velikol.ru
1

МАЯ РАДАСЛОЎНАЯ

(МАТЭРЫЯЛЫ ДА МЕРАПРЫЕМСТВА)


Высокі род. Разбураны палац

Ці хата, што на тым жа самым месцы

Раз дзесяць будавалася.

Глядзяць

Праз вокны продкі, а жыве там – вецер.

Род.

Кроў яго ўбірае, бы рака,

Дабро і зло, і рысы вызначае,

З якімі сын твой будзе ці дачка

Жыць з ганьбаю, са славай

Ці звычайна.

Не выдумка блакітнае крыві,

А ісціна разумнае істоты

Свой ведаць род, і гонар радавы,

І рушнікі захоўваць, і клейноды.

У свеце адасобленых няма.

І ты – камень у бруку ці ў кароне.

Знайдзі свой герб.

І прадзеда імя

Успомні.


- Я, Ты, Ён, Яна – людзі на планеце Зямля.

Што мы робім?

Жывём!

У прызначаны для нас гістарычны міг дыхаем і думаем, працуем і харчуемся, пазнаём свет і сябе, весялімся і плачам, кахаем і ненавідзім, ваюем і сябруем.

Жывём, як маятнік: туды-сюды, дзень-ноч, галодны-сыты, шчаслівы- гаротны, свой- чужы ...

Стоп! Свой і чужы? Ці правільна, што дзелім людзей на процілеглыя лагеры? Можа адсюль бяруць свое вытокі войны, бойкі, варожасць, падазронасць, ганьба, здзекі?

- Адам і Ева – карані нашага чалавечага дрэва. Такая выснова стукаецца ў сэрца, калі пачынаеш усведамляць: хто я? Калі пачынаеш плесці ланцужок свайго радаводу. Японскія вучоныя даказалі, што ўсе галіны чалавецтва маюць адну прапрародзічку, агульную Маму. Яны жыла каля двухсот тысяч гадоў назад недзе ў Афрыцы. А мы, яе дзеці, жывём у розных краінах і ніяк не можам дамовіцца аб міры і згодзе.

- Адам і Ева – нашы карані.

Корань сілкуе дрэва, дае яму моц. Расце дрэва, множыцца і . . . гіне. Ці па узросту падае, ці ад сякеры дрывасека, ці ад хвароб, ці ад нядбайнасці гаспадароў. А на яго месцы вырастае новы ствол. Жыццё прадаўжаецца!

- У кожнага сямейнага радаводу – сваё дрэва. У яго свае карані, ствол, галіны, лісце, насенне, плады. Ёсць дрэвы – волаты і карлікі, засохлыя і крывыя, кучаравыя і абкарнаныя. Гэтак жа і ў лёсе чалавечым. Ёсць цары і слугі, злачынцы і праведнікі, багатыя і бедныя, набожныя і грэшнікі.

- У кожнага чалавека сваё Я! Непаўторнае! Кожны чалавек – Асоба! Кожнае чалавечае жыццё – Кніга!

Чалавек – гэта цэлая планета!

Не верыце?

- А давайце зараз разам з вамі паспрабуем разгледзець гэтыя планеты. На працягу гэтага месяца мы паспрабавалі скласці кожны сваё радавое дрэва, спазнаць сваю сямейную планету, сваё Я.

Што ў нас атрымалася, вы зараз убачыце! Мы пачынаемпрезентацыю “Мая Радаслоўная”.


ПРЭЗЕНТАЦЫЯ


  • Родавы герб не толькі спадчынны знак. У ім як бы закадзіравана біяграфія сямейнага дрэва. Ён – своеасаблівая мемуарная энцыклапедыя.

  • Першыя гербы займелі рыцары. Шлем, забрала закрывалі твар ваяра. А герб на шчыце вызначаў: хто ён?

  • Пасля гербы выбіралі для сябе больш уплывовыя людзі: князі, магнаты, графы, дваране. Так чарга дайшла і да дробных уладароў зямлі, да панства.

Вакол вядомага роду групаваліся меншыя. Геральдычны знак можна было набыць, атрымаць у спадчыну, як падарунак, узнагароду. Так і здаралася, што адным і тым жа гербам карысталіся розныя сямейныя роды.

  • Складаючы свае родавыя дрэвы, мы даведаліся, што некаторыя нашы фаміліі адносяцца да старажытных беларускіх шляхецкіх родаў, якія карысталіся гербамі. З вынікамі нашых пошукаў мы вас і пазнаёмім.


^ ПРЭЗЕНТАЦЫЯ “МОЙ ГЕРБ”


Значэнне элементаў герба

У кляйноце – шлем і карона.

ШЛЕМ азначае, што радавод гэты ўслаўлены абаронцамі, воінамі, змагарамі за Бацькаўшчыну.

КАРОНА – знак таго, што род пад гэтым гербам знакаміты, старажытны, прызнаны.


(Заключнае слова)

  • Жывуць на Зямлі людзі.

Людзі згуртаваны ў народы.

У кожным чалавеку – сваё Я.

“Я” утрымлівае ядро са спадчыннымі генамі, а ў іх – нашы мінулае, сёняшнее і будучае.

  • Я + я = сям’я.

Сям’я + сям’я = род.

Род + род = народ.

Народ + народ = людзі Зямлі.

  • Дай жа, Бог, каб гэта жывая карусель была вечнай.




  • Памажы, Божа, каб народ не згубіў повязь часоў.




  • Уразумі, Госпадзі, сем’і, што на іх трымаецца род і народ,

Іх слава і моц.


  • Не рабі, Усявышні, чалавека бязродным, які не помніць, не ведае, хто ён, ад каго паходзіць і каму абавязаны сваім жыццём.




  • Хай кожнае чалавечае Я стане вобразам Дабрыні, Розуму і Любові.

Тады і Зямля наша ператворыцца ў планету Шчасця. Тады і мы станем Людзмі. І захочацца нам адзін аднаго называць родзічам.


  • Божа, хай так будзе!