velikol.ru
1

Стылі тэкстаў

Практыкаванне. Прачытайце ўрыўкі з тэкстаў. Вызначце, да якіх стыляў адносіцца кожны з іх; абгрунтуйце сваю думку.

I. Усё таямнічае, незразумелае і загадкавае першабытны чалавек не толькі адухаўляў, але і абагаўляў. Адно з першых месцаў у пантэоне старажытных людзей належала агню, без якога жыццё было б проста немагчымым. Міфы шматлікіх народаў пераканаўча сведчаць, што агонь быў спрадвеку звязаны не толькі з жытлом і агменем, але і з'яўляўся сімвалам роду, племені і жыцця. Гісторыя не ведае ніводнага народа, які на пэўным этапе свайго развіцця не надзяляў бы агонь звышпрыроднымі ўласцівасцямі. Вытокі абагаўлення агню губляюцца дзесьці ў прадонні каменнага веку. (Паводле С. Цярохіна.)

II. Не магу без хвалявання глядзець на жнівеньскія лугі. Шмат у іх нейкай неразгаданай і прыціхлай задуменнасці і красы. Буйныя травы скошаны. На месцы шырокіх пракосаў па ўсёй пойме ракі, наколькі можна ахапіць вокам, узняліся стагі духмянага сенца. I кожны па-свойму адметны. Вось гэты высокі, зграбны, быццам тая статуэтка з бронзы на зялёным аксаміце лугу стаіць. А гэты чамусьці нагадвае стройную маладую дзяўчыну з капрызна падціснутымі вуснамі... (Паводле Р.Ігнаценкі.)

III. Спяшаемся на аўтобус. Каб не спазніцца. Да сына хочам. Пераведаць надумалі. Адзін наш у Гародні, а другі аж у Мінску. Стары казаў: у нядзельку трэба нядзелькаваць, рукам спачыну знайсці. А я разважыла: не, што там нядзелькаваць! Ехаць - не працаваць. Дацягнемся да аўтобуса, а там у Слонім, а там і ў Мінск. Не на сабе ж цягнуць, не на кані пхнуцца дзень і ноч, дзень і ноч. Ды нагатавалі сяго-таго, ды сабралі таго-сяго, ды склалі, дый на вас во натрапілі, дай божачка вам здароўя, што дапамаглі. А сын наш студэнтаў вучыць. Жыве, як той казаў, дай божа ўсім добрым людзям! То чужыя кніжкі чытаў, а гэта сам свае напісаў, людзі іх чытаюць, студэнты вучаць яго кніжкі. Дык завязём. I жонка ёсць, і двое дзетак гадуе - усё гэта ім. I ягады, і з грады агурочкі, і з галінкі памідоры, і кропу, і паляндвіцу, і часныку, і... Як ні ёсць - свае дзеці. Трэба ж. Трэба дапамагчы дзецям. I без нашага абышлося б, дык хочацца ж дапамагчы... (Па-водле Ф.Янкоўскага.)

IV. Дзяржава павінна забяспечыць структурнасць, планамернасць і змест чалавечага жыцця і развіцця канкрэтнай асобы. Дзяржава выступае ў якасці сацыяльнага інстытута, у якім чалавек засвойвае нормы паводзін і дзейнасці, усведамляе свае правы і абавязкі ў адносінах да іншых людзей, уносіць свой уклад у сацыяльнае, эканамічнае, палітычнае, маральнае развіццё грамадства.

Любая дзяржава моцная законамі, агульнымі правіламі, мэтамі, стратэгіяй развіцця, пэўнай ідэалогіяй. Без ідэалогіі дзяржаўнае развіццё ўяўляе сабой спантанны, а падчас і хаатычны працэс. Адсутнасць прапісанай і прадстаўленай пазіцыі краіны не можа не адбіцца на пазіцыі асобы, яе ідэалах, перакананнях, каштоўнасцях, на яе адносінах да ўласнай дзяржавы. (Канцэптуальныя асновы ідэйна-выхаваўчай работы з дзецьмі, вучнямі і студэнтамі.)

V. Зрабіце для сябе, маладыя людзі, абавязковым правілам: кожны дзень, хоць на некалькі мінут, вазьміце ў рукі зборнік народных песень або казак, прыказак або загадак, пагартайце, пачытайце ўважліва, удумліва, нават даўно знаёмае вам, нават тое, што нібыта ведаеце на памяць, прачытайце яшчэ раз - вы абавязкова адкрыеце для сябе нешта вельмі істотнае і каштоўнае - як у сэнсе разумення народнага жыцця, душы народа, так і ў сэнсе разумення сакрэтаў мастацкага майстэрства. Вы напэўна знойдзеце слова, якога вам не хапала, вы ўбачыце, як народ шукае адзіна неабходнае слова, як паварочвае яго, каб яно засвяцілася новымі гранямі і адценнямі сэнсу... (Паводле Ф.Янкоўскага.)