velikol.ru
1

Ты прыйшоў з вайны і гора,

Ты – з малітвы,

Ты з разгневанага бору,

Ты смалісты.

Сто паэтаў цягнуць хорам,

Ты салістам.

Ты нібы святло ў лесе

Ад каліны,

Ты ад самай добрай песні –

Ад Куліны.

П. Панчанка. Паходжанне

майго друга Рыгора Б.

24 лютага спаўняецца 75 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, крытыка, перакладчыка, грамадскага дзеяча Рыгора Барадуліна. Яго імя шмат што значыць у беларускай паэзіі. У графе “прафесія” ён звычайна ставіць “літаратар”. І няхай бы віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна б быў паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс.

Нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін 24 лютага 1935 года ў вёсцы Верасоўка ў сялянскай сям’і. Маці, Куліна Андрэеўна, была звычайнай беларускай сялянкай. Бацька, Іван Рыгоравіч, хадзіў на працу ў мястэчка Ушачы, дзе цяслярыў у райкамунгасе. Калі хлопчыку было чатыры гады, сям’я пераехала ва Ушачы, дзе бацька здолеў збудаваць сваю хату. Вясной 1941 года бацька пасадзіў ля весніц тае хаты кволае дрэўца, малады вяз… Праз некаторы час пачалася вайна, бацька стаў партызанам. Доўгі час Рыгор з маці чакалі бацьку. Аднак так і застаўся невядомым лёс бацькі: не было ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. У памяці сына бацька застаўся мужным і добрым, працавітым і жартаўлівым, чалавекам, які любіў сваю зямлю і працу на ёй. Менавіту яму, ужо будучы паэтам, Рыгор Барадулін прысвяціў свой знакаміты верш “Бацьку”.

Не выйшаў ты і ў гэты раз

Мяне спаткаць, паднесці рэчы…

Ля весніц толькі зноў твой вяз

Крануў галінамі за плечы.


Ты мне не падасі рукі.

Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…

Ці бачыш, вырас сын які?

Скажы хоць слова для прывета.


А я… чакаў з усіх дарог

Цябе ў сорак чацвёртым летам.

Калоны ні адной не мог

Я прапусціць з ахапкам кветак.


Хацелася пачуць: “Сынок…”

І крыкнуць радаснае: “Тата!”

Бацькоўскім быў мне кожны крок…

Усё ішлі, ішлі салдаты…


Каторы раз сыходзіў снег…

Дамоў вярнуліся суседзі.

Я кожнаму насустрач бег

І чуў кароткае:”Прыедзе…”


Калі ў крыўдзе мне сябры

Гразіліся падчас бацькамі,

Тады хацелася наўзрыд

Заплакаць шчырымі слязамі.


Не плакаў я – усім на злосць,

Бо ў хаце быў адзін – мужчына.

Не йшоў ты…

Маці маладосць

Глыбей заворвалі маршчыны.


І зараз – еду я здалёк,

Чакаю ўсё – зайду, а маці

Мне кажа: “Пазнаеш, сынок?

Вось наша ўся сямейка ў хаце…”


Паверыць цяжка мне таму,

Што больш не прыйдзеш ты дадому.

А шапку я заўжды здыму

Перад магілай невядомай.

Пасляваенныя гады ў жыцці Р. Барадуліна былі ў многім тыповымі для пакалення хлапчукоў-“бязбацькавічаў” і іх нястомных працаўніц-матуль, што засталіся ўдовамі. Куліна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай у райспажыўсаюзе, гаспадарыла, а ў вольны час, звычайна начамі, шыла. Яна марыла даць сыну адукацыю, збірала і адкладвала капейку да капейкі.

У 1954 годзе Р. Барадулін паступае ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на факультэт журналістыкі. Тут у адзін час з ім вучыліся цікавыя, адметныя маладыя людзі, будучыя пісьменнікі, “філалагічнае пакаленне”: Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак… Усіх іх аб’ядноўвалі любоў да роднага слова, жаданне кожнага служыць прыгожаму беларускаму пісьменству, Бацькаўшчыне.

У 1959 годзе паэт закончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літаратурным кансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”, пазней у рэдакцыях часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”.

Сапраўднымі падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Свята пчалы” (1975), “Вечалле” (1980), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад мамы” (1996).

Творы Р. Барадуліна вызначаюцца багаццем зрокавых, слыхавых, канкрэтна-пачуццёвых асацыяцый, метафар. Тэма Бацькаўшчыны, асэнсаванне гістарычнага шляху Беларусі, рысы беларускага нацыянальнага характару і іншыя тэмы – усё гэта глыбока і таленавіта асэнсоўваецца ў паэзіі Р. Барадуліна.


Матэрыял раздзела падрыхтаваны Аленай Прасянцовай.