў Васіля ІІІ адыйшлі ў межы ВКЛ. 19 верасня 1508 г. быў падпісаны “Вечны мір”, згодна якому замацоўваўся статус-кво: між ВКЛ і Масковіяй захоўвалася мяжа 1503 г.

Чацвёртая з канца ХV ст. вайна пачалася ў 1512 г. і працягвалася да 1522г. Асноўныя падзеі гэтай вайны адбываліся вакол Смаленска, таму яна яшчэ вядома як Смаленская вайна. Масква мела планы шырокай экспансіі на тэрыторыю ВКЛ і смагла заняць Смаленск. Аднак экспансія Масквы была спынена перамогай войска ВКЛ на чале з гетманам найвышэшым князем Канстанцінам Астрожскім у Аршанскай бітве 1514 г., якая стала адным з найбольш бліскучых поспехаў зброі ВКЛ у гэтай вайне. Сярод падзей, якія адбываліся ва Украіне, прыгадаем паход атрадаў ВКЛ на чале з А. Дашкевічам і А. Неміровічам пры падтрымцы крымскіх татар на Северскую зямлю. Аднак у ліпені 1519 г. войска новага хана Мехмеда І Гірэя (1515 – 1523), які зноў перайшоў на бок Масквы, разрабавала Кіеўшчыну і Валынь. Скончылася вайна ў 1522 г. перамір’ем на 5 гадоў. Смаленская зямля да ХVІІ ст. засталася ў складзе Маскоўскай дзяржавы. Аднак трэба прызнаць усё ж пэўныя поспехі ВКЛ: маскоўскія планы шырокай экспансіі на захад не былі поўнасцю рэалізаваны, у ВКЛ застаўся і вялікі маскоўскі палон.

У 1533 г. пасля смерці Васіля ІІІ на трон Масковіі ўступіў яго чатырохгадовы сын Іван ІV (1533 - 1584), рэгентам стала маці новага гаспадара Алена Глінская (сястра Міхаіла Глінскага). ВКЛ, скарыстаўшыся сітуацыяй палацавых канфліктаў у Маскве, патрабавала вяртання страчаных з часоў Іван ІІІ тэрыторый. Калі ж Масква адмовілася выканаць ультыматум, між дзяржавамі пачаўся новы ўзброены канфлікт, вядомы як Старадубская вайна (1534 – 1537). У жніўні 1534 г. вялікі гетман ВКЛ Юрый Радзівіл і князь Іерэмія Вішнявецкі зрабілі выправу на Смаленск, але не змаглі здабыць яго. У гэты ж час князь А. Неміровіч узяў у аблогу Старадуб, Чарнігаў і Почап, аднак заняў толькі Радагошч. Новая буйная выправа ў Северскую землю адбылася пасля злучэння літоўскага і кароннага войскаў у канцы мая 1535 г. пад Рэчыцай. 16 ліпеня войскі ўступілі ў Гомель, жыхары якога самі адкрылі брамы, затым былі занятыя Почап і Радагошч. Пасля месяцовай аблогі 29 жніўня быў узяты Старадуб. Аднак з-за новага контрудара Масквы і пачатка вайны Польшчы з Малдовай войскі ВКЛ былі вымушаны хутка пакінуць Севершчыну, але захавалі Гомель. На сканчэнне вайны паўплывала і тое, што татары, якія ў пачатку вайны не змаглі дапамагчы ВКЛ, у рэшце рэшт пачалі вайну з Масковіяй. Гэтаму паспрыяла заключэнне пагаднення між Жыгімонтам Старым і чарговым ханам Сахібам І Гірэям (1532 – 1550).

На перамовах, якія павінны былі скончыць вайну, ВКЛ патрабавала вяртання ўсёй Северскай зямлі, разбурэння новых памежных замкаў – Себежа, Завалочча і Веліжа – і выставіла прэтэнзіі на Ноўгарад і Пскоў. Масква ж патрабавала Кіеў, Полацк, а таксама прапаноўвала абмен усіх палонных. Вільня пагаджалася аддаць усіх палонных за Чарнігаў, аднак маскоўскі бок не прыняў гэтыя прапановы. У рэшце рэшт у лютым 1537 г. было заключана пяцігадовае перамір’е на кампрамісных умовах: Гомель з яго зямлёй заставаўся ў складзе ВКЛ, Себеж і Завалочча перадаваліся Маскве, астатняя мяжа засталася нязменнай. Пагадненне прадугледжвала мір у памежным рэгіёне і свабоду гандлю.

У праўленне Івана ІV Жахлівага афіцыйная ідэалогія Маскоўскай дзяржавы працягнула сваю эвалюцыю. У 1547 г. акружэннем маладога Вялікага князя было ініцыявана прыняцце ім тытула цара. Гэты тытул мелі яшчэ продкі Івана ІV - Іван ІІІ і Васіль ІІІ, але не атрымалі яго афіцыйна, як мы ўжо зазначалі. Урачыстая цырымонія каранацыі цара адбылася ва Успенскім саборы Масквы, падчас чаго мітрапаліт Макарый (адзін з галоўных ініцыятараў прыняцця Іванам царскага тытулу) усклаў на галаву цара шапку Манамаха, якой потым каранаваліся ўсе маскоўскія цары да Пятра І. Прыняцце Вялікім князем Маскоўскім тытула цара як нельга лепш адлюстроўвае канцэпцыю Масква – Трэці Рым: маскоўскі ўладар уяўляўся як бы пераемнікам гэтага тытулу ад Візантыі і Рымскай імперыі.

Далейшае праўленне Івана ІV было насычаным крывавымі падзеямі як унутры Маскоўскай дзяржавы, так і ў яе знешняй палітыцы. У 1565 г. цар распачаў апрычніну, у ходзе якой у Маскоўскім царстве былі забіты тысячы людзей і спустошаны вялізныя тэрыторыі. Нездзіўляльна, што і ў сваёй краіне, і далёка за яе межамі Іван ІV атрымаў мянушку Жахлівы ці Грозны.

Адной з галоўных знешнепалітычных задач, што стаялі перад Іванам ІV, была неабходнасць выхада да Балтыйскага мора, што абумовіла пачатак вайны Маскоўскага царства з Лівонскай канфедэрацыяй – аслабелым нашчадкам Лівонскага Ордэна. Перад тварам маскоўскай пагрозы супраць Івана ІV выступілі ВКЛ, Швецыя і Данія, што перарасло ў цяжкую і працяглую Інфлянцкую (Лівонскую) вайну, якая пачалася ў 1558 і скончылася аж у 1583 г. Баявыя дзеянні падчас гэтай вайны не адбываліся на тэрыторыі Украіны, таму мы не будзем спыняцца на іх падрабязна. Зазначым толькі, што вайна, якая несла вялікія людскія і матэрыяльныя страты для ВКЛ, стала адной з прычын, што прывялі да заключэння Люблінскай уніі 1569 г. між ВКЛ і Польскай Каронай. Маскоўская экспансія на захад надалей не толькі працягнулася, але і ўзмацнілася. Зазначым яшчэ, што сярод яе метадаў быў не толькі ваенны. Яшчэ Васіль ІІІ, а потым Іван ІV для сябе і сваіх сыноў – Івана і Фёдара – разглядалі перспектыву быць абранымі на трон ВКЛ, а пры магчымасці, – і Польшчы. Тым не менш, ні адзін з гэтых праектаў не быў рэалізаваны. Прычынай гэтаму было і існаванне апрычніны часоў Івана ІV Жахлівага, што зусім не спрыяла яго папулярнасці ў якасці кандыдата на трон ВКЛ. Нягледзячы на тое, што ініцыятыва падчас войнаў канца ХV – ХVІ стст. усё больш стала пераходзіць на бок Масквы, такое становішча спраў яшчэ не было стабільным: Іван ІV праіграе Лівонскую вайну, у пачатку ХVІІ ст. на некаторы час будуць вернутыя Смаленск, Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі. Тым не менш, экспансія жорстка цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы на украінскія і беларускія землі ў ХVІІ ст. толькі ўзмацніцца.


Узмацненне ў ХV стст. Маскоўскай дзяржавы прывяло да пачатку яе экспансіі на захад з мэтай “збірання” земляў Русі. З мэтай абгрунтавання апошняга ў Маскве была распрацавана ідэалагічная канцэпцыя, што прыняла з часоў Васіля ІІІ назву “Масква – Трэці Рым”. Тут інтарэсы Масквы жорстка сутыкнуліся з інтарэсамі ВКЛ, якое даўно прэтэндавала на вядучую ролю ў збіранні земляў Русі і называла сябе Вялікім княствам Рускім. У канцы ХV – другой палове ХVІ стст. між Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай адбыўся цэлы шэраг войнаў, у выніку чаго ВКЛ страціла частку усходнеукраінскіх земляў, аднак далейшая маскоўская экспансія была часова спынена. Наступным узброеныя сутыкненнем ВКЛ і Маскоўскага царства стала Інфлянцкая вайна, што адбілася і на гістарычным лёсе украінскіх земляў, стаўшы адной з прычын заключэння Люблінскай уніі.


^ ГЛАВА ІV.

ЛЮБЛІНСКАЯ УНІЯ І УКРАІНА:

ГІСТАРЫЧНЫ СЭНС І НАСТУПСТВЫ


Нягледзячяы на цэлы шэраг уній, якія былі заключаны між Польскай Каронай і Вялікім княствам Літоўскім, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., ВКЛ і Карона ў сярэдзіне ХVІ ст. яшчэ заставаліся па сутнасці асобнымі дзяржавамі. Яны мелі адзінага манарха, усё больш набліжаліся іх палітычныя мадэлі і становішча шляхты. Аднак канчатковага аб’яднання двух краін на правах уніі не адбывалася. Палякі даўно імкнуліся да дасягнення сваёй мэты – распаўсюджвання свайго ўплыву на Вялікае княства, знаходзіла гэтая ідэя сваіх прыхільнікаў і ў ВКЛ. Аднак большасць магнатаў і вышэйшых ураднікаў ВКЛ імкнуліся захаваць самастойнасць сваёй дзяржавы. Адзінаму манарху ж ў гэтых умовах прыходзілася пастаянна лавіраваць як між інтарэсамі двух дзяржаў, так і між інтарэсамі розных станаў. Вялікую ролю ў гэтай сітуацыі адыграла пазіцыя шляхты Вялікага княства. Спачатку вельмі абмежаваная ў правах у параўнанні з магнатамі, яна ўсё больш імкнулася да пашырэння сваіх правоў, што магло даць далучэнне да “залатых шляхецкіх вольнасцеў” Польшчы. Мы ўжо распавядалі пра зараджэнне руху за экзекуцыю правоў, які ў другой палове ХVІ ст. працягваў шырыцца. Шляхта атрымала ад гаспадара цэлы шэраг прывілеяў, што павялічвалі яе правы і вольнасці, аднак поўнасцю імкненне да “шляхецкай дэмакратыі” задаволена не было.

У сярэдзіне ХVІ ст. экзекуцыйны рух аб’ядноўваў ужо шырокія колы шляхты. Яго прыхільнікі выступалі за верхавенства закону, які тлумчылі ў духе роўнасці ўсяго шляхецкага стану. Шляхта патрабавала ўсталявання ці “аднаўлення” гэтага закону ва ўсім Вялікім княстве і гарантый непасягальнасці на свае правы манархам, урадам і магнатамі. Шляхецкі стан такім чынам выступаў за выкананне ці выпраўленне законаў, адсюль – і экзекуцыя правоў. Імкненне да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў” павінна было быць рэалізаваным праз уніфікацыю прававога стану ўсіх земляў, што знаходзіліся пад уладай дынастыі Ягелонаў і прававога становішча шляхты, што пражывала на іх. Гэтага можна было дасягнуць толькі праз шчыльную унію ВКЛ з Польскай Каронай. Патрабаванне уніфікацыі правоў, дарэчы, ахоплівала не толькі ВКЛ, але і Каралеўскую Прусію, якая лічылася патрыманальным даменам караля.

Сярод іншых патрабаванняў “экзекутараў” было раўнамернае размеркаванне дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў па ўсёй манархіі, вяртанне каронных земляў – каралеўшчын, што ўжо былі закладзеныя ці падараваныя прыватным асобам. Гэтыя меры павінны былі папоўніць скарбніцу і пайсці ў першую чаргу на вайсковыя патрэбы. Таксама ў рэчышчы абмежавання ўплыву магнатаў патрабавалася забараніць сумяшчэнне адной асобай некалькіх дзяржаўных пасад. Наступны блок патрабаванняў быў звязаны з імкненнем абмежаваць прывілеі Касцёла: павялічыць падаткі для духавенства (духавенства і шляхта плацілі роўныя падаткі, такім чынам, пасля павелічэння духавенства плаціла б большыя за шляхту падаткі), забараніць каралеўскім ураднікам прыводзіць у выкананне прыгаворы царкоўных судоў, а таксама дазволіць свабодны адыход ад каталіцызму. Усё гэта неабходна разумець у катэксце распаўсюджвання ў Польшчы і ВКЛ рэфармацыі, што выклікала, безумоўна, жорсткую адмоўную рэакцыю сярод каталіцкіх колаў магнатаў і духавенства.

Цэлым шэрагам прывілеяў розных гаспадароў і сеймавых пастаноў шляхта ВКЛ атрымала да сярэдзіны ХVІ ст. правы і вольнасці, якія набліжалі яе становішча да становішча польскай шляхты. Аднак экзекуцыйны рух як у ВКЛ, так і ў Польшчы працягваў нарастаць. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Аўгуст спачатку выступіў як праціўнік экзекуцыі правоў. Манарх імкнуўся захаваць ВКЛ таксама, як і Каралеўскую Прусію, спадчынным валоданнем Ягелонаў з патрыманальным ладам, мэтай чаго служыла забеспячэнне моцнай каралеўскай улады ў супрацьвагу росту магутнасці шляхты. Кароль вырашыў зрабіць стаўку на магнатаў, для якіх таксама быў небяспечным экзекуцыйны рух, што пагражаў іх палітычнаму і эканамічнаму ўплыву. Прыклады спробы адстойваць манархам свае інтарэсы сумесна з магнатамі існавалі і да гэтага, напрыклад, кароль Аляксандр Мельніцкім прывілеем 1501 г. узняў ролю магнатаў у дзяржаўным кіраванні, але ўжо ў 1505г. Радамскай канстытуцыяй пад ціскам шляхты ён быў вымушаны значна пашырыць яе правы. Як некалі і Аляксандр, Жыгімонт Аўгуст з цягам часу быў змушаны саступіць шляхце. Ціск высокароднага стану на Жыгімонта Аўгуста пачаўся яшчэ да 1548 г., успомнім хаця б спробы ўздзеяння на манарха пасля яго шлюбу з Барбарай Радзівіл. Але канфлікт між Жыгімонтам Аўгустам і шляхецкім станам тычыўся, канешне, значна больш шырокіх палітычных праблем і на працягу яго праўлення ціск шляхты працягваў узмацняцца.

Апошняе слова ў стаўленні караля да экзекуцыйнага руху сказала вайна. У 1558 г. пачаліся ваенныя дзеянні з Іванам ІV. Інфлянцкая вайна стала найбольш буйным і цяжкім узброенным канфліктам між ВКЛ і Маскоўская дзяржавай у ХVІ ст., што патрабаваў затрат вялікіх рэсурсаў. Маскоўскія войскі прасоўваліся ўсё далей, у 1563 г. паў Полацк. Вайсковыя дзеянні патрабавалі павелічэння падаткаў, што было магчыма толькі з сеймавага дазволу шляхты. А шляхта адмаўлялася зацвердзіць новыя падаткі без далучэння караля да экзекуцыі правоў. Шляхецкія сходы (напрыклад, з’езд пад Віцебскам у 1562 г.) патрабавалі аб’яднання намаганняў з Польшчай для экзекуцыі і вядзення баявых дзеянняў. У рэшце рэшт кароль вырашыў далучыцца да шляхецкага руху і правесці “экзекуцыю правоў”.

На сеймах 1562 – 1569 гг. у Кароне і ВКЛ пры падтрымцы Жыгімонта Аўгуста быў праведзены цэлы шэраг рэформаў дзяржаўнага ладу. Былі скасаваны незаконныя залогі і падараванні каралеўскіх валоданняў, для падліку прыбыткаў з іх – створаны спецыяльныя камісіі. Прыбыткі ад каралеўскіх валоданняў падзяляліся на тры няроўныя часткі: пятая частка давалася арэндатару, тры чацвёртых паступалі ў каралеўскую скарбніцу. Адна чацвёртая чатка (кварта) – перадавалася ў квартавую скарбніцу, якая была створана спецыяльна для выдаткаў на абарону паўднёва-усходняй мяжы. Новы закон, хоць і не адмяняў поўнасцю, але рабіў значныя перашкоды для заняцця адной асобай некалькіх пасад, судовыя чыноўнікі і старасты павінны былі зараз пражываць там, дзе неслі сваю службу. Шэраг саступкаў шляхце быў зроблены і ў пытанні касцёльных правоў. Падаткамі былі абкладзеныя прыбыткі духавенства з дзесяцін (такім чынам, цяжар подацяў сялян у касцёльных валоданнях быў зменшаны аж у два разы), старасты больш не былі абавязаны выконваць выракі царкоўных судоў. Аднак суцэльная рэформа судоў праведзена не была.

У ВКЛ шэрагам прывілеяў правы шляхты да другой паловы ХVІ ст. былі ўжо ў значнай ступені набліжаны да польскіх, як мы ўжо зазначалі вышэй. Прывілеем Вялікага князя 1563 г. праваслаўныя феадалы былі ўраўнаваны ў правах з каталіцкімі. Аднак ідэя далучэння да польскіх вольнасцяў сярод шляхты ВКЛ, у тым ліку, сярод украінскай, працягвала заставацца вельмі папулярнай. У выніку ўсё большую папулярнасць сярод шляхецкіх колаў набывала і ідэя уніі з Польшчай. Цяжкая Інфлянцкая вайна паставіла ВКЛ перад неабходнасцю шукаць шляхі выйсця са складанай знешнепалітычнай сітуацыі. Маскоўская экспансія пагражала не толькі непасрэдным захопам новых тэрыторый: выхад Маскоўскага царства да Балтыйскага мора мог ператварыць гэтую дзяржаву ў моцнага канкурэнта Польшчы і ВКЛ у гандлю з Заходняй Еўропай. Каб лепш уявіць значэнне гэтай пагрозы, прыгадаем, што Карона і ВКЛ, эканоміка якіх перажывала ў той час пад’ём, былі галоўнымі экспарцёрамі ў заходнееўрапейскія краіны збожжа, лесу, смалы і інш. тавараў. Рэальную дапамогу ў супраціўленні маскоўскай экспанссіі ў гэтых умовах магла аказаць Польшча. Усё гэта гаварыла на карысць уніі, прыхільнікам якой зрабіўся і кароль. Імкненне да уніі выказвала і частка магнатаў ВКЛ, хоць у большасці сваёй менавіта яны заставаліся галоўнымі праціўнікамі экзекуцыі правоў і уніі, з’яўляліся пры гэтым праваднікамі ідэі захавання дзяржаўнай самастойнасці Вялікага каняства.

10 студзеня 1569 г. у польскім Любліне пачаўся скліканы каралём супольны Сойм станаў Польскай Кароны і Вялікага княства Літоўскага. Сойм гэты працягваўся 6 месяцаў і стаў значнай падзеяй у гісторыі ўсіх народаў Кароны і ВКЛ. З самага пачатку пасяджэння Сойма высветлілася існаванне моцных рознагалоссяў па пытанню уніі між польскай і літоўскай дэлегацыямі. Палякі настойвалі на ўключэнні ВКЛ у склад Кароны. Гэта дасягнула б рэалізацыі даўніх планаў Польшчы пра інкарпарацыю ВКЛ, што мела вялізныя землі, прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі і гандлю. Дэлегацыя ВКЛ, у першую чаргу, магнаты, у асноўным не выступалі супраць уніі наогул, але лічылі неабходным стварэнне федэрацыі Польшчы і ВКЛ, дзе Вялікае княства заставалася сувярэннай дзяржавай. Прадстаўнікі ВКЛ пры гэтым дапускалі магчымасць дастаткова шчыльнага саюза, пры якім сумеснымі станавіліся некаторыя дзяржаўныя інстытуты, напрыклад, сейм. Гэты праект, дарэчы, у агульным супадаў з планам уніі Жыгімонта Аўгуста, які ён прадставіў у дэкларацыі 1564 г.

Перамовы між бакамі насілі дастаткова востры характар. З самага пачатку на працягу некалькіх тыдняў дэлегацыя ВКЛ засядала асобна ад польскай. У рэшце рэшт, незадаволеныя перавагай на перамовах польскіх умоў, магнаты ВКЛ на чале з князем Крыстафам Радзівілам (кальвініст) і князем Канстанцінам Астрожскім (прваслаўны) у ноч на 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін. Аднак у прыхільнікаў уніі быў моцны аргумент: на Люблінскім сойме было абвешчана пра адарванне ад ВКЛ і далучэнне да Польшчы Валынскага і Падляскага ваяводстваў, на што быў выдадзены адпаведны каралеўскі універсал. Ціск шляхты, няўдачы ў Інфлянцкай вайне прымусілі апазіцыйных магнатаў вярнуцца да перамоваў. 28 мая яны прынеслі прысягу Польшчы, пасля чаго было абвешчана пра выхад са складу ВКЛ і далучэнне да Кароны Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў. Такім чынам, усе вялізныя украінскія землі, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства, перадаваліся Кароне. Гэты факт патрабуе тлумачэння.

Польшча, як і ВКЛ, на момант заключэння уніі з’яўляліся ўжо, па сутнасці, саслоўна-прадстаўнічымі манархіямі. Мясцовыя сеймікі мелі вялікую вагу ў вырашэнні фактычна ўсіх спраў на месцах, а вальныя сеймы – агульна-дзяржаўных спраў. Далучэнне вялікіх украінскіх тэрыторый – ад Заходняга Буга да Данца з захаду на ўсход і ад Прыпяці да Паўднёвага Буга і Днястра з поўначы на поўдзнь – было б немагчымым без згоды мясцовай шляхты. Украінскія магнаты, калі б справа залежала ад іх, не падтрымалі б далучэння да Польшчы, менавіта яны і пакінулі Люблін у пратэст польскім умовам уніі. Аднак палякі змаглі перацягнуць на свой бок большасць украінскай шляхты, якая, нягледзячы на розніцу ў веравызнанні, была гатова далучыцца да Польшчы, каб атрымаць яе “залатыя вольнасці”. З-за роўнасці ўсіх прадстаўнікоў высокароднага стану пры сеймікаванні магнатэрыя, якая на сейміках была ў меншасці, нічога на змагла зрабіць з галасамі шляхецкай большасці. Такім чынам, украінская шляхта ў большасці сваёй не толькі падтрымала, але і санкцыянавала на сейміках далучэннне украінскіх земляў да Польшчы. У выніку ў сакавіку-чэрвені 1569 г. Валынь, Падолле, Кіеўшчына і Падляшша (тэрыторыя на заходнім памежжы ВКЛ і Польшчы з цэнтрам у Драгічыне) сталі часткай Польскай Кароны, а ВКЛ залішылася значнай часткі сваіх тэрыторый з іх вялікімі чалавечымі рэсурсамі, багатымі землямі і гандлёвымі шляхамі.

Пасля вяртання дэлегацыі ВКЛ у Люблін перамовы працягнуліся. 28 чэрвеня 1569 г. была падпісана унія. У рэшце рэшт, 1 ліпеня 1569 г. паслы на Сейм ад Польшчы і ВКЛ падпісалі канчатковы акт уніі, гэты дзень і лічыцца афіцыйнай датай яе заключэння. Далейшае абмеркаванне пытанняў уніі працягвалася да закрыцця пасяджэнняў Сейма 12 жніўня 1569 г.

У выніку Люблінскай уніі Польская Карона і Вялікае княства Літоўскае аб’ядноўваліся ў адну федэратыўную дзяржаву. Паказальна, што дзяржава гэтая атрымала назву Рэч Паспалітая Абодвух Народаў: “агульная справа” польскага “народу шляхецкага” распаўсюдзілася і на шляхту ВКЛ. У Акце Люблінскай уніі гаворыцца: “З гэтага часу абедзве дзяржавы ўяўляюць сабой адно непадзельнае цэлае, а таксама адну агульную Рэч Паспалітую, у якой абодва гаспадары і абодва народы ўз’ядналіся ў адзіны народ і адзіную дзяржаву”. На чале дзяржавы стаяў агульны манарх, што выбіраўся на Сойме і меў тытул “Кароль Польскі, Вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жмуцкі, Кіеўскі, Валынскі, Падляшскі і Інфлянцкі”. Замест асобных соймаў Польшчы і ВКЛ уводзіўся агульны Сойм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польскай Кароны (потым было дазволена і правядзенне Сойма ў ВКЛ – у Гродне). Роля вальных Соймаў і мясцовых соймікаў у жыцці краіны была надзвычай вялікай: Рэч Паспалітая, безумоўна, з’яўлялася парламенцкай дзяржавай. Агульным стаў і Сенат, што складаўся з вышэйшых свецкіх і духоўных ураднікаў. Супольнымі з’яўляліся знешняя палітыка і абавязак сумеснай абароны межаў. Важным момантам быў дазвол палякам валодаць маёнткамі ў ВКЛ, а падданым Вялікага княства – у польшчы. Аднак пры гэтым Польшча і ВКЛ захаваліся як асобныя дзяржавы са сваімі ўласнымі заканадаўствам, адміністрацыйным і судовым апаратам, войскам. Разгледзім падрабязней, што ж уяўлялі сабой украінскія землі пасля заключэння Люблінскай уніі і ўтварэння дзяржавы “абодвух народаў”.

Пасля Люблінскай уніі большая частка украінскіх земляў апынулася ў складзе Польшчы. На новадалучаных да Польшчы тэрыторыях былі ўтвораны тры ваяводствы: Валынскае, Брацлаўскае і Кіеўскае. Агульная ж колькасць украінскіх ваяводстваў дасягнула шасці. Усе яны ўваходзілі ў склад Правінцыі Малая Польшча. Дадзім кароткую характарыстыку гэтым ваяводствам па іх стану ў ХVІ ст.

Пачнем з тэрыторый, што ўжо даўно знаходзіліся ў складзе Польшчы. Рускае (Галіцкае) ваяводства з цэнтрам у Львове мела плошчу ў 45 км.кв. і насельніцтва 446 тыс. чалавек. Партыкулярны сеймік збіраўся у Судовай Вішні. У Хелме знаходзіўся асобны сеймік для Хэлмскай зямлі. Падольскае ваяводства з цэнтрам і сеймікам у Камянцы-Падольскім мела 19 км.кв. і 98 тыс. чалавек. Самым малым па плошчы было Бэлзскае ваяводства – прыкладна 8900 км кв. Сеймік тут засядаў у цэнтры ваяводства – Бэлзе.

Сярод новадалучаных да Польшчы тэрыторый Валынскае ваяводства з цэнтрам у Луцку мела плошчу ў 42 км.кв. і насельніцтва 294 тыс. чалавек. Партыкулярны сеймік збіраўся ў Луцку. Брацлаўскае ваяводства з цэнтрам у Брацлаве і сеймікам у Вінніцы займала тэрыторыю ў 35 км.кв., там пражывала 311 тыс. чалавек. Самым вялікім па плошчы было Кіеўскае ваяводства, што займала 117 км.кв. Аднак па насельніцтву Кіеўскае ваяводства з яго 234 тыс. жыхароў значна саступала адносна невялікаму, але густа заселенаму Галіцкаму ваяводству. Партыкулярны сеймік Кіеўскага ваяводства збіраўся ў Жытоміры. Непасрэднае дачыненне да гісторыі Украіны мае таксама Падляшскае ваяводства. Яго цэнтр знаходзіўся ў Дарагічыне-Надбужскім, плошча складала прыкладна 10 км кв., а насельніцтва – 233 тыс. чалавек. У Падляшшы збіралася аж 4 сеймікі – у Дарагічыне, Мельніку і Браньску. Пасля вяртання ў пачатку ХVІІ ст. у склад Рэчы Паспалітай Чарнігаўшчыны і Севершчыны на гэтых тэрыторыях было ўтворна яшчэ Чарнігаўскае ваяводства. Такім чынам, мы можам бачыць, што ваяводствы, якія знаходзіліся на захадзе Украіны, пры адносна невялікім памеры мелі шматлікае насельніцтва, што сведчыць пра іх эканамічнае развіццё і урбанізацыю, па гэтых паказчыках яны набліжаліся да ваяводстваў на тэрыторыі ўласна Польшчы. Ваяводствы ж на новадалучаных землях пры даволі вялікай тэрыторыі мелі значна меншую колькасць жыхароў і шчыльнасць насельніцтва. Яскравы прыклад тут – вялізнае па памеру Кіеўскае ваяводства, якое ўключала ў сябе і землі Дзікага Поля.

Польскія ўлады добра разумелі, што далучэнне украінскіх земляў з іх праваслаўным насельніцтвам немагчыма без пэўных гарантый захавання іх веры і культурнага становішча. Таму прыхільнасць украінскай шляхты да уніі Жыгімонт Аўгуст падмацаваў выданнем асобна для кожнай з новадалучаных земляў спецыяльнага прывілея, у якім абавязваўся захоўваць свабоднае веравызнанне праваслаўных, ужыванне “рускай” мовы, ў афіцыйных дакументах, гарантаваліся, безумоўна, і ўсе ранейшыя правы католікаў. У прававым становішчы новадалучаныя землі і іх насельніцтва ўраўноўваліся з кароннымі. Цікава, што Валынь. Кіеўшчына, Брацлаўшчына і Падляшша, як афіцыйна лічылася ў гэтых прывілеях, не проста далучаліся, а “вярталіся” да Польскай Кароны. Так, напрыклад, пісалася: “Кіеў быў і ёсць галоўны горад Рускай зямлі, а ўся Руская зямля з даўніх часоў у ліку іншых цудоўных частак далучана была ранейшымі польскімі каралямі да кароны Польскай”. Афіцыйна лічылася, што гэтыя тэрыторыі былі адасоблены ад Польшчы толькі ў часы Уладзіслава Ягайлы, бо ён супольна кіраваў і Каронай, і ВКЛ. Такім чынам, яскравае падцверджанне ў дакументах таго часу атрымлівае польская ідэалагічная канцэпцыя збірання земляў Русі. Так у ХVІ ст. сутыкнуліся ў барацьбе за землі Русі інтарэсы трох дзяржаў – Польшчы, ВКЛ і Маскоўскага царства. Калі ж казаць пра украінскія землі, пры ўліку таго, што ВКЛ пасля Люблінскай уніі было выключана з барацьбы за іх збіранне, то надалей тут будзе суіснаваць жорсткае супрацьстаянне двух краін, якія ўпершыню ў сваёй гісторыі сталі суседнімі – Польскай Кароны і Маскоўскай дзяржавы.

Пасля заключэння Люблінскай уніі украінская шляхта ў рэшце дасягнула сваёй мэты – атрымала поўнае раўнаправіе з шляхтай Польшчы і далучылася да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў” і “шляхецкай дэмакратыі”. Магнатэрыя ва ўмовах дзеяння польскіх парадкаў была вымушана ў значнай ступені саступіць шляхце, прызнаўшы ў выніку прававую роўнасць з ёю. Натуральна, што многія магнаты былі незадаволеныя такім станам рэчаў, даўжэй за ўсіх супраць уніі выступалі князі К.Астрожскі, А.Чартарыйскі, К.Вішнявецкі і Б.Карэцкі. Аднак і яны не маглі доўга супрацьстаяць волі шляхты і ўрада, які выступіў на яе баку, і ў рэшце рэшт былі вымушаны згадзіцца на унію, атрымаўшы гарантыі захавання сваіх правоў і веры. Пры гэтым трэба зазначыць, магнаты перасталі мець аўтаматычны доступ у агульнадзяржаўны Сенат Польскай Кароны, бо па польскай сістэме ён складаўся не з прадстаўнікоў буйной знаці, а з вышэйшых ураднікаў. Такім чынам, у Сенат маглі мець доступ толькі ваяводы і кашталяны. Гэта дало развіццё працэсу, які пачаўся яшчэ, калі землі Украіны ўваходзілі ў склад ВКЛ: будучы значна абмежаванымі ва ўдзеле ў дзяржаўным кіраванні на вышэйшым узроўні, магнаты сталі фактычнымі ўладарамі на месцах. Магнатам належалі найвялікшыя зямельныя латыфундыі, яны мелі на службе ўласныя ўзброеныя атрады, што маглі не саступаць па памерах сапраўднаму войску. Гэтыя атрады, якія ўтрымліваліся за кошт магнатаў, звычайна не сустракалі непаразуменняў з боку ўрада, бо былі для яго значна больш танным сродкам аховы паўднёвых межаў, чым стварэнне вялікіх наёмных войскаў. Так, адзін з найбуйнешых магнатаў князь Канстанцін Астрожскі пры неабходнасці мог выставіць войска з 15-20 тыс. ваяроў з ліку сваёй кліянтэлы, зямян-леннікаў, калі трэба, – наёмнікаў. У гэты ж час агульная колькасць пастаяннага наёмнага войска, створанага напярэдадні уніі 1569 г. для аховы памежжаў, складала толькі 2-6 тыс. У сваіх латыфундыях князі мелі фактычна абсалютную ўладу, а калі гэтыя тэрыторыі знаходзіліся дзе-небудзь на “землях далёкіх”, то і кантроль цэнтру тут часта быў вельмі слабым. Прыгадаем хаця б так званае “Задняпрўскае княства” князёў Вішнявецкіх на землях Левабярэжнай Украіны з цэнтрам у Лубнах. Нярэдка на службу да мясцовых князёў паступалі і “вольныя людзі”, што сяліліся ў Запарожжы і Дзікіім Полі. Яскравы прыклад – адзін з першых “правадыроў” казакоў князь Дзмітрый Вішнявецкі.

Якую ж ролю адыгрывалі украінскія землі ў Рэчы Паспалітай і якую ролю адыграла Люблінская унія ў гісторыі самой Украіны? Украінскія землі складалі па памеру значную частку Рэчы Паспалітай (фактычна ўвесь яе поўдзень), а іх насельніцтва – прыкладна 28% (каля 2 млн.) ад усяго насельніцтва гэтай краіны. Калі ж улічыць, што значная частка земляў Украіны, пры дастаткова невысокай шчыльнасці насельніцтва, яшчэ не была ўключана ў сельскагаспадарчы зварот, то тэрыторыі гэтыя з іх вялікімі прыроднымі рэсурсамі неслі ў сабе вялікі эканамічны патэнцыял. Пры гэтым трэба зазначыць, што само ўключэнне украінскіх земляў у склад Польскай Кароны было заснавана на шэрагу кампрамісаў. Стаўшы адмысловай платай ВКЛ за падтрымку Польшчы і захаванне сваёй дзяржаўнасці ў складзе Рэспублікі Абодвух Народаў, інкарпарацыя Украіны Каронай, з аднаго боку, задавальняла імкненне украінскай шляхты да “залатых шляхецкіх вольнасцяў”, што супадала з даўнім курсам польскавй дзяржавы на экспансію на ўсход. З іншага боку, мясцовае насельніцтва атрымлівала гарантыі захавання сваіх веры, мовы, юрыдычнага права, заснаванага на Статуце ВКЛ. Таму для большай часткі насельніцтва, якая знаходзілася па-за межамі палітычных баталій вышэйшага шляхецкага асяроддзя, іх лад жыцця застаўся ў асноўным нязменным, а пэўныя трансфармацыі ў жыцці грамадства адбываліся паступова. Гэтым, у прыватнасці, Наталія Якавенка тлумачыць фактычна поўную адсутнасць у мясцовых украінскіх летапісах прыгадак пра Люблінскую унію і далучэнне земляў Украіны да Польшчы.

Праблема вызначэння рэальнага становішча украінскіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай, а дакладней, – Польшчы – застаецца спрэчным пытаннем гісторыяграфіі. З афіцыйнага пункту гледжання польскіх улад таго часу далучэнне украінскіх земляў было законным “вяртаннем” гэтых тэрыторый. Натуральным лічаць далучэнне украінскіх земляў і шэраг польскіх гісторыкаў, таких,як О.Галецкі, Л.Калянкоўскі і інш. З іншага боку, існуе меркаванне пра асаблівасць ролі украінскіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай. Наталія Якавенка на падставе захавання ва Украіне ўласных мовы, рэлігіі, права і судаводства вызначае статус украінскіх тэрыторый як фактычную культурна-адміністрацыйную аўтаномію. Украінскі гісторык з канадскім грамадзянствам Арэст Субцельны з пункту гледжання тэрыторый насельніцтва і геапалітычнага становішча называе украінскія землі “асноўнай часткай польска-літоўскай дзяржавы”. Сучасны украінскі даследчык Сяргей Сегеда вынес у назву свайго артыкула пытанне: “Річ Посполіта: держава якіх народів?” [57]. Згодна з яго канцэпцыяй, роля украінскага фактара ў гісторыі Рэчы Паспалітай была надзвычай высокай: Украіна стала не проста ўскраінай, а натуральнай і значнай часткай Рэчы Паспалітай, заняўшы ў яе гісторыі разам з Польшчай і ВКЛ свае пачэснае месца. Пры гэтым афіцыйная назва дзяржавы Рэч Паспалітая Абодвух Народаў можа атрымаць новае тлумачэнне: польскага і украінскага.

Пры ўсёй разнастайнасці меркаванняў нам здаецца найбольш аптымальным, калі так можна сказаць, цэнтрысцкі падыход. Украіна з яе вялікім чалавечым, тэрытарыяльным і эканамічным патэнцыялам сапраўды з’яўлялася ва ўсіх сэнсах значнай часткай Рэчы Паспалітай. Пры ўсёй ступені ўплыву працэсаў каталізацыі і паланізацыі украінскія землі здолелі захаваць сваю самабытнасць, сваю культуру, стаўшы ў Рэчы Паспалітай цэнтрам праваслаўнай веры і праваслаўнай царквы. Вельмі вялікай была роля украінскіх земляў і ў якасці буфера на шляху мусульманскай і маскоўскай экспансій. Аднак пры гэтым украінскія землі, якія не мелі ў складзе Польшчы афіцыйнай аўтаноміі, наўрад ці можна назваць рэальным цэнтрам ці асновай гэтай дзяржавы, нават пры ўсёй іх эканамічнай значнасці.

Для Польшчы, якая яшчэ ў часы Высокага Сярэднявечча пачала сваю экспансію на ўсход, збіранне ў рэшце рэшт пасля Люблінскай уніі амаль усіх земляў Украіны магло выглядаць як рэалізацыя сваёй даўняй мэты. Пра тыя вялікія “плюсы”, у першую чаргу, эканамічныя, якія несла з сабой далучэнне Украіны, мы ўжо казалі. У асаблівым жа выйгрышы аказалася польская шляхта, якая магла зараз у неабмежаванай колькасці набываць землі ва Украіне. Для ВКЛ жа страта украінскіх земляў можа выглядаць амаль як трагедыя: дзяржава залішылася значнай часткі сваёй тэрыторыі. Аднак інкарпарацыя Польшчай украінскіх земляў несла з сабою і іншыя, вельмі значныя, наступствы, што не былі заўважанымі адразу. Далучэнне вялікіх тэрыторый Украіны абвастрыла праблему барацьбы з мусульманскай агрэсіяй з поўдня, а таксама сутыкнула Польшчу з нязнанай раней сур’ёзнай праблемай – маскоўскай экспансіяй на захад, што ў ХVІ ст. усё больш набірала абароты. Праблемы гэтыя на працягу далейшай гісторыі Польшча так і не здолела вырашыць.

Пры ўсёй неадназначнасці сваіх наступстваў далучэнне да Польшчы мела для Украіны і відавочна пазітыўны момант. Украінскія землі амаль поўнасцю аказаліся сабранымі ў межах аднаго дзяржаўна-палітычнага арганізму, што спрыяла збліжэнню культурнага, палітычнага і эканамічнага стану асобных земляў, міграцыйным працэсам між імі, а значыць, і складанню адзінай самасвядомасці яе жыхароў. Гэта тым больш важна, калі ўлічыць, што ва ўмовах, калі “шляхецкая дэмакратыя”, да якой так доўга імкнуліся прадстаўнікі высокароднага стану, ператворыцца ў шляхецкую анархію, а маскоўская экспансія будзе нарастаць, ужо ў ХVІІ ст. Украіна зноў апынецца на доўга падзеленай між дзвюма краінамі – Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай.


Ва ўмовах узрастання імкнення шляхты да польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцяў” і цяжкасцяў Інфлянцкай вайны экзекуцыйны рух атрымаў рашучую перамогу: 1 ліпеня 1569 г. была заключана Люблінская унія, што аб’яднала Польшчу і ВКЛ у федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Супраціўленне магнатаў уніі было пераадолена: універсаламі караля пры падтрымцы большай часткі украінскай шляхты Валынь, Кіеўшчына, Падолле і Падляшша былі адарваныя ад ВКЛ і далучаныя да Польшчы пры гарантыі захавання мясцовых веры, мовы, прававога становішча. Польшча, што аб’яднала большую частку земляў Украіны з іх вялікім чалавечым і эканамічным патэнцыялам, тым не менш, была вымушана сутыкнуцца з праблемай непасрэднай пагрозы з двух бакоў: з поўдня – ад мусульманскіх дзяржаў і з усходу – ад Маскоўскага царства. Пры гэтым аб’яднанне украінскіх земляў у межах адной дзяржавы спрыяла іх кансалідацыі ва ўмовах узрастання маскоўскай экспансіі.



<< предыдущая страница   следующая страница >>